Кусты хутка засталіся ззаду — i перад Логвіным паказаўся зялёны не па восені выган. За ім чарнелася зааранае поле з тоўстымі белымі карэннямі на паверхні — пачыналася суседняя вёска, Міланькі. Справа стаяла ферма, i ад яе тут асабліва было пахка, гразка, ледзь праехаць ці прайсці.
Ля школьнага плота, на скрыжаванні дарог, Логвін убачыў людзей з блізкіх вёсак. Тыя чакалі машыны. Ён прывітаўся з імі, крыху пазайздросціў, што яны могуць часта ездзіць у горад, а ён бывае там раз-два ў паўгода, кожны дзень ад раніцы да цямна не выходзіць з гэтай васьмігодкі.
— Сельская інтэлігенцыя! — хтосьці з маладзейшых пажартаваў яму ўслед.— У ботах!
Логвін не закрыўдаваў. Што ж, усміхнуліся з яго гумовых высокіх ботаў, з доўгага плашча i тоўстай, напакаванай дзіцячымі сшыткамі сумкі, дык няхай i ўсміхаюцца. Ён не азірнуўся нават, сышоў i выцер аб траву боты, вымыў у лужынцы. Увосень ці ўвесну па гэтых дарогах не пройдзеш без гумоўцаў.
На ганку яго сустрэла нізенькая, заўсёды зласнаватая тэхнічка, пабурчала, што нанеслі на калідор дзеці бруду, задалі ёй лішняй работы. Логвін прывітаўся з ёю, сказаў, што няма чаго наракаць, калі такая макрата на дварэ.
Па калідоры бегалі, шумелі дзеці, ганялі карабок, пісягавалі падлогу гумовымі i кірзавымі ботамі, што падсохлі ўжо, пабялелі. Як убачылі яго — пырхнулі, пахаваліся па класах. Стаяў вялікі гоман у пяцікласнікаў: відаць, хлопцы стралялі з гумак, накідвалі паперы ці крэмзалі крэйдаю дошку, а дзяжурныя вучаніцы спрачаліся з імі. Так было ў школе амаль кожны дзень, i Логвін ужо прывык да шуму.
У настаўніцкай дырэктар, стары спрацаваны чалавек, які «дацягваў» апошні год да пенсіі, сядзеў ужо за «сваім» сталом i гартаў «Геаграфію» ; ён даўно ўжо, гэта ведалі ўсе настаўнікі, не піша ніякіх планаў. Пагартае кнігу i ідзе на ўрок. Сселіся на канапе i крэслах у куток i шапталіся маладыя настаўніцы, нават не заўважылі, што зайшоў Логвін; завіхаўся правяраць сшыткі, толькі маўклівым кіўком галавы прывітаўся Пётр Сцяпанавіч (у школе самыя сталыя настаўнікі дырэктар i яго жонка, мовавед Ігнат Карлавіч, матэматык Міхаліна Казіміраўна, фізік Пётр Сцяпанавіч ды крыху ён, Логвін, a астатнія настаўнікі зусім маладыя, толькі год-два таму назад, а то i сёлета закончылі інстытуты. З маладых, лічы, усе — незамужнія дзяўчаты).
Логвін выбраў у цеснай маленькай настаўніцкай вольнае месца i павесіў свой мокры плашч, скінуў цяжкія боты i абуў чыстыя наваксаваныя туфлі, што заўсёды стаяць у школе. Ён пераабуўся, разгладзіў калашыны i адразу ж адчуў сябе памаладзелым.
Ішла перадача па радыё, але ніхто яе не слухаў, чакалі, калі прагучыць шэсць сігналаў — будзе дзевяць гадзін, празвініць званок, i трэба будзе ісці на ўрок, забыцца пра свае асабістыя клопаты, а быць толькі настаўнікам, думаць пра дзяцей, вучыць ix ці правяраць, што яны ведаюць. Да Логвіна, хоць нарэшце заўважылі, дзяўчаты не загаварылі, а ён, не крыўдзячыся, а нават усміхаючыся, прычасаўся, дастаў з макраватай сумкі свае планы, ведаючы, што сёння яму як завучу трэба ісці на першы ўрок у шосты клас. Там не яго асабісты ўрок, a ўрок Пятроўскай, i трэба пабыць на ім.
— Эла Іванаўна, прабачце, — сказаў ён, клічучы маладую настаўніцу, — пакажыце, калі ласка, свой план па беларускай літаратуры.
Эла Іванаўна, маладзенькая, прыгожая, стройненькая дзяўчына, спалохана ўскочыла з канапы, абцягнула на сабе вузенькую чорную спаднічку, якая ўсё роўна не закрывала поўненькія калені. Нядаўна яна, як крыху нехаця пачуў Логвін, расказвала дзяўчатам-сяброўкам (а ix, незамужніх настаўніц, у школе аж пяць) пра Валерыка. Той прыехаў пазаўчора з горада i ў той жа вечар выклікаў яе на двор, «кідаў каменьчыкі ў акно», а яна «наўмысна не спяшалася выходзіць, правярала яго». Эла Іванаўна, нагінаючыся над сваёй сумкай i чырванеючы, доўга перабіраючы кнігі-падручнікі, шукала патрэбны сшытак, нарэшце, здаецца, абмацала яго, яшчэ гусцей пачырванела i вінавата зірнула на Логвіна. Ён адразу ж усё зразумеў — яна сёння не напісала планаў.
—Мікалай Аляксандравіч, — ціха прамовіла яна, — я забылася планы дома.
Сказала — i ёй самой стала сорамна, бо плюскала вачыма i не магла сустрэцца з яго позіркам, раз ад разу гладзіла пачырванелыя шчокі. Дасюль яна, як ні адна настаўніца, заўсёды пісала вялікія добрыя планы.
«Усё-такі дакідаўся той» «разумны, ветлівы» Валерык, доўга пасля пратрымаў на дварэ», — падумаў Логвін, усміхнуўся i пашкадаваў маладую дзяўчыну. Яна прыехала з горада ў вёску, сумуе без хлопцаў, рада кожнаму новаму чалавеку.