Пасля выклікала вучня да дошкі. Невысокі, плячысты хлопчык, мусіць, не прачытаў дома ўсяго, гаварыў вяла i нецікава, увесь час блытаўся. Эла Іванаўна перажывала, што вучань так слаба адказвае на яе пытанне, хвалявалася. Астатнія дзеці сядзелі вялыя (быў панядзелак), пазяхалі, паглядалі ў вокны ці корпаліся ў сваіх сумках.
Логвін сядзеў на самай апошняй парце i не ведаў, як дачакацца канца ўрока. Маляваў у сваім сшытку чорцікаў, кружочкі i часта пазіраў на гадзіннік. Эла Іванаўна, заўважаючы гэта, аднаго за адным паднімала іншых вучняў, прасіла ix адказваць на яе пытанні, хочучы павесці ўрок цікавей. Гаварыла шмат сама, выгаворвалася, хутка зусім разгубілася, выдумляла, абы-чым займала дзяцей, — каб не маўчаць.
Логвін падумаў, што вось так i не шанцуе настаўніку — як ты ні старайся, a ўрок не ўдаецца. То тэма ўрока не зусім цікавая, то дзеці мала стараюцца. Калі адзін на ўроку, дык толькі сабе непрыемна, калі ж яшчэ нехта, завуч, дырэктар ці інспектар, сядзіць на ўроку, дык тады ўдвайне перажыванні. I сабе за няўдачу, i за адчуванне, што нехта будзе думаць, што ты вось такі настаўнік, у цябе вось так заўсёды... Логвін адчуваў, што цяпер на душы ў маладой, яшчэ не спрактыкаванай настаўніцы, паспачуваў ёй; рашыў, што пастараецца пасля, разбіраючы гэты ўрок, не пакрыўдзіць, бо так можна адбіць у яе ахвоту да работы...
Падумаў ён яшчэ, што дзіўная настаўніцкая праца. Нейкая схаваная яна — не раз i самому сабе.
Прыйдзеш з урока — адчуваеш, але добра не ведаеш, што ты зрабіў, што новага ўведалі дзеці. Нагаворышся, наслухаешся, аж галава забаліць. Але сёй-той са старонніх да школы людзей можа яшчэ пажартаваць ці пазайздросціць: хіба цяжка вам працаваць? У цяпле, з малымі дзецьмі, пры добрай плаце! Вось нам...
«У цябе колькі дзяцей?» — пытаўся Логвін пры такіх гутарках.
«Двое», — звычайна адказваў яму субяседнік.
«А ў мяне дзвесце трыццаць, — гаварыў Логвін, — дык каму лягчэй: табе ці мне?»
Гулка празвінеў у цішыні званок.
Логвін падняўся i пайшоў у настаўніцкую. Там Міхаліна Казіміраўна, немаладая ўжо настаўніца, Maцi дваіх дзяцей, цяпер ужо чырвоная, што бурак, расказвала настаўнікам, што Быкоўскі так i не даў ёй весці ўрок, усе сорак хвілін траціла пасля на яго свае нервы — супакойвала, прасіла, пагражала. Такіх вучняў, як думае яна, трэба калі не гнаць са школы, дык хоць атэстаты з двойкамі ім выдаваць, каб пасля ўсюды бачылі, што за чалавек перад імі. Нечага ix прыкрываць троечкамі...
—Мяне злуе, аж не ведаю, што рабіць, — скардзілася Міхаліна Казіміраўна, выціраючы хустачкаю спацелы лоб, — калі ён, гэты Пеця, ужо з пятага класа заяўляе мне ў вочы, што будуць вось так цацкацца з ім усе дзесяць гадоў, прагоняць са школы — пасля будуць прасіць, каб хадзіў, паставяць тройку. Ён ужо, жаўтароты, ведае, што тэхнікумаў ды інстытутаў яму не трэба, а грошай вялікіх, большых, чым у настаўніка, у яго будзе. Ён надакучаў мне: «А колькі вы, Міхаліна Казіміраўна, палучаеце? »
—А можа, не толькі адны грошы вялікія тут вінаватыя, Міхаліна Казіміраўна? — сказаў Логвін.— Можа, яшчэ нешта i іншае прагледжана?
—А што? Вы маладзейшы, у вас больш свежыя веды — адкажыце...— зласнавата сказала Міхаліна Казіміраўна.— А я жыву тут i працую ў гэтай школе пятнаццаць гадоў, ведаю ўсіх, бачу ўсё, але не разбяруся. Закончыць каторы школу — адразу ў горад. Сем-восем гадзін папрацуе, капейку добрую атрымае — i дурэе ў вольны час... Ці не дзіва: вясковыя дзеці абыякавыя да зямлі?!
—Дарагая мая, — усміхнуўся Пётр Сцяпанавіч, любіцель паразважаць i паспрачацца.— Па-першае, рукі трэба i гораду. I шмат маладых, дужых рук. А па-другое, чаму вясковец не павінен падавацца ў горад? Што — ён навечна прывязаны да вёскі, да зямлі, не мае права вучыцца, быць інжынерам, пісьменнікам, мастаком ці рабочым?
Міхаліна Казіміраўна не ўмела глыбока разважаць, ды ўмела спрачацца, дык разгубілася.
—Можа, як вы кажаце, i вясковаму трэба горад, — прамовіла з няўпэўненасцю, — але мяне хвалюе, што вясковыя дзеці адбіваюцца ад зямлі, ад сваіх звычак, нораваў, песень, што ўсё гарадское лічаць лепшым. Мяне хвалюе, што тое, гарадское, не заўсёды самастойнае i вартае. Шмат у ім ад моды, нанесенага, шмат чужога, бездухоўнага. А мы, здаецца, па-добраму не вучым сваіх дзяцей ведаць, адчуваць духоўнае i бездухоўнае, мы болей дбаем пра хлеб, рубель, чым пра душу... Ці не таму ўжо спажывец i наш гэты Пеця? А нельга ж, паверце, нельга пускаць моладзь у жыццё толькі са спажывецкімі інтарэсамі! Такое пакаленне не будзе ведаць i не будзе шанаваць самае вялікае, святое!