—Пра ўсіх дзяцей, якія хочуць ці не хочуць вучыцца, мы думаем у школе, — сказаў Логвін, — а я прыйшоў пагаварыць пра вашага сына, папрасіць, каб вы памаглі нам. А то ён прыходзіць у школу толькі таму, што вы яго адпраўляеце з хаты.
—Не ведаю, браток, што табе параіць, — паціснуў плячыма Быкоўскі, — глядзіце, вучыце вы ўжо самі, стражэйшыя будзьце, усё ж вы настаўнікі, вучоныя людзі. А я падсыплю яму сёння на арэхі.
...Дарога зусім размокла, залілася лужынамі; па-ранейшаму густа сеялася з неба на мокрыя кусты, i ix боязна было крануць; вада хлюпала пад нагамі, пырскалася — і, вяртаючыся дадому, ісці Логвіну было нялёгка. A ўперадзе бачыўся яшчэ вялікі кавалак дарогі.
Выйшла так, што i сёння Логвін забавіўся на рабоце. Прыйшоў дахаты галодны, стомлены, усю доўгую дарогу ад Міланьскай школы да Вішнёўкі думаў пра цёплы пакой, дзе мог бы нарэшце схавацца ад зацяжнога дажджу, скінуць мокрыя боты, плашч, пад'есці, прылегчы i паляжаць у цішыні.
Як ён радаваўся дажджам вясною i летам, так недалюбліваў ix увосень: зацягнецца неба шэра-сіняватымі хмарамі i лье без перастанку. Усё тады мокрае: кусты, стрэхі i сцены хат, а па дарогах стаіць поўна вады. I сёння, як жартуюць, на дварэ было сем пагод: сеяла, веяла, круціла, муціла, раўло, ліло i знізу мяло. I ўсё гэта злілося ў дажджы i ветры.
Неба вісела нізкае, шэрае, халоднае, i ад гэтай стыласці чулася, што на днях пасыпле на мокрую, яшчэ не зусім ахаладнелую зямлю першы хлюпаткі вадзяністы снег i на нейкую хвіліну стане вакол надта стыла, бела-шаравата, аж забаляць ад гэтай нечаканай халоднай светлаты вочы.
Ужо ў Вішнёўцы дагнала Логвіна запырсканая машына «Хлеб», прасігналіла — з двароў, даўно ўжо чакаючы яе, высыпалі кабеты, дзеці з сумкамі i подбегай падаліся ў магазін: дзён колькі хлеба не прывоілі. Ca свайго дагледжанага невялікага двара, закурваючы, выйшаў дзядзька Алесь — аднаногі, хваравіты яшчэ з вайны чалавек. Ён кожнага дня стаіць i курыць каля сваіх варотцаў, калі Логвін ідзе са школы. Яны заўсёды павітаюцца, загавораць пра надвор'е, i Логвін не спыняючыся крочыць далей.
Ён прывык да гэтага пажылога мужчыны-калекі i калі, бывае, той чамусьці не выйдзе, не павітаецца, пачынаў хвалявацца, незразумела непакоіцца, i пасля цэлы вечар яму нечага не хапала, ён не мог узяцца ні за якую работу. Назаўтра, павітаўшыся з гэтым чалавекам, Логвін зноў незразумела спакайнеў, дабрэў.
—Во лье, — кажа дзядзька Алесь сёння, — раззлавалі, мусіць, неба.
—Добры дзень, — адказаў Логвін.— Лье дык лье. Няйначай, раззлавалі.
Сказаў ён так i пашкадаваў унукаў старога: Толіка, Веру, Юру, Лёніка, якіх яму прыходзілася вучыць, гараваць з імі. Забалела сэрца па чацвёртакласніку Толіку, бледным, хваравітым хлопчыку. Той на ўроку ўвесь час просіцца адказваць, плакаў, калі яны чыталі пра Тубі з далёкага вострава Цэйлон... Сёння Толік прыйшоў у школу без кніжак, ручкі i сшыткаў, калі Логвін яго прысарамаціў, што так добрыя вучні не робяць, ён маўчаў, чырванеў, а пасля прызнаўся: «Учора тата быў п'яны, біўся з мамаю... I нам не даў зрабіць урокаў...» Ён расказваў, саромеўся, плакаў, размазваючы слёзы па шчоках, i цяжка было яго супакоіць.
Цяпер Логвін падумаў, што не будзе расказваць старому пра яго гаротных унукаў ды гаварыць пра няўдалага зяця-п'яніцу. Стары не зменіць свайго зяця, a толькі расхвалюецца з-за ўнукаў. Лепш будзе самому зайсці да бацькі, пагаварыць з ім. Хоць гэтыя гутаркі Логвін ужо добра ведаў: цвярозым той стараецца не сустрэцца, а п'яны сам падыходзіць i распытвае, як яго дзеці вучацца. Скажы тады яму толькі, што яны кепска вучацца, дык ён адразу расшпіліць рэмень i падасца дахаты ix «выхоўваць»...
Логвін падумаў, што зойдзе да яго заўтра ранічкай, калі той праспіцца; не выйдзе гутарка, не пачне той па-добраму глядзець за дзецьмі — можа, трэба будзе напісаць заяву i перадаць на выканком. Хай людзі пасаромяць...
У акне сваёй спальні Логвін не бачыў знаёмых жончынага i сынавага твараў. Тыя заўсёды чакаюць яго з работы (жонка працуе тут, у Вішнёўцы, у пачатковай школе i вяртаецца дамоў раней), сёння, відаць, ім надакучыла ўзірацца i чакаць яго, зазлавалі i занялся цяпер нечым другім.
Доўгі час яны жылі на прыватнай кватэры. Але летась дырэктар саўгаса пашкадаваў ix, што яны з дзіцём жывуць у людзей, церпяць вялікія нягоды, i даў ім невялікую кватэру ў саўгасным двухпавярховым драўляным доме. Выгод — газу, вады — тут не мелася, трэ было ваду насіць з калодзежа, грубку i пліту паліць дровамі, але i ён, i жонка былі вельмі рады, што знайшлі свой куток, што могуць дыхнуць вальней, быць гаспадарамі.