Выбрать главу

Вольга разагнулася, здзьмухнула з твару пасмачкі русявых валасоў, зірнула дапытліва, i Логвін зразумеў: яна здагадалася, чаму ён не прывёў нядаўна каня. Каб не расказваць ёй пра тое, не хваляваць, ён усадзіў у зямлю рыдлёўку i пайшоў да конюхавых калёс.

—Кажа мне: глядзі, які горды! — расказваў конюх, калі яны ўжо ехалі.— Бач, павярнуўся i пайшоў, не стаў прасіць!.. Згледзеў, што вы з лапатаю сюды пайшлі, галавою паківаў! Кажа: будзеш сабе разганяць, дык i яму разары. Не чужы ўсё ж, нашых дзяцей вучыць.

Логвін маўчаў.

—Любіць ён вось так... Вас, маладога, па бацьку называюць, дык i яго трэба...— гаварыў конюх.— Калі дык i хочацца паказаць, што ён тут гаспадар, самы важны чалавек...

Логвін прамаўчаў.

Конюхава поле было паблізу. Логвін, калі распрэглі каня ды прывязалі пастронкі за гужы, пачаў вадзіць каня за цуглі, а гаспадар выворваў. Калі яны разаралі баразён з дзесяць, гаспадар-конюх паваліў набок плуг i павёў каня на Логвінавы соткі.

Сваю бульбу Логвін папрасіў разагнаць сам. Конюх згадзіўся, даў яму плуг, правёў да сярэдзіны поля каня, прыпыніўся, вярнуўся i агледзеў баразну. Агледзеў i нічога не сказаў, павёў каня далей. Вярнуўшыся на сваё поле, ён штосьці доўга расказваў жонцы, i яны, прылажыўшы далоні да вачэй, нібы са здзіўленнем пазіралі на Логвіна i Вольгу...

Зямля была мокрая, цяжкая, не распадалася, таму трэ было яе трэсці, ледзь не вышчыкваць бульбу. Цешыла, што на баразне было шмат бульбы i клубні былі ядраныя, цвёрдыя, выстаяліся за восень.

Яны выбіралі, пакуль не паніжэла неба, закацілася сонца i заружовіла небакрай, згарнула святло, i пачаў паўзці з кустоў, згушчацца мяккі прыцемак, а за ім брацца начная асенняя здаровасць. Завязаўшы мяxi, яны пастаялі, чакаючы конюха. У гэты час нечакана холадна i ярка высвецілася на вечаровым небе ранняя зорка, i першы ўбачыў яе сын, радасна заскакаў: «Мама, ляма!» Гэтая сынавая выдумка насмяшыла Логвіна i Вольгу, яны моцна, ажно гукнулася рэха ў кустах, шчыра засмяяліся, азірнуліся (ці хто пазірае на ix), падаліся, прыпалі адно да аднаго, — i перастала, здаецца, балець спіна, толькі шчымнулі сухія вусны, што сасмяглі за дзень.

Калі конюхава сям'я сышлася, гэтаксама пачала трэсці i завязваць мяшкі, абіваць i зносіць кашы, Логвін падышоў да ix i памог узлажыць на калёсы мяшкі. Конь ірвануў воз, выцягнуўся, ажно затрашчалі гужы, i цяжка пацягнуў па полі, пакідаючы ад колаў глыбокія каляіны. Конюх выкіраваў яго на дарогу, i жарэбчык пайшоў лёгка, зафыркаў. Пасля яны паднеслі з поля да калёс чатыры Логвінавы поўныя мяхі, узлажылі, пасадзілі наверх дзятву i падаліся за канём у вёску, слухаючы, як гулка ляскалі колы, рыпеў, перавальваўся з боку на бок воз, чуючы, як цягнула з балота горкім дымам — відаць, упалілі недзе пастухі ці рабочыя торф i не атушылі, калі адыходзілі дадому.

—Вось i выкапаеце за некалькі дзён, — сказала конюхава жонка, — бо спраўна капаеце.

—Заўтра, калі вам будзе час, прыходзьце гэтаксама на поле, разгонім яшчэ, — азваўся конюх, — заўтра мы сваю канчаем, дык прыхінёмся, за якую гадзіну i вашу выграбем.

—Мы ўжо самі справімся, — сказаў Логвін.

—Паможам, — запэўніла конюхава жонка, — дзятву ж нашу вучыце.

—Вучым i грошы за гэта палучаем, — сказала Вольга.

—Усе гавораць, што вы больш, чым за грошы, вучыце, — прамовіў конюх.— I дзеці вас хваляць... Паможам. Ды i бабы збіраюцца падбегчы якога вечара, памагчы. Агалашу ўсім назаўтра.

—Не трэба, — сказала зноў Вольга, — хай сабе ўжо капаюць.

—Выкапаем, — махнула рукою конюхава жонка.— Не бойцеся, калі сарвём з вас пачастунак — не пабяднееце, дос грошы на кніжку насіць...

Пад'ехаўшы да Логвінавай кватэры, згрузілі мяхі ў хлеўчык, туды ж паставілі рыдлёўку i кош. Логвін падзякаваў конюху, абтросся на дварэ ад пяску i пайшоў з сям'ёю ў хату.

Ён уключыў на кухні святло, памыў над вядром рукі, пераапрануўся i стомлена гупнуўся на канапу, слухаючы, як распранала сына жонка, пераапраналася сама, мылася. Не хацелася думаць, што трэба яшчэ праверыць сёння тры стосы сшыткаў, напісаць планы, пачытаць раздзел у падручніку фізікі (Логвін быў мовавед, але стараўся ведаць i іншыя навукі, бо хацеў пайсці на любы ўрок i ведаць, пра што ідзе гутарка). Хацелася б паглядзець тэлевізар ці пачытаць новы часопіс. Як хочацца пачытаць i новыя кнігі, купленыя ў мінулую паездку ў горад.

Вольга сёння нічога яму не сказала, нават не зайшла сюды, заляскала на кухні посудам. Ён паспачуваў ёй (яе гэтаксама чакалі яшчэ сшыткі, планы) i пайшоў памагчы — пачаў абіраць на вячэру бульбу.