Выбрать главу

...Падаліся яны адпачыць, паспаць некалькі гадзін позна, за поўнач, калі ўжо даўно спаў на раскладушцы іхні сын, калі паярчэлі на ўцемненым небе зоркі, калі вёска была ціхая i нерухомая, калі зрабілі ўсё, каб можна было заўтра ісці да дзяцей смела i падрыхтаваным, нешта талковае сказаць ім.

Прытуліліся адно да аднаго, адчуваючы, як зморвае стома ды прыемна падкрадаецца жаданы сон. Але адчувалі: паспяць мала, ды ўсё роўна будуць назаўтра поўныя сілы i бадзёрасці. Бо яны яшчэ маладыя, дужыя, непадуладныя стоме i непрыемнасцям.

—Коля, ты мяне хоць крышку любіш? — ціха на вуха шапнула Вольга, утульна кладучы галаву на яго руку.

—Канечне, — прашаптаў i ён.

Скажы, як любіш...

—Вельмі люблю.

—Тады добра, усё вельмі добра, — зашаптала.— I я цябе вельмі люблю, мой мілы чалавек... Ты не зважай, што я часамі на цябе буркачу. Я ж жанчына. Я... не буду болей такая... Вось пабачыш...

—Будзь такая, як ёсць. Настаўніцаю. Жанчынаю.

—Гарэза ты мой! — прамовіла з пяшчотаю.— Хоць i ведаеш: бурчэла i буду бурчэць на цябе...

...Ноччу снілася Логвіну іхняя старэнькая васьмігадовая школа i добрае, чыстае, надзвычай сонечнае i чуйнае неба над галавою.

ПЕНСІЯНЕР

Ігнат Карлавіч, калі ляжаў у бальніцы, вельмі востра адчуваў сёлетнюю зіму. Хваляваўся ад сухіх, рыпучых, марозных начэй з нечаканымі рэзкімі стрэламі, буйных імглівых зорак, што густа высыпалі i холадна свяціліся на небе; ён не мог чуць, аж заходзілася душа, як ціхенька i самотна звінелі на далёкую вясну шыбы, a ўдзень, калі ўгравала, капала са стрэх адчайная вада, а недзе ў сакавіку чуйна запахла сокам, першаю ліпкаю лістотаю, маладою крапівою ля плота — канечне, ні лістоты, ні крапівы яшчэ не было, але Ігнат Карлавіч усё гэта адчуваў, i ад гэтага адчування аж кружылася ў яго галаве. Кожны дзень ён прасіўся з палаты на двор — на свае вочы ўбачыць, калі заадліжае, пачарнее i праталіцца снег, перастане пахнуць растрэсенае за зіму сена, заявіцца вялікая вада. Пазней, пасля адлігі, здзіўляўся, як хутка адшумелі, высахлі ручайкі ды азёрцы вады, зямля, заявілася цяпло i ўсё вакол зазелянела, пайшло ў шпаркі малады рост.

Ён быў ужо немалады, дык i сам разумеў, адкуль у яго i гэтыя вострыя адчуванні, i гэтыя абнаўляльныя здзіўленні. Яны — ад таго, што сёлета вочы яго больш бачылі, сэрца i душа больш разумелі, успрымалі, хваляваліся. Адным словам, усё ў ім не толькі чаплялася за жыццё, за яго перамены i хараство, за яго невытлумачальную таемнасць, але i паказвала, давала адчуваць тое, што было схавана дагэтуль.

A такія вострыя адчуванні i абнаўляльныя здзіўленні, кажуць, бываюць у пажылога чалавека перад самай смерцю.

Сямейнікі зарадаваліся, што ў маі, калі выблакітнелся неба, запышнелася зелянота i паярчэла сонца, яму стала лягчэй i яго выпісалі з бальніцы. Зарадаваўся i ён, але, заявіўшыся дома, з лёгкім сумам сачыў, як рупіліся на калгасным полі i сваіх агародах людзі, спраўлялі свае адвечныя вясновыя клопаты, як адцвіталі сады, як падраслі за зіму дзеці ў школе — карацей кажучы, як жыццё не запынялася, бегла i бегла наперад ці па аднаму яму вядомым крузе. I ў гэтым яго бегу была вечная маладосць. Добра ж нехта сказаў: чалавечая маладосць кароткая, адзін толькі міг, разбуральная i ў рэшце рэшт смяротная, а зямная, жыццёвая маладосць заўсёды свежая, абнаўляльная, несмяротная.

Цяпер, на старасці, Ігнат Карлавіч не баяўся смерці. Яе ён пачаў баяцца гадоў так пад сорак, калі пачаў разумець тое-сёе ў гэтым свеце, жыцці, калі нешта ўжо зрабіў i мог зрабіць яшчэ болей, калі падраслі, пачалі сталець i ісці ў сваё жыццё дзеці. Цяпер ён ведаў: чалавек смяротны, рана ці позна ён мусіць пакінуць гэты свет. Але ўжо ведаў: калі ты пражыў шчыра, сумленна, аддаў усе сілы на дабро i супроць зла, дык ты не застанешся нікому не вядомай пясчынкай, а будзеш мець несмяротнасць. У шчырасці, сумленнасці, дабрыні, у сваіх дзецях, унуках i праўнуках, урэшце, у той звычайнай i загадкавай вечнай зямной, жыццёвай маладосці. Дык вось такое адчуванне пажылога чалавека, відаць, i не выклікае пачуцця страху перад смерцю.

Ды ён усё ж не хацеў паміраць. Пабыў крыху дома, ачуняў на нагах пасля бальніцы i пайшоў на працу ў школу. Сам сабе падумаў: будзе здароўе, хоць год, хоць два, дык сёлета не пойдзе на пенсію, папрацуе яшчэ. Будзе па-ранейшаму рана ўставаць, хадзіць у школу, вучыць дзяцей з настаўнікамі-калегамі, вяртацца дахаты, правяраць вучнёўскія сшыткі i памагаць жонцы па гаспадарцы, чытаць да позняй вочы — жыць так, як i жыў дагэтуль шмат гадоў, не зважаючы ні на ацяжэласць, ні на стому, ні на сардэчныя болі. Якое іначай будзе яму жыццё без школы, без дзяцей i настаўнікаў?! Як ён выседзіць седзьма дома?! Хай іншыя думаюць, што можна падбіцца ў такія гады, нічога ўжо не змагчы зрабіць добрага, быць лежабокам i спажыўцом сваёй пенсіі, а ён так не думае! Ён i далей хоча быць малады, працавіты, баявы! Не адстане яшчэ ад маладога Логвіна! За тым — маладосць, свежасць, націск i прага да работы, а за ім — сталасць i, хай можна будзе так сказаць, мудрасць у настаўніцкай працы, веданне дзіцячай душы.