Логвін быў прыезджы, заявіўся тут гадоў пяць таму. У Міланьках за апошнія гады паперабывала шмат маладых адукаваных i разумных настаўнікаў, шмат выехала адгэтуль. Хто застаўся ў памяці, хто знік з яе назусім. Логвін затрымаўся, прыжыўся i палюбіўся, стаў ужо свой. У ім Ігнат Карлавіч бачыў нешта тое-сеё сваё з далёкай маладосці, тое-сёе новае, што вельмі трэба сённяшняму настаўніку. Гэта ў час заўважылі, Логвін папрацаваў гады тры настаўнікам, i яго паставілі тут завучам.
Спачатку той вельмі саромеўся «кантраляваць» Ігната Карлавіча i іншых старэйшых калег (а той-сёй з ix зайздросціў маладому завучу ці з недаверам глядзеў на яго работу), бянтэжыўся, чырванеў. Але паступова станавіўся на ногі, асвойваўся, разумнеў (сам вывучыў усе школьныя падручнікі, іншыя кнігі-дадаткі) — i само сабою сталася, што ўсе паволі адчулі: ён, малады, шмат ведае, можа хораша паразважаць, сёе-тое падказаць, тактоўны, a калі трэба, дык рашучы i ўпарты. Гэта Ігната Карлавіча вельмі радавала, бо ён часта з засмучэннем бачыў, што няшмат цяпер сярод маладых настаўнікаў асоб, што не толькі шмат ведаюць, але i ўмеюць пастаяць за ісціну ды за сябе, на жаль, нямала разгубленых, незадаволеных, залішне паслухмяных, а то i яшчэ горш — абыякавых да дзяцей, да настаўніцкай працы. Ён паважаў кожнага чалавека — асобу, але моцную асобу сярод настаўнікаў паважаў удвайне.
A пачынаў Логвін працаваць, як кажуць, няроўна. I памыляўся, i адчайваўся. Часамі пападаўся, здаецца, на самай маленькай дробязі. Памятаецца, недзе на другім месяцы настаўніцкай працы ўбег сярод урока ў настаўніцкую разгублены, ледзь не ca слязьмі на вачах. Папрасілі расказаць, што здарылася. З сорамам ды з адчаем расказаў. Вучаніца-васьмікласніца, вельмі бойкая, гарэзная, папрасіла запісаць на дошцы сказ i вытлумачыць знакі прыпынку ў ім. Ён, Логвін, запісаў i ў адным месцы паставіў двукроп'е, вучаніца сказала, што тут патрэбен працяжнік. Ён даказваў сваё, a вучаніца знайшла зусім іншы доказ — падала яму даўно ўжо разгорнутую кнігу. Логвін зірнуў, убачыў той сказ i разгубіўся: ён памыліўся. Вучаніца хіхікнула, а за ёю заўсміхаўся пераможна i ўвесь клас.
Логвін, пераможаны, асаромлены, выбег з класа.
Прыбег у настаўніцкую i заявіў, што сёння ж паедзе звальняцца, бо не можа тут болей працаваць.
— Ды не перажывайце вы так за дробязь, — пачаў супакойваць дырэктар, яго, Ігната Карлавіча, аднагодак.— Чаго толькі i з намі, маладымі, не здаралася, якія мы ляпсусы рабілі! Дробязі, кажу, усё гэта. Год-два папрацуеце — i ix не будзе.
—Не, тэта не дробязі, — не пагадзіўся расчырванелы Логвін, — я зганьбіў настаўніцкі аўтарытэт! Я не маю права быць педагогам.
—Хадзем, зірнем той мудры сказ, — прамовіў Ігнат Карлавіч, узяў маладога настаўніка пад руку.— Быць не можа, каб вы памыліліся.
Увайшоўшы ў клас, Ігнат Карлавіч прачытаў запісаны на дошцы, a таксама па кніжцы той сказ i сказаў дзецям, што ў кнізе стаіць аўтарскі знак, а на самай справе, як i кажа Мікалай Аляксандравіч, тут трэба ставіць двукроп'е. Дзеці яму адразу паверылі.
Логвін стаў маўклівы, доўга саромеўся калег, перажываў ад новых памылак, але пазней, калі адчуваў сябе не бусляняткам, якое чакае бацькоўскага куса i баіцца не толькі ўзляцець, але нават зірнуць з вышыні ўніз, a буслом, які злятаў ужо ў цёплыя краі, забыўся пра тое здарэнне, a калі яму напаміналі, дык i сам пасміхаўся з яго. А цяпер, праз некалькі гадоў пасля таго здарэння, гэты малады чалавек, які «зганьбіў настаўніцкі аўтарытэт», — сур'ёзны педагог, завуч. Ды i па-добраму хітры стаў: вычытае ці прыдумае што-небудзь цікавае, захоча, каб гэта спажылі на сваіх уроках настаўнікі, дык не пахваліцца, што сам вычытаў ці прыдумаў, a скажа, што вось гэта раяць сталыя настаўнікі. Раз-два так сказаў, a ўсе адразу ж зразумелі: па-першае, сціплы, не фанабэрысты, а па-другое, уніклівы, кемны, мае вялікую ахвоту, нават прагу да работы.
...Сёння, у вераснёўскую суботу, Ігнат Карлавіч хваляваўся як ніколі. Сёння ў яго быў незвычайны дзень. Які — цяжка адказаць адным словам. Ён i сам не мог разабрацца, што ў яго на душы, што з ім робіцца. Жыццё яго нібы запыніць з сённяшняга дня свой бег, нібы пойдзе па зусім новай каляіне.