Выбрать главу

Узбоч бульбянога поля, на поплаўчыку, бегаў, ловячы белага матыля, унук Пецька. За летні месяц, што пабыў у ix, паправіўся. Знікла з твару нездаровая белізна, заявілася ружовасць, падужэў i набраў моцы, як маладое дрэўца на добрай зямлі.

—Дзед, ты куды? — падбег. Патрусіў побач. Сёмы годзік хлопцу, але высакаваты — яму ўжо вунь па грудзіну. Чорныя што смоль валасы, вочы. Увесь у бацьку.

—Далёка, — усміхнуўся. Перад унукам, якога пакінуў бацька, не мог быць строгі.

—I я хачу з табою, — папрасіўся Пецька.

—Босы? Без маечкі? — запытаў з мяккім дакорам.— Там цябе авадні скусаюць, змяя цне. Прыедзе ў суботу маці, захоча ўбачыць свайго аднаго-адненькага сыночка — а Пецька хворы... Дык яна ж тады дзеда i бабу з хаты выгане... Ідзі лепш у сад, парэчак спелых пашукай ці трускавак.

Пажартаваў, прытуліў унука — той прыхінуўся, з мальбою пазіраў у вочы. Не памятаючы бацькі, не ведаючы мужчынскай ласкі, цягнецца да дзеда. За ім — як нітка за іголкаю.

Пазіраючы ў вялікія i глыбокія ўнукавы вочы, Лявончык зноў сумеўся. A раптам i ў ix хутка заявіцца папрок? Родныя дзеці гэтаксама некалі цягнуліся да яго, надта сыны, але пасля, калі пасталелі, пайшлі ў людзі i пабачылі свет, не толькі зчужэлі, папікалі за мінулае, a i адвярнуліся...

— Застанься дома, унучак, — папрасіў.— Я хутка вярнуся. Заўтра ўжо вазьму з сабою. Паедзем на коніку ў лес па галлё.

Пецька паслухаў, адстаў. А Лявончык зірнуў туды-сюды, ці не ідзе хто па дарозе, i прыспешыў крок. Не хацеў ні з кім сустракацца. У апошнія гады ён наогул любіў хадзіць i працаваць адзін, чужаніўся людзей, гулянак, стараўся не пазіраць нікому ў вочы. I людзі абыходзілі яго i жонку, не запрашалі на вяселлі ці хрэсьбіны, не прыходзілі ў пазыкі. Гэтая пагарда, абыякавасць, канечне, не былі без дай прычыны, але зусім забівалі яго дух.

На пыльнай сценцы ляжалі шматкі перапаленага на сонцы, згубленага з вазоў сена. Самыя буйныя Лявончык падабраў i панёс з сабою.

З высокага, забеленага воблакамі неба скочвалася сонца. Гарачыня спала, але ў паветры ўсё роўна адчувалася спякота. Відаць, на днях зноў, як i перад паездкай на Шубін, павінна адшугаць навальніца.

Адчуваючы напружанне, Лявончык закрочыў хутчэй. Міжволі, як i заўсёды, захацелася прайсці, мінуць выган за вёскай. Але зноў жа міжволі, як i раней, зірнуў направа, на ўзгорак, дзе стаяў помнік.

Высокі шэры абеліск, з чырвонаю зоркаю наверсе, з выбітымі прозвішчамі загінулых вяскоўцаў, узвышаўся ў невялікім зялёным скверыку, які некалькі гадоў таму пасадзілі школьнікі. Некалі тут, у яміне, навек палеглі партызанскія сем'і...

...Тады гэтаксама быў чэрвень. Тры немцы, два паліцэйскія i Лявончык гналі да Глінішча Адама Салавейчыка, яго жонку, унукаў i сям'ю Рыгора Бурака.

У Глінішчах былі глыбокія ямы, тут звычайна кожны год капалі гліну i мел.

Людзей вялі расстрэльваць.

Кабеты галасілі, прасілі ў канваіраў літасці. Малілі заступіцца за ix i яго, хоць ён нічым не мог ім памагчы.

Людзей паставілі ў рад каля свежай глыбокай яміны. Начальнік-немец, высокі рабаціністы афіцэр, зачытаў загад. Чытаючы, афіцэр то падымаў за бліскучы брыль фуражку на галаве, то апускаў i пасля трымаўся за жоўтую дзягу альбо, прыпаднімаючыся на дыбачках, ляпаў па жоўтай кабуры. Ён, як казалі, не толькі камандаваў расстрэламі партызанскіх сем'яў, але i сам меў ахвоту страляць у патыліцу. Калі заяўляўся ў якой-небудзь вёсцы, разам з ім туды прыходзіла i смерць.

Калі перакладчык, рыжы вайсковец, ператлумачыў загад, людзей змусілі павярнуцца тварам да ямы. Лявончык, стоячы каля паліцэйскіх, чакаў, што неяк усё абыдзецца ціха, не будуць расстрэльваць яго аднавяскоўцаў — толькі напалохаюць. Але бачачы, як рабаціністы расшпільвае жоўтую кабуру i дастае зброю, адчуў: не, не абыдзецца, загубяць людзей. Ад гэтага адчування аж задрыжалі яго калені ды закалаціліся рукі: як гэта страляць у сваіх людзей?

Пачулася каманда — усе паднялі карабіны. Ён — таксама. Першы стрэліў рабаціністы — тут жа кулём паляцеў у яму Адам Салавейчык. Лічы, у гэтую ж самую хвіліну афіцэр зноў нешта крыкнуў — пальнулі з карабінаў астатнія немцы i паліцэйскія.

Дзеці пападалі — хто ў яміну, хто тут, на абрыўку. Адамава нявестка, Ганна, хіснулася, але ўстояла і, нечакана павярнуўшыся, закрычала:

—Звяры! Душагубы! Дзетачак — за што?..

Хтосьці яшчэ стрэліў — i Ганна кульнулася ў яміну.

—А ты чаго не страляеш? — раўнуў над самым вухам Лявончыка старэйшы паліцэйскі, Стась Найдзён з Пільніцы — адпеты п'яніца i рабаўнік.— Шкадуеш бальшвіцкае семя?