Выбрать главу

Мінуўшы сенажаць, а за ёю лес, вымкнуўся на поле, i першае, што ўбачыў, быў высокі, з чырвонай зоркай i з жалезнаю агароджаю помнік...

1970

МІХАІЛ АПАНАСАВІЧ I КАЦЯ

Конюх Мікола — у старой, выбеленай ад вотруб'я фуфайцы, у падвязанай на патыліцы шапцы-вушанцы, якая ўнізе выпацела, выцерлася аб шыю i была без падкладкі, у гумовых ботах, чырванашчокі — вывеў з цёплай канюшні высокага, белага, з чорнымі плямамі на баках каня, надвёў яго да калёс i паставіў між аглабель.

—Дзякую, — сказаў Міхаіл Апанасавіч, бачачы, што конюх не толькі апускае долу лейцы, але i бярэцца за хамут, які ляжаў ужо на добра падмазаных калёсах.— Я сам запрагу.

—Ды ладна, мы — людзі не ганаровыя, паможам... А то, можа, ўжо i забыўся, як ушчэмліваюць каня ў аглоблі...— пажартаваў вельмі вясёлы сёння Мікола, мігам беручы хамут i нацягваючы яго на задраную ўверх конскую галаву, а пасля пераварочваючы гужамі ўніз.— Станеш гаспадаром у Каці, то на чарку калі заклічаш...

«Хоць крыху i старэйшы я па гадах, але настаўнік пачатковых класаў, а ix не так цэняць, як настаўнікаў старэйшых класаў. Словам, не надта салідны...— падумаў Міхаіл Ананасавіч.— Вось ён так смела i гаворыць са мною, пакеплівае...»

—Чаго маўчыш, як вады ў рот набраў?— як здзівіўся Мікола, папраўляючы пад хамутом конскую грыву, зірнуў, шырока раскрываючы белазубы рот, вышэй i ніжэй якога сінелася густая невялікая шчэць.— Мусіць жа, ужо добра прыгрэўся ля яе? Га? Недарэмна, я табе скажу, зусім недарэмна, — пры гэтым ён хітра прыжмурыў левае вока, — яна ўхапіла цябе ў кватаранты. Нябось хлопца якога маладога ці дзяўчыну не ўзяла, а цябе во, сталага, пад свае гады, так сказаць, прыняла...

—Трэба ж i мне, прыезджаму, недзе жыць...— заступіўся i за сваю маладую, працавітую, што пчала, гаспадыню, i за сябе сарамлівы Міхаіл Апанасавіч, — Так што не трэба абы-што гаварыць на спагадлівую жанчыну...— Прамовіў, накруціў, падкарочваючы, гуж, падняў аглоблю i ўсунуў у гужавую пятлю дугу, другі канец цераз конскую шыю падаў Міколу, які гэтаксама ўжо накруціў гуж, зачапіў ім за дугу, ад чаго клешчы хамута шырока раз'ехаліся.

—Трэба то трэба, гэта ясна...— загуў Мікола, каленам ціснучы ўжо на правы клешч.— Але ж яна — ты толькі не абіжайся, — я табе скажу, ніколі кватарантаў не брала. А гэта ні з таго ні з сяго падахвоцілася... Цяпер, брат, уся вёска гаворыць... I не толькі нашы Міланькі... Не злуй, калі табе гэта не надта будзе наравіцца, але я табе скажу: я добра ведаю, чаго яна хоча... Яшчэ як ведаю, я табе скажу...— ён заматаў ужо на клешчы пасак, завузліў яго, ад чаго дуга зусім сціснулася ды выгнулася.— Часта прыходзіла дагэтуль да мяне то каня папрасіць, то баразну якую разараць... Пашчыплеш у кладоўцы за бакі — дык рагоча, я табе скажу... Вот што я табе скажу, а ты сам кумекай, — бо ў цябе не мая дурная, а разумная галава, — што гэта значыць...

Міхаіл Апанасавіч, ціха тоячы сорам i нават злосць на залішне гаманкога конюха, прамаўчаў, адвязаў ад падсядзёлка кавалак старой сашмараванай ляйчыны — церассядзельнік, — прывязаў да аглоблі, другі канец кінуў цераз конскую спіну на той бок. Там яго перахапіў Мікола, падняў каня.

—Ты не злуйся, калі я замнога лепячу языком...— той паправіў падсядзёлак, а пасля пасак пад конскім жыватом.— Прыставай да яе ў прымы, я табе параю, калі бярэ. Не глядзі надта, што простая баба, а не настаўніца...— сказаў гэта ўжо не з насмешкай, а шчыра.— I маладая яшчэ, імчаць будзе, што воз з гары... I спраўная... За бабу i за мужчыну робіць...— i, бачачы, што яму не адказваюць, запытаў: — Куды паедзеш?

—У лес, — адказаў Міхаіл Апанасавіч.

—Тады не бяры драбін, — сказаў той i сам зняў ix з калёс, паставіў ля пафарбаванай вапнаю драўлянай сцяны канюшні.— Каня не кілзай, а то цуглі вострыя, губы парэжа...— прамовіў, сеў на цагляную прызбу, дастаў з кішэні замусоленую пачку, узяў адну цыгарэціну, пастукаў па далоні, прыпаліў, зацягнуўся i пусціў дым долу, на свае тоўстыя літыя гумовікі.

Міхаіл Апанасавіч, спяшаючыся i саромеючыся Міколавых дапытлівых i смелых позіркаў, хутка падлажыў пад дугу новыя цвёрдыя лейцы, выцягнуў ix, сеў на старой, учарнелай ляжанцы — дзвюх збітых на канцы перакладзінкамі дошках, — на якой сёлета за лета i за гэтую раннюю восень многа чаго паперавозілі, бо відаць была на ёй сухая кара, сена i мох, спусціў ногі i турзануў лейцамі каня.

Прысохлыя калёсы крануліся, для чаго каню прыйшлося крыху напяцца, аж рыпнула тугая дуга.

Міхаіл Апанасавіч ездзіў ужо ў лес не раз. Яшчэ на пачатку верасня прывёз Каці — гаспадыні — сухастою, бярозавага галля, што валялася на працярэбленай нядаўна лініі, пасля прытарабаніў два вазы смаловых карчоў. Цяпер вось ехаў па хваёвыя жэрдкі, якія насек на тым тыдні, каб паставіць яшчэ цяпер, восенню, новы плот.