Выбрать главу

Ён, відаць, найбольш мог бы пасябраваць з Паўлам Мікалаевічам, з якім кватараваў амаль па суседстве. Мог бы, каб разам хадзілі ў школу, вярталіся з яе, мелі вольны вечар. А то выходзіла так: ён — дома, a Васілец — у школе. I наадварот. А вечарам, позна зусім, ён хадзіў раз да яго, але гаспадыня сказала, што яе кватарант, Павел Мікалаевіч, вечарамі дома не бывае... А пасля i сам пачуў, што той ходзіць да настаўніцы нямецкай мовы... Вось ён так i заставаўся адзін, усё яшчэ ніяк не мог з кім сысціся, адчуваў, што ён, бадай, адзін з прыезджых яшчэ не прыжыўся тут, не прывык да школы i да вёскі...

Як добра яшчэ не прывык i да свайго кватаранцкага жыцця, не так, можа, не прывык, як усё яшчэ не мог звыкнуцца з ім: некалі быў ён жанаты, меў свой добры дом, сям'ю, гаспадарку. I яму, калі меў усё гэта, а пасля прыйшлося пакінуць, то нялёгка было пачынаць усё спачатку — стаяць з чамаданчыкам у руцэ i гадаць, дзе ж знайсці сабе прытулак. Маладыя настаўнікі тут, у Міланьках, i там, дзе раней ён працаваў, здаецца, ахвотна i бесклапотна жылі на прыватных кватэрах, сталаваліся, легка прывыклі да кватаранцкага жыцця, а вось ён, маючы некалі ўсё гэта сваё, ніяк не мог змірыцца са сваім кватаранцтвам...

Праўда, Каця, цяперашняя яго новая гаспадыня, добра глядзела, напраўду ці крышку хітруючы, адгаворвала яго ад гэтай i іншай гаспадарскай працы, але была ўсё ж вельмі рада, што ён памагае. Пасміхалася, смачней карміла, часта мяняла пасцель, мыла яму бялізну, пазірала на яго заўсёды добра, з павагаю. А яму было не толькі добра на душы, што памагае адзінокай гаротнай кабеце, але чамусьці не раз i сорамна. Ён пачаў бянтэжыцца, калі заставаўся з ёю адзін на адзін, пазіраў ёй у вочы, бачыў, што яна дзеля яго стараецца яшчэ ў большай чысціні трымаць хату, сама харашыцца...

Дзеля яго... Гэтае адчуванне вельмі ўразіла, i ён стараўся не асаромецца перад Кацяй — амаль i не браў за гэтую пару чаркі, сам паверыў, што ніякі ён не п'яніца, як пра яго не раз гаварылі. Ён адчуў, што можа i зусім не піць... З кожным днём ён усё болей хваляваўся ад жыцця пад адною страхою з маладою кабетаю, адчуваючы, што ён усё ж мужчына i ў яго — як гэта доўга здавалася — не зусім перагарэлі чалавечыя пачуцці ды жаданні...

Міхаіл Апанасавіч бачыў, што падабаецца Каці; быў рады, толькі крышку з сорамам заўважаў, што падабаецца не так, як маглі б быць даспадобы вясковыя мужчыны, а прыемна ёй, што ён настаўнік, «чысты чалавек», што жыве ў яе i памагае, зусім не ганарыцца, не баіцца вясковай працы, мае някепскую плату. Не раз ён, думаючы пра ўсё гэта, гадаў: можа, дарэмна чакаць у яго ўжо немаладыя гады не жаночага добра абдуманага разліку, а сляпога юнацкага кахання, бо гэта ўжо было i, можа, ніколі не паўторыцца, але ўсё ж хацелася, каб ён быў пакаханы як чалавек, каб былі адчуты i яго пачуцці... Але — як ні жадаў патаемна нечага святога i далікатнага да сябе — сам жа часамі здзіўляўся, што ён да Каці адчувае гэтаксама нешта падобнае, што, можа, адчувала i яна — «а разам жа жыць можна...». Можа, вось, ведаючы такія свае думкі, бывала, саромеўся Каці, да якой пра свае пачуцці, думкі не загаворваў i якая гэтаксама не заводзіла пра гэта гутаркі, хоць часта-часта ў размовах была блізка да гэтага. Таму даўнавата ўжо адчувалася, што ў ix «нешта ёсць...».

...Міхаіл Апанасавіч патурзаў лейцамі каня, цмокнуў, каб той падбег — каб заехаць дамоў, узяць сякеру i ланцуг, з'ездзіць у лес, забраць жэрдкі, прывезці, адвесці на канюшню каня i паспець на першы ўрок другой змены.

Паехаў не вёскаю, а крыху далей ад людскіх вачэй — сценкаю.

...Малады зялёны сасняк яшчэ пахнуў, здаецца, цёплаю смалою, летнім пылам, хоць зямля была ўжо нямала мочаная асеннімі дажджамі i пa ўсім была відаць восень: стала рыжай мёртвай трава, ляжала жоўтае i прычарнелае лісце, чырванеліся пад шыгаллём высокія мухаморы.

У старым лесе, які цяпер стаў нейкі спакойны, глухі, пажоўклы i пачарнелы, цемнаваты без сонца, рэха не кацілася — як летам — збоку, а прападала ўжо тут, на дарозе, — толькі чулася, як тупка бег конь, як ляскаталі, падтрасаючыся на абабітых i засмалелых каранях колы, як амаль нячутна чапляўся за ногі пабялелы верас, за якім — між высокіх сосен — бачыліся дзе-нідзе старыя пні, густа абсыпаныя дзікімі жоўтымі грыбамі ці лясной белай плесенню. I ад таго, што яна, плесень, ужо не сохла, а была вільготная, то зноў i зноў адчувалася: на дварэ ўжо халодная восень — пара, калі найчасцей i наймацней прыходзіць да яго смутак...

Не надта маладым, высокім хвойнікам пад'ехаўшы да складзеных адна на адну жэрдак, ён прыпыніў каня. Адняў i падкінуў яму пад ногі сена, якое ўзяў у Каціным гумне, i ўсю дарогу — каб яно не зляцела — сядзеў на ім. Скінуў з калёс ляжанку, дастаў ззаду воза шворан, адцягнуў заднія колы.