Выбрать главу

Паклаў на перадок камлямі дзве жэрдкі, прымяркоўваючыся, каб яны былі не надта блізка ад конскіх ног. За задок калёс зачапіў ланцуг, прапусціў яго праз кольцы, падняў дышаль, усадзіў у яго шворан і, пацягнуўшы, зачапіў за яго ланцуг, абкруціў ім дышаль i дзве жэрдкі. Тады пачаў накладаць на расцягнутыя калёсы хвойкі, адчуваючы, як бярэцца, ліпне да рук мяккая смала, што выступіла буйнымі кроплямі на ссечаных i ацярэбленых мясцінах.

Як ускінуў усе жэрдкі — а яны, пакладзеныя адна на адну, дасталі каля паловы ручак, — падумаў, што трэба яшчэ ссячы хоць некалькі сосен. Узяў сякеру i адышоўся ад воза, задраў галаву i пачаў выглядаць высокія i гонкія хвойкі, жмурачыся ад нізкага светла-шэрага, як апусцелага неба. Ішоў i неяк раптоўна ўспомніў, што на днях будзе дзень нараджэння старэйшай дачкі... Прыпыніўся, заплюшчыў вочы i як убачыў яе такой, з якой развітваўся, — маленькай, поўненькай, светлавалосай, вясёлай-вясёлай... Пасля ўявіў яе такой, якой бачыў гэтым летам, — тонкай, высокай i прыгожай, як маці... Сустрэўшыся ў горадзе, яна першая падышла i павіталася: «Добры дзень, тата!..» Пагаварылі яны нейкую хвілінку, пакуль не выйшла з магазіна маці, якая прыязджала купляць ёй да новага навучальнага года абновы... Гэтая кароцепькая сустрэча ўсё ніяк пе забываецца, вярэдзіць i вярэдзіць душу...

Ён кожны год да даччыных імянін пасылаў ім падарункі, бо дасюль перагарэла сэрца па былой жонцы, а па любімай дачушцы ныла яшчэ моцна i цяпер: дзіця ёсць заўсёды дзіця, бо няма ні былых, ні цяперашніх дзяцей, яны заўсёды твае дзеці...

...Каця, невялікая ростам, не зусім тонкая, але i не поўная, вельмі загарэлая на твары, дужая i здаровая кабета, вярнулася з саўгаснага поля позна, калі ён, Міхаіл Апанасавіч, прыехаў з лесу, адвучыў другую змену i прыйшоў дахаты.

—Вы, мусіць, вельмі прагаладаліся ўжо? — сустрэўшыся ў двары, усміхнулася яна, усміхнулася, хоць была i стомленая.

—Ды не, — адказаў ён, адчуваючы, што напраўду хоча есці, але не стаў прыспешваць, каб яна тут жа гатавала вячэру: ведаў, што ёй яшчэ шмат клопатаў ды працы па гаспадарцы.

Ён з хвіліну пазіраў на яе кругленькі твар з невялікім роўным носам, з чырвонымі ад ветру i дажджу шчокамі, бачыў маладое здароўе на ім, заўважаў гарэзныя агеньчыкі ў яе кругленькіх вочках, адчуваючы сарамлівае хваляванне. А як яна яшчэ ўсміхнулася, зірнула пільна i з нейкім маладым выклікам, зусім разгубіўся, заміргаў, збянтэжыўся, чуючы, як у горле перахоплівае дыханне.

—Зараз, людзі мае, усё зладзім...— спахапіўшыся, што шмат стаіць, Каця неяк ненатуральна моцна i бадзёра загаварыла да дачок, загадала тым абіраць бульбу, а сама скінула фуфайку, атрэпала яе аб плот ад пяску, застаючыся ў даўгаватай сукенцы, пачала ўходжвацца.

Работа, як кажуць, гарэла ў яе руках. Яна хутка i амаль у адну хвіліну рыхтавала едзіва свінням i курам, насіла гэта ў загарадкі i праз міг ужо вярталася адтуль з трэскамі, бегла да нечага іншага. Зрэдку кідала на яго хуткія позіркі і, пылаючы суха на шчоках, усміхалася.

Міхаіл Апанасавіч, бачачы гэта i трывожачыся, прысеў на лаўцы, што была ля сцяны, пад кухонным акном. Пасядзеў з хвіліну, i як убачыў, што вярнулася з пашы карова, падняўся, адчыніў ёй весніцы. Каця вынесла з дрывотні i кінула ў куток двара ахапак звялай канюшыннай атавы — i карова ахвотна падышла да яе, узялася есці, раз за разам матляючы галавою, ад чаго закідвала на спіну траву. А Каця ўжо праз міг была ў хаце, загадвала дочкам падпальваць у печы i ставіць варыць бульбу.

Ухадзіўшыся, Каця вынесла з хаты гаршчок з цёплаю вадою, вымыла ёю каровіна вымя, абцерла яго сухім ручніком, села на столачку i пачала даіць. Пачуўшы пах сырадою, прыбег аднекуль з-за хлява рыжаваты кот, падняў кароткі хвост, замяўкаў, тручыся ля гаспадыніных ног.

—Естачкі захацеў?— жартам падражніла яго Каця.— Ах ты, стары гультай! А хто ж мышэй будзе лавіць? Бегаюць вунь па кладоўцы, гарцуюць, як коні...

Міхаіл Апанасавіч, зноў седзячы на лаўцы, усміхнуўся, бачачы, што гаспадыня вельмі паважае ката i сабаку, хоць не раз i кажа, што «замест гэтых гультаёў можна было б выкарміць добрага падсвінка», але зводзіць ката i сабаку не збіраецца.

—Ну, як там, Апанасавіч, мае вучаніцы? — запытала Каця ў яго, бачачы, што ён сядзіць паблізу i саромеецца, запытала, хоць i добра ведала, што ён не вучыць яе дачок.— Усё гаварэця, каб я ведала.

—Дзеці як дзеці, — адказаў ён.— Ніхто на ix не наракае. Старанныя, працавітыя.

—Працуюць, бо жыццё прывучыла...— уздыхнула Каця.— Большая то кожны год добра вучыцца, а вот меншая кепска... Ды i здароўе яе кепскае... Усё галава баліць...