Затым схадзіла ў другую палавіну i прынесла адтуль пляшку, заткнутую гумовым чорным коркам.
—Не трэба, — прамовіў ён, саромеючыся i Каці, i яе дочак-вучаніц.
—На апетыт трохі...— усміхнулася Каця, наліла яму з палавіну шклянкі, а сабе зусім крыху.— Ну, будзьце здаровыя, — сказала, але пастаралася не зірнуць, не глядзела: бярэ ён чарку ці не — выпіла, прыкрыла рот рукою.— Фу, як яе толькі п'юць!
Ён паволі выпіў, моўчкі пачаў закусваць.
—А можа, i гэта дап'яце?— спытала пасля.— Кропля тут засталася, што вам значыць, мужчыну...
—Ды хопіць, — усміхнуўся ён.— Не раз i кропля лішняй бывае, зводзіць... Што тады i стрымацца не можаш... Вялікая яна губіцелька, гэтая гарэлка...
—Гэтая халера толькі дурных ды прагных губіць, разумнага чалавека не звядзе...— сказала яна, зноў на яго не пазіраючы, але шмат што i намякаючы, — Ну, дык бярыце за здароўе ды за гэты розум...
Выпіўшы, ён зноў пачаў есці, адчуваючы, што ў яго разгарнуўся апетыт, а яна яшчэ дастала гуркоў, парэзала каўбасы. Сама не ела больш, сядзела паблізу, як радуючыся, што сядзіць разам з мужчынам i той смачна есць тое, што яна прыгатавала, i не толькі смачна ўплятае, але i, канечне, у душы дзякуе ёй.
—Спадабалася вам у нас, Апанасавіч? — запытала пасля з хваляваннем у голасе.
—Ды няблага...— адказаў ён, зірнуў на яе, яшчэ зусім маладую, ружовашчокую, прыгожую, i адчуў такое збянтэжанне, якое даўно ўжо не адчуваў: прыйшоў вялікі смутак па жанчыне — па жонцы, сяброўцы, маці яго дзяцей, — па ўсім тым, без чаго, відаць, не можа жыць усякі разумны ды здаровы чалавек.— Ды чаму можа быць блага? Дырэктар як дырэктар, як i ў кожнай школе, калегі на рабоце разумныя, далікатныя, працавітыя... Толькі вот, можа, аднагодкаў маіх мала, бо ўсе маладыя амаль, са сваімі клопатамі, i я ім мала падыходжу, бо ў мяне іншыя клопаты... A ў вас мне — здаецца, лепш нідзе i быць не можа...
—Ці добра вам тут выходзіць?— як ужо між іншым запытала Каця, прыбіраючы стол.
—Ды рублёў сто трыццаць...
—Добра, — сказала яна.
Ён нічога не адказаў, закурыў, глядзеў, як увішна ўсё робіць гаспадыня, i адчуваў трывожнае хваляванне ад блізкасці жанчыны...
1975
ЗНАЙСЦІ-СТРАЦІЦЬ
1
Доўгае, але вузкае люстэрачка густа запацела — i Навіцкаму, каб паглядзецца, прыйшлося выцерці яго мяккімі ручніковымі матузкамі. Цярнуў улева-ўправа, адлюстрыў шкло, пасля адпіхнуў на падстаўцы ў бакі павільгатнелыя шампуневыя бутэлечкі, слоік з зубнымі шчоткамі — i зірнуў на сябе.
Спачатку здалося, што адтуль, з люстэрка, глядзіць зусім яшчэ маладун з апалымі на шчокі мокрымі валасамі. Але як падняў, залізаў ix расчоскаю на патыліцу, адкрыў твар з буйным носам, пасля адкрыў высокі лоб, дык адразу пастражэў i стаў падобны на самога сябе, на саракадвухгадовага мужчыну. Так раптоўна пастарылі яго сур'ёзнасць, задумлівасць ды, відаць, i маршчыны. Ix было вельмі шмат на лобе, ля вачэй, а гэтаксама нямала ix, дробненькіх, гусцілася i пад вачыма, дзе яны цямнеліся глыбокімі плямкамі.
Калі папхнуў дзверы на калідор-прыхожую i ў цёплую, запараную ванную ўварваўся свежы струмень, пакрысе пачаў астываць ад цёплага душа, суха палымнець i чырванецца на жаўлаках. Не выціраўся, a толькі прыкладаў ручнік да цела. Бачыў: яно белае-белае, не крамянае ды дужае, як было яшчэ гадоў пяць назад, a залішне нейкае мяккае i вялае, як ва ўсіх людзей яго веку, што больш сядзяць, чым ходзяць, лянуюцца раніцай памахаць рукамі ды раз-другі нагнуцца-разагнуцца.
Як зусім абсох, тут жа надзеў адпрасаваныя жонкаю штаны, белую кашулю, гальштук — што ўсё вісела дасюль тут на дроце, — i вось цяпер, прыбраўшыся, ён неяк памаладзеў, схаваў сваю заранаватую паўнату, стаў, здаецца, зноў «ніц собе», як жартуюць яго жанчыны-падначаленыя. Яны кажуць, што ён не маладзёнак ужо, але яшчэ надта не пастарэў.
Прыбіраўся i чуў, што жонка — на кухні. Ляскала там то вечкамі каструль, то рэзала ды шаткавала, стукала нажом па кружку, часта пускала ў ракавіну ваду — i тады тут, у ваннай, гулі трубы, a калі рабіла моцны струмень гарачай вады, дык верхняя трубка трэслася, падкідала падстаўку i на ёй з'язджалі ўбок бутэлечкі. Ён узлаваўся на жонку, не вытрываў, выцягнуў руку i пастукаў пальцам у запацелае акенца — i Валя адразу паменшыла струмень.
Навіцкі крыху супакоіўся, падумаў, што не трэба затрымлівацца, а варта хуценька выйсці з ваннай, апрануць пінжак, плашч i, каб не бачыла жонка, падацца з кватэры. Не хочацца не толькі гаварыць з ёю, але i гэтак жа не хочацца нават сустракацца з яе самотным позіркам. Глядзець у вочы — не тое што не хочацца, а неяк сорамна. Сорамна ад таго, што яна — вельмі спагадлівая, чулая, добрая характарам жанчына — даўно ўжо, можа, ведае, чаго ён у кожную пятніцу прыходзіць з працы раней дадому, мыецца, прыбіраецца i куды з'язджае на цэлы вечар, яшчэ даўней, можа, адчула, што яна яму надакучыла. Ведае, але маўчыць. Маўчыць, каб не зналі пра гэта дарослыя дзеці, каб быў лад у сям'і...