Выбрать главу

Вось урэшце паказаўся і цягнік. Ён хутка прайшоў праз станцыю. Усе вокны былі завешаны фіранкамі. І як ні прыглядаўся Міколка, ён нічога не ўбачыў. І толькі ён сабраўся ўжо выйсці з вагона, калі прайшоў цягнік, як яго за руку схапіў салдат.

— Ты куды, падшывалец, назад!

Аказалася, што прайшоў толькі цягнік з царскімі генераламі і слугамі і хадзіць па пуцях яшчэ не дазвалялася. Праз якія паўгадзіны паказаўся і царскі цягнік. Вялі яго аж два паравозы, і на пярэднім быў вялікі двухгаловы арол. Усё роўна як той, што быў намаляваны на Міколкавым вагоне над надпісам: «40 человек, 8 лошадей». Але гэты арол быў надзвычай вялікі і бліскучы, аж загледзеўся на яго Міколка, на якую хвіліну і пра цара забыўся. Вагоны ў цягніку былі надзвычай прыгожыя, усё з шырокімі вокнамі, бліскучымі, як люстэркі. Цягнік ішоў вельмі марудна на стрэлках, нібы воз які з малаком ці з гаршкамі. Міколка пільна прыглядаўся да акон, каб угледзець цара ці хаця царанят. Але дзе ты ўбачыш на такой адлегласці. А цягнік усё ішоў ціха, паволі. І тады, не доўга думаючы, кінуўся Міколка маланкай да цягніка, каб спрытней разгледзець усё. Ён ужо набліжаўся да вагонаў, як за ім пабеглі аж два жандары і крычалі так, што не чутна было стуку вагонаў:

— Стой! Стой! Страляць будзем…

Міколка бачыў, як заварушыліся фіранкі на вокнах вагонаў і нечыя палахлівыя твары схаваліся за імі. І, каб не папасціся ў лапы жандараў, Міколка як дуж сігануў на падножку вагона і кінуўся далей, у тамбур.

«Пад’еду, — думаў, — за станцыю, а там і саскочу ля семафора…»

Толькі ён падумаў гэта, як яго і схапілі за рукі ў вагоне двое салдат-вартавых, што стаялі непрыкмечаныя ім каля выхаду. А нейкі сівы-сівы, увесь у золаце, у медалях, у звёздах ды ў блішчастых эпалетах, наставіў на Міколку пісталет і, трасучыся і адступаючы назад, крычаў не сваім голасам:

— Стой! Стой! Рукі ўгару!

А дзе ты падымеш гэтыя рукі, калі іх сціснулі так, што косці занылі.

— Не варушыся, застралю! — не сунімаўся стары. — Звязаць злачынца, абшукаць, адабраць зброю!

Моцна скруцілі Міколку рукі назад, аж уеліся рамяні ў цела. Павалілі Міколку на падлогу, абшукваць пачалі. Але што ты там знойдзеш у Міколкавых кішэнях. Высыпалася з іх штук з дваццаць розных гузікаў, дзве невялічкія гайкі, пара цвікоў, кавалачак каляровага шкла, драбок цукру, што ўзяў у дзеда, ды кавалак «зайцавага хлеба».

Сівы генерал, а можа, міністр — не было асабліва часу Міколку даведацца дасканала пра ўсё, — трымаючы над Міколкам пісталет, другой рукой у пальчатцы асцярожна дакрануўся да гузікаў, да цвікоў. Ён нібы баяўся, што гэтыя гузікі ўзарвуцца адразу і разнясуць на мэтлахі ўвесь царскі цягнік.

— Што гэта? — грозна спытаў ён Міколку, паказваючы на гузікі.

— Гузікі… Вось гэта пара ад штаноў дзеда Астапа, а гэта…

— Маўчаць! — і так грозна крыкнуў сівы, што ў Міколкі і дух заняло. — А гэта што? — і сівы асцярожна дакрануўся пальцам да хлеба.

— «Зайцаў хлеб»… — ледзь прашаптаў ад страху Міколка, адчуваючы сябе ні жывым ні мёртвым пад грозным пісталетам.

— Панюхаць! — скамандаваў салдатам сівы.

Тыя добра панюхалі па чарзе, паклалі назад і грымнулі ў адказ, як па камандзе:

— Хлеб, ваша сіяцельства!

Сівы недаверліва паглядзеў на хлеб, дакрануўся да яго яшчэ раз пальцам і, наморшчыўшы нос, загадаў:

— Пакласці ўсё назад у кішэні злачынца. А яго прывесці ка мне на допыт…

І вось стаіць Міколка перад генералам, а можа, перад міністрам, і ўспамінае дзеда. Эх! Хутчэй бы да яго, да бацькі, да маці. А цягнік ідзе. Толькі чуваць, як пастукваюць колы: цік-так-так, цік-так-так… Праз завешанае акно нічога не было відаць. Абапал Міколкі стаяць два салдаты, трымаюць яго за рукі. Генерал пытае сурова:

— Дык чаго ж ты скочыў у вагон?

— Убачыць хацеў… — выпаліў адразу Міколка. Ён ужо смеласці пачаў набірацца, узгадаўшы, як храбра лавіў ён рака ў дзедавай барадзе. Дый баяцца ён кінуў гэтага сівога, які, бачыш ты, не разумее, што такое гузікі і што такое «зайцаў хлеб». Дый баіцца, відаць, яго гэты сівы. Не стаў бы звязваць Міколку, пісталетам яму пагражаць.

— Каго ж ты ўбачыць хацеў?

— Цара! З царом хацеў пазнаёміцца…

— Ах жа ты рыштант! — аж пачырванеў тут ад злосці сівы і ад злосці той бараду сваю торгаў. — Ладна, я пакажу табе цара, добра пакажу, каб ніколі не забыўся ты на гэта знаёмства…