Выбрать главу

Слухае Міколка. Сапраўды ж цікава. Бацька яшчэ раскажа і пра нафту, якую таксама паляць на паравозе. Бацька раскажа і пра мазут, дзе і як яго здабываюць. Ён раскажа і пра паравоз, і пра чыгунныя рэйкі, і пра розныя сігналы. Багата чаго ведае ён. І нездарма заўсёды здзіўляецца Міколка і кажа ў роздуме:

— Разумны ты, бацька!

Праўда, з гэтым не зусім каб пагаджалася матка. Тая трымаецца трохі інакшых думак пра бацьку і пра гэтыя свае думкі кажа часам уголас, ды ў які яшчэ голас. Хоць вушы тады затыкай:

— І калі ты ўжо сур’ёзным чалавекам станеш? Другія ж, глядзі, у старшыя машыністы ўжо выбіліся… Другія, глядзі, на ўласныя хаткі з садамі ўзбіліся… А ты век тут карпей ды гібей у гэтым дзіравым вагоне… Галава непуцёвая.

На гэта бацька звычайна нічога не адказваў, маўчаў. Альбо важна пытаўся: «Што скажаш яшчэ цікавага?» Альбо запяваў канарэечку:

Канарэй, канарэй-пташачка, Канарээ-е-чка жалабна пяёць.

Ну што ты з яго возьмеш тады, з гэтай канарэечкі. Пабурчыць, пабурчыць маці ды сціхамірыцца.

А вагон сапраўды дзіравы. Вагон — хата Міколкава. Стары парахнявы вагон, з пашчапанымі коламі, са збітымі буферамі. З’ездзіўся вагон, пастарэў. Паставілі яго ў тупік пад жыллё. І колькі вунь гэтых вагонаў, цэлы пасёлак — жывуць у іх дэпоўцы: токары, слесары, машыністы з качагарамі. І цеснавата ў вагоне. Палову займае бацькаў ложак. Пасярэдзіне невялікая печка. На другой палове месціцца дзіцячы тапчан, тут жа спіць Міколкаў старэйшы брат, які ўжо сам зарабляе, ходзіць у змазчыках. Тут жа спіць дзед Астап. Тут жа невялічкі стол, за якім палуднуюць, вячэраюць, на якім маці бялізну качае. Цесна ўсё ж.

Адно што добра: выскачыш з вагона, і тут табе воля вольная. Бяжы куды хочаш: ці пад дэпо, ці на пуці, ці на недалёкае балота за лесам. Знадворку і вагон прыгожы. Яшчэ не сцерлася назусім чырвоная фарба. З левага боку ўгары намаляваны чорным па беламу двухгаловы арол з царскай каронай. Пад арлом надпіс: «40 человек, 8 лошадей».

— Дзе ж тыя коні? — пытае бацьку Міколка, калі старэйшы брат чытае часам уголас гэты надпіс.

— А мы з табой чым не коні? — пасмейваецца бацька.

— А чаму ў арла дзве галавы?

— Таму што адной не хапае, дзіравая… Таму, бачыш, і каронай накрытая.

Дужа там разбіраўся ў тых царскіх каронах Міколка!

Куды цікавей былі яму розныя цацкі: гайкі, каменьчыкі, шасцяронкі чыгунныя, розныя блішчастыя гузікі, якія знаходзіў часам на пуцях. Ды яшчэ безліч розных малюнкаў, аж паўсцяны вагона было аблеплена імі. Кожны дзень папаўняў Міколка сваю калекцыю, ці, як называў бацька, карцінную галерэю. Шукаць доўга новыя малюнкі не прыходзілася. Даволі прайсціся раз у дзень па чыгунцы — вярсты дзве туды ды назад — вось і поўныя кішэні здабытку. Багата чаго застаецца на пуцях ад пасажырскіх цягнікоў: тут і паперкі ад цукерак, папяросныя карабкі, часам цэлыя кніжкі, газетныя лісты, цікавыя малюнкі на розных бутэльках.

«Смачна ядуць, чэрці!» — думаў часам Міколка, збіраючы сваю калекцыю. Пад чарцямі ён разумеў усіх тых, што ехалі ў пасажырскіх цягніках, асабліва ў вагонах першага і другога класа. Гэтыя вагоны ён вызначаў па іх колеру. Звычайны вагон бура-зялёнага прапыленага колеру, а другі і першы клас — цёмна-сіняга, блакітнага, а часам жоўтага.

— Паны… — у дадатак да чарцей называў ён пасажыраў гэтых вагонаў. І сапраўды, ездзілі ў іх багата апранутыя людзі, прыгожыя ўборы былі на дзецях, якія паказваліся ў вокнах.

«Самі цукеркі жаруць, салодкую гарэлку п’юць, а мне толькі пустыя паперкі ды пустыя бутэлькі… Вось бы ўзяў бацька ды звярнуў цягнік пад адхон, няхай бы тады гэтыя паняняты пехатой прайшліся…» — так думаў часам Міколка, не на жарты сярдуючы на гэтых людзей, якія, відаць, не разумелі смаку ў «зайцавым хлебе» і жылі на ўсім гатовым. І дзеці іх у прыгожых шапках з залатымі літарамі. Знайшоў раз Міколка на пуцях такую шапку, дахаты прынёс, на галаву прымераў. Паглядзеў на шапку бацька ды кажа:

— Дурань ты, Міколка! Хіба ў гэтай шапцы нам ды пры мазутнай справе… Не да твару, браце, нам такая шапка. У такіх шапках, браце, ходзяць толькі буржуйскія дзеці.