Выбрать главу

— А здаецца ж, не малы ты ўжо, дзед, і трэба ж так…

— То ж гэта не сляза, унуча, гэта радасць… — сканфузіўся дзед.

Ну, што ты зробіш тут з гэтым дзедам!

Сёмка-матрос запытаў іх, адкуль яны, што за людзі і якія прычыны прымусілі дзеда сме�а заступіцца за яго, Сёмкава, жыццё. І калі ўсе даведаліся, што дзед Астап — бацька памочніка машыніста Андрэя, а Міколка — сын Андрэеў, агульнай радасці не было канца-краю.

— Гэта ж мой найлепшы прыяцель, твой бацька! — гаварыў ён Міколку. — Твой жа бацька самы смелы бальшавік! Мы з ім, ды з другімі рабочымі, ды з нашымі вось партызанамі добра правучым паноў… будуць ведаць, як вёскі грабіць, бальшавікоў ды беднату выдаваць немцам на расправу… А прыйдзе час, возьмемся як след і за немцаў!

Панскі палац пачаў ужо гарэць з аднаго канца. Вострыя языкі полымя вырываліся з верхніх акон, узнімаліся чорныя клубы дыму.

— Важнецкі гарыць. Усё пайшло пылам-дымам… Мала было яму ўсё, гаду… Ад хцівасці на нашыя вёскі пайшоў, праз яго пагарэлі. Немцаў наслаў. Няхай жа гарыць, выгарае, каб і кораня панскага не засталося…

І тут хапіўся матрос:

— А гэтага самага тлустага д’ябла, самога пана мы яшчэ не злавілі.

— Схаваўся, гад, недзе…

— Выкурым, нідзе дзенецца!

І тут заўважыў Міколка, як з верхняй веранды скочыла на зямлю нешта белае, грузнае. Ён як дуж кінуўся ўслед. За ім пабег дзед. Белае, грузнае кінулася ў зараснікі бэзу, акацый. Вось яны наганяюць ужо, толькі лыткі ўцекача мільгаюць у роснай траве, а спыніцца каб, дык не. Гэта быў пан. Ён выскачыў у адной сарочцы і цяпер пабег, засопшыся, наважыўшыся праскочыць сад і даць лататы да лесу.

— Стой, пузан, а то выстралю! — крыкнуў на бягу дзед і размахваў карабінкай, якою надарыў яго Сёмка-матрос.

Пан сігануў праз шчыкет, але, учапіўшыся сарочкай за шчыкеціну, павіс на ёй, агаліўшы валасатыя ногі.

— Бач ты, сцёгны якія паразгадаваў, па тры пуды, няйначай…

Але раптам зрабіўся сур’ёзны і адступіў на крок. Узяўшы важна пад казырок, скамандаваў дзед:

— Злазьце з плота, ваша сіяцельства, нязручна так, няйначай!

Але дзе тут злезці пану. Павісла сіяцельства ўсур’ёз. Падбеглі сяляне і не зусім, каб сказаць, далікатна знялі яго з нязвыклага крэсла. Як крануўся зямлі пан, так і кінуўся ў ногі сялянам. Цалаваў зямлю, слюнявіў сялянскія лапці, маліўся, прасіўся, усімі багамі кляўся, што не ён вінаваты ў расстрэлах, а немцы.

— Хто табе веры дасць, ірад? Але што з ім рабіць, з сіяцельствам гэтым? Не варта кулю псаваць на жабу такую… — раіўся Сёмка-матрос і загадаў: — Пасадзіць яго ў сажалку, няхай прахалоджваецца пасля такой гарачкі… А то ў ванне яшчэ сёння, мусіць, не было яго сіяцельства.

І сядзеў пан у сажалцы, паварухнуцца баяўся.

А партызаны тым часам не драмалі. Выганялі жывёлу з панскіх хлявоў, выводзілі коней, выгружалі свірны. Прыгадзіліся панскія каламажкі, на іх зручна прымайстравалі адабраныя ў немцаў кулямёты, палажылі вінтоўкі. На адной з каламажак прымасціўся ля кулямёта Міколка. Дзед Астап усеўся на нямецкага стаенніка і быў цяпер падобны на сапраўднага ваяку-кавалерыста. Не хапала да поўнага баявога выгляду толькі шаблі. Але Сёмка-матрос дастаў аднекуль і шаблю і надарыў ёю дзеда. Міколку ж ён даў маленькі штык ад нямецкай карабінкі. Штык быў падобны на кінжал, і ім вельмі ганарыўся Міколка, павесіўшы яго збоку на папружку. Так зрабіўся Міколка кулямётчыкам, а дзед Астап — кавалерыстам. Праўда, у кавалерыі дзеду Астапу хутка не спадабалася, і ён перайшоў неўзабаве ў пяхоту. Але аб гэтым пасля.

Калі дагараў ужо ніжні паверх панскага палаца, атрад Сёмкі-матроса рушыў з двара. Уперадзе ехаў Сёмка на добрым вараным кані, якога ўзялі ў пана. За ім ехалі некалькі хлопцаў, узброеных шаблямі, карабінамі і гранатамі. Услед рушылі тры каламажкі з кулямётамі.

Ужо развіднела.

Збляднела зарава пажару, толькі дым пасцілаўся яшчэ чорнай смугой над дарогай, над лесам. Атрад прыбавіў кроку. Коні рванулі ўперад і панеслі наўскач, пераганяючы адзін аднаго. Затарахцелі каламажкі, падскакваючы на выбоінах ды на карэннях лясной дарогі.

— Ану яшчэ, яшчэ паддай! — грымнуў Сёмка-матрос.

Як лёгкія птушкі, узняліся коні, распушыўшы хвасты і грывы. Толькі срэбрам мільгалі падковы капыт ды клубы пылу ўзнімаліся ўслед, плылі за атрадам ружовым воблакам.

— Паддай, паддай! — не змаўкаў камандзір.