Выбрать главу

Шалелі нямецкія генералы. Прымалі і абвяшчалі самыя суровыя загады, рабілі захады, каб злавіць людзей, якія супраціўляліся ім, перашкаджалі беспакарана грабіць гарады і вёскі, распаўсюджвалі пракламацыі сярод нямецкіх салдат. І хутка Сёмка-матрос і дзед Астап даведаліся, што іх галовы ацэнены ў сотні тысяч германскіх марак. Нават Міколкава галава была ў генеральскім цэнніку. Гэтыя цэны былі вызначаны ў спецыяльным генеральскім загадзе, расклееным па гарадах і па вёсках.

Прачытаў гэты загад дзед Астап і, злажыўшы тры пальцы ў вядомую камбінацыю, урачыста сказаў:

— Вось усё тое, што атрымаюць ад нас і за нас!

Зірнуў на яго Сёмка-матрос, падміргнуў дзеду і загадаў спецыяльную пячатку выразаць. Дні са два стараўся Міколка, выразаў пячатку з ліпавай плашкі. Пячатка выйшла важнецкая, памерам у далонь, з ясным малюнкам, з вялікімі літарамі. На самай сярэдзіне ў кругу быў майстэрскі выразаны звычайны кукіш. А навокал яго віліся буйныя літары слоў: «Нямецкім генералам — з любоўю ад партызан». Гэта пячатка хутка з’явілася на ўсіх генеральскіх загадах. Гэтую пячатку лажылі на спецыяльныя распіскі, якія выдавалі партызаны нямецкім салдатам, калі адбіралі ў іх якое дабро ці зброю. Захопяць у палон атрад, адбяруць карабіны, коней, награбленае дабро, Міколку загадваюць:

— Ану, пішы ім дакумент, распіску!

Пісаў Міколка:

«Мы, партызаны, даём распіску ў тым, што сорак карабінаў, пяць рэвальвераў, сорак коней, трыста пудоў хлеба, награбленага ў сялян, прыняты намі ад нямецкай часці ў поўным парадку і спраўнасці, што і сведчым сваімі подпісамі і пячаткай. Выдана гэта для нямецкіх генералаў».

А напісаўшы, даставаў Міколка з торбы пячатку, браў кусок бяросты, запальваў яе і, пакапціўшы пячатку, важна прыкладаў ліпавы кукіш да «квітанцыі». З усіх канцоў да генералаў сыпаліся гэтыя кукішы.

Шалелі генералы і кідалі сілы, каб расправіцца з партызанамі. Падцягнуліся і нашы лясныя ваякі. З параходам цяжка было ўпраўляцца, не зацягнеш жа яго ў лес. А па Дняпру хадзілі ўзброеныя нямецкія судны, якія не сягоння, дык заўтра маглі засцігнуць параход у затоцы і захапіць яго. І як ні шкадавалі хлопцы свайго «браняносца», яны вымушаны былі расстацца з ім. У светлую месячную ноч, зняўшы з парахода ўсе кулямёты і гарматы, вывелі яго партызаны на сярэдзіну ракі і затапілі на самым глыбокім месцы, каб перашкодзіць нямецкаму параходнаму руху. А раніцой з вялікім задавальненнем назіралі, як на гэтым месцы затапіўся нямецкі параход, наскочыўшы дном на партызанскага «браняносца».

Лагер свой партызаны прымушаны былі пераводзіць у другія месцы, каб збіваць з панталыку немцаў.

Шчаслівыя хаўтуры

Атрад Сёмкі-матроса набліжаўся да горада, каб дапамагчы рабочым на выпадак якой сутычкі з немцамі. А такія сутычкі маглі быць. Атрад разбілі на тры часткі, каб лягчэй было прабрацца праз нямецкія войскі. У перадавым атрадзе былі Сёмка-матрос, Міколка, дзед Астап і сотня коннікаў партызан. З атрадам быў адзін кулямёт, рэштка кулямётаў была ў другіх атрадах. У кожнага партызана былі карабінка, рэвальвер, гранаты. Некаторыя спрытнейшыя мелі яшчэ шаблі.

Атрад спыніўся на начлег у адным вялікім сяле. Ужо з даўняга часу павялося, што партызаны рабілі па вёсках суд і расправу над тымі, хто крыўдзіў сялян, хто прыгнятаў бедных. І доўга разбіралі Сёмка-матрос, дзед Астап і Міколка розныя сялянскія скаргі і крыўды. Скардзіліся на мясцовага памешчыка, які такую волю пры немцах займеў, што адбірае ў сялян зямлю, не пускае іх у лес, з дапамогай немцаў жорстка распраўляецца з усімі тымі, хто быў раней у батрацкіх камітэтах і ў сельсаветах.

— Пусціць яму чырвонага пеўня! — скамандаваў Сёмка.

Група партызан адразу ж села на коней і, нягледзячы на цемень ночы, паехала «ў госці» да памешчыка. І праз якую гадзіну шырокае зарава калыхалася ўжо над лесам і над палямі. І кожны ведаў, што гэта пану навука, што гэта з агнём і дымам пусцілі партызаны панскія здабыткі.

Скардзіліся сяляне і на мясцовых кулакоў, на мельніка, на старасту, які задужа налягае на сялян з падаткамі для немцаў, прычым гэтыя падаткі ўскладае на плечы бяднейшых, адбірае ў іх апошняе дабро, апошнюю карову. Узяліся як след за старасту. Да позняй ночы дапытвалі яго і дзесяткі сведак. Каб добра правучыць кулака, пастанавілі: адабраць у яго палавіну маёмасці і раздаць бяднейшым, а лепшых коней узяць у атрад. Узвыў тут стараста, замахаў рукамі, захадзіў, забегаў.