Выбрать главу

А ўслед ім імчалі ўжо конныя партызаны… На нямецкіх конях ляцелі. Хто з немцаў уцёк, а многіх у палон забралі, абяззброілі. Сабралі ў кучу, наладзілі допыт.

— Хто? — дапытваўся ў іх Сёмка-матрос. Ён пытаў пра чалавека, які навёў іх, паказаў ім партызанскую стаянку.

Добра не ведалі немцы імя чалавека, але паказалі на блізкі лясок, дзе, паводле іх слоў, хаваўся той чалавек, які прывёў іх і, баючыся паказацца з імі на сяле, застаўся там.

З дзесятак партызан паскакалі к паказанаму месцу. І праз якіх хвілін дваццаць прывялі адтуль чалавека. Гэта быў стараста.

— Ён… — паказалі на яго немцы.

Здрыгануўся той, пабялеў увесь, прыліп да зямлі, не зварухнуўся. Зрабілі вобыск. З-за пазухі выцягнулі вялікі пачак нямецкіх грошай. Памахаў Сёмка гэтым пачкам перад стараставым носам, прагаварыў праз зубы:

— Мала, аднак жа, ты зарабіў на нашай крыві…

І, сцяўшы зубы, коратка загадаў:

— Станавіся пад бярозу.

Была малая размова са здраднікам-кулаком.

Немцаў адпусцілі на волю, выдаўшы ім вядомыя распіскі з партызанскай пячаткай.

Сёмка-матрос падміргнуў дзеду:

— Бачыш, пашкадаваў учора!

Дзед і сам абураўся:

— Каб я ведаў, што чалавек здольны на такую подлую справу, дык я сваімі рукамі задушыў бы яго.

— Ворага не шкадуй ніколі…

Хутка песні і вясёлая музыка паланілі атрад. Ходырам хадзіла сяло, успамінаючы незвычайныя хаўтуры і такога дзіўнага нябожчыка.

Сёмка Міколку хваліў:

— Вось каму дзякуйце за шчаслівыя хаўтуры! Не здагадаўся б ён, магчыма, і прапелі б нам немцы вечную памяць…

Смяяліся хлопцы, жартавалі. Успаміналі дзедавы бомбы. Ладзілі кулямёт, чысцілі карабіны, пахаваныя раней па гародах.

Атрад рушыў у дарогу.

Міколкаў браняпоезд

З далёкай Нямеччыны прыходзілі цьмяныя чуткі аб надыходзячай там рэвалюцыі. Урэшце прыйшлі чуткі, што гэта рэвалюцыя адбылася. Але генералы, відаць, хавалі гэтыя чуткі ад салдат, жорстка каралі іх за малейшыя ўчынкі, расстрэльвалі за адно толькі слова аб волі, аб рэвалюцыі. І ўжо сцягваючы да савецкіх граніц свае сілы, яны не пакідалі старых намераў: як мага спустошыць краіну, зруйнаваць яе, абяссіліць.

Велізарныя запасы хлеба былі звалены на станцыі, чакалі вагонаў. Стаяла некалькі дзесяткаў цягнікоў з хлебам, з жывёлай, з розным іншым дабром, награбленым па гарадах і вёсках. Не хапала паравозаў. А тыя, якія былі, псаваліся рабочымі. Немцы шалелі, наладжвалі зверскія кары.

— Не даць вывозіць хлеб! — пастанавіў падпольны бальшавіцкі камітэт.

Ад рабочых была выбрана спецыяльная дэлегацыя з трох чалавек. У яе ўваходзіў і Міколкаў брат, змазчык Павел. Дэлегацыя наведала нямецкі штаб, перадала патрабаванні рабочых да нямецкай арміі: мірна пакінуць горад і ехаць у Нямеччыну… Рабочыя згодны даць вагоны пад эшалоны. Пад хлеб, пад награбленае дабро рабочыя вагонаў не дадуць. Пад гэтыя цягнікі ніводзін паравоз не выйдзе з дэпо.

Такія былі мірныя патрабаванні ад рабочых.

Сівы падцягнуты генерал моўчкі выслухаў гэтыя патрабаванні. Ён доўга маўчаў, калі дэлегацыя кончыла гаварыць. І цяжка было даведацца па сухім, паголеным твары, аб чым думае гэты генерал, увешаны ордэнамі, звёздамі, рознымі шнуркамі і шнурочкамі. І толькі праз хвіліну важна падняўся ён з крэсла, важна падышоў да дэлегацыі, стаў бокам да старэйшага з дэлегацыі, да старога машыніста Арлова. Працадзіў праз зубы:

— Як вядома вам, я генерал арміі яго вялічаства імператара Вільгельма… Я прадстаўнік самай культурнай, самай перадавой у свеце нацыі. Вам павінна быць вядома, што з дзікунамі мы не размаўляем… Для дзікуноў у нас штык, кулямёты, вінтоўкі. Можаце дзякаваць мне, што я не расстраляў вас за абразу нямецкай арміі такімі ганебнымі, такімі дзікімі, такімі нечуванымі яшчэ ў гісторыі патрабаваннямі… Можаце выбірацца вон!

Відаць было, як генерал ледзь-ледзь стрымліваў гнеў. Суха паблісквалі яго шэрыя вочы, шчацініліся сівыя бровы.

Дэлегацыя не пайшла. Загаварыў стары машыніст:

— Выгнаць вон — гэта справа няцяжкая. Але ж гэта не вырашае справы. А мы, пане генерал, прыйшлі да вас не ў жарты гуляць і не аб дзікунстве спрачацца, дзе яно і ў каго… Аб гэтым пагаворым пасля. Мы яшчэ раз пытаем вас: згодны вы прыняць нашы ўмовы ці не? Калі не згодны, тады наракайце самі на сябе…