Выбрать главу

Павярнулі гарматы на эшалоны. Але было позна. Немцы акружылі горад, абыходзілі станцыю. Трэба было адступаць. Немцы пачалі насядаць з бакоў, захапілі ўжо некалькі дзесяткаў чалавек у палон.

Тады падышоў да Міколкі дзед, загадаў:

— З кулямётамі мы самі ўправімся… Пакуль будуць патроны, немцам не здамося. А ты, пакуль не позна, бяжы за станцыю. Там у тупіку на паравозных могілках схаваны намі пасажырскі паравоз. Ён стаіць пад парай. Дык гані на ім да чырвоных… Вёрст пяцьдзесят да іх будзе, яны павінны наступаць сёння на суседнюю станцыю. Прасі дапамогі. Не дамо немцам награбленага дабра!

Як ветрам падхоплены, імчаў Міколка. Вось і тупікі. Вось і паравозныя могілкі. Стаяць на іх старыя, паржавелыя паравозы. Пасажырскія, таварныя, манеўровачныя, «кукушкі». А вось і жывы паравоз. Прытаіўся, схаваўся за паравозным ламаччам. Аж дрыжыць, так чакае дарогі прыгажун пасажырскі. Паравозная каманда ў парадку. У кожнага карабін.

Уздыхнуў паравоз парай і без гудкоў, без свісткоў выбраўся на галоўны пуць. Прастора перад ім, разгон бязмежны. Аж колы сакочуць, не ўгледзіш за дышлам, за размашыстым вобадам. Не ідзе, а ляціць паравоз, і толькі мільгаюць паабапал пераезды, слупы, паласатыя вёрсты. Нахіляюцца бярозы, і іх шэпт кучаравы зліваецца з гарачым дыханнем машыны.

А паравоз імчыць.

Толькі і чуваць: ча-ча-ча… ча-ча-ча…

Аж калышацца тэндэр, гойдаецца з боку ў бок, ды ўзвіваюцца клубы пылу ззаду — нічога не відаць там у дыме, у пыле.

Вось і суседняя станцыя. Тут могуць быць яшчэ немцы.

«Каб жа не затрымалі!» — адна ва ўсіх думка.

Трывожна загудзеў паравоз і, не збаўляючы ходу, імчаў на закрыты семафор. Замітусіліся рабочыя там. Бачылі — здарылася нешта дужа важнае. Перакінулі стрэлкі на галоўны пуць, і паравоз маланкай прамільгнуў праз станцыю. Нямецкі патруль, выскачыўшы на перон, паслаў наўздагон некалькі стрэлаў. Але дзе ты вецер дагоніш!

Праз якое паўгадзіны былі на жаданай станцыі. Паравоз стаяў як укопаны ля браняпоезда. Бачыў Міколка, што гэта наш браняпоезд. Шырокі чырвоны сцяг калыхаўся над закутым у браню паравозам.

— Хутчэй да начальніка поезда! — кінуў Міколка падаспеўшым чырвонаармейцам. Вось ён і ў начальніка, у маладога камандзіра. Той слухае яго ўважліва.

— Адразу ж давайце нам дапамогу… Неадкладна, вось зараз жа…

— Добра! — заўважыў начальнік і загадаў падрыхтаваць да адпраўкі поезд ды, акрамя таго, быць напагатове запасному эшалону. — А цяпер можна спакойна расказаць мне аб усім. І колькі немцаў… І ці ёсць гарматы ў іх… Ці цэлая пуць.

Аб усім расказаў Міколка. І аб немцах, і аб рабочай дэлегацыі, і аб сваім партызанстве…

— Ну дык ты, выходзіць, не звычайны хлапчына, а слаўны герой!

Некалі было Міколку пра сваё геройства расказваць, ды і не любіў ён пахваляцца гэтымі справамі. Камандзіра прыспешваў.

— А ў нас ужо ўсё гатова! Садзіся вось да нас у вагон, паедзем… — сказаў яму камандзір.

— Не… Мне ўжо дазвольце на ваш паравоз… Я з машыністам паеду!

— Ну што ж, бяжы на паравоз, калі ахвота!

Пабег Міколка да паравоза, але дзе ты ўзбярэшся на яго, закутага ў браню. Пастукаў Міколка, загадаў:

— Адчыняйце! Загадана камандзірам ехаць з вамі!

Паволі адсунуліся сталёвыя дзверцы. Зірнуў Міколка, і слёзы ўмомант твар укрылі: не ад страху, не ад перапалоху, ад вялікае радасці былі Міколкавы слёзы. Перад Міколкам стаяў яго бацька. Ён быў за машыніста на браняпоездзе. Падскочыў Міколка, павіс у бацькі на шыі, прынік шчакой да калючай шчаціны яго барады.

Бацька націснуў адной рукой на паравозны рычаг, другой лашчыў сына, гладзіў яго, цалаваў валасы, шурпатую абветраную шчаку.

— Як жа гэта так, партызан мой малы? Як жа гэта так здарылася, што вас немцы ў крыўду бяруць! Ну, расказвай! — гаварыў бацька і пільным вокам углядаўся наперад, куды імчаў цяпер браняпоезд. Глуха гудзелі і перазвоньвалі металам гарматныя вежы, бранявыя бакі вагонаў ашчацініліся кулямётамі. Цяжка пастуквалі рэйкі пад паравозам. Паравоз бег, набіраючы імклівы разгон.

І калі сказаў Міколка, што зруйнавана немцамі дэпо, што білі немцы з кулямётаў па рабочым пасёлку, што забралі ў турму рабочую дэлегацыю і зверскі білі брата Паўла, — пасуравеў бацька, да болю сціснуў рычаг паравозны. Маўчаў з хвіліну. А браняпоезд імчаў. Неўзаметку ляцелі насустрач чыгуначныя вёрсты. Гудзелі гарматныя вежы, паварочваліся паволі, рыхтаваліся да сустрэчы.

— Ну што ж! Не падай духам, Міколка! — сказаў павесялеўшы бацька. — Хто-хто, а мы пераможам… Не можам іначай! Такі, сыне, закон у нас: не пераможам мы, сатруць нас з твару зямлі, змяшаюць з пылам, з крывёю… З нашай уласнай крывёю… Таму і павінны мы перамагчы!