Выбрать главу

І калі аддыхаліся потым усе ад перапуду, дзед пачаў грозны наступ на Міколку і на яго бацьку:

— І якое ліха панесла вас вужаку лавіць?

— А цябе якое?

Змоўчаў дзед на якую хвіліну. Гэтакі ж канфуз выйшаў — усё ішло так добра і гладка, і на табе, заместа ментуза гада злавілі. А яшчэ парады даваў, а яшчэ выхваляўся. Пасля гэтага здарэння дзед канчаткова рашыў ніколі болей у ваду не лазіць. І калі траплялася часамі Міколку з бацькам лавіць якую рыбіну ў рацэ, дзед асцерагаўся нават падыходзіць блізка да іх, калі яны выцягвалі на бераг таптуху альбо брэдзень. І толькі здалёк пытаў:

— Ну што, шчупак ці акунь?

— А ты падыдзі, сам паглядзі!

— Хопіць ужо, нагледзеўся…

Прызнацца, і Міколка з бацькам не адважваліся болей мацаць ментузоў і, да вялікай радасці дзеда, баяліся лазіць і па ракавых пячорах.

— Яшчэ, чаго добрага, і адтуль выцягнеш трасцу якую паласатую…

А дзед толькі гаварыў:

— Цяпер-то я магу спаць спакойна!

Пасля ўсіх гэтых прыгод з дзедавым ракам і ментузом кончыліся і ранейшыя дыскусіі дзеда з Міколкам, хто з іх храбрэйшы. Абодва прыйшлі да таго вываду, што храбрасці хапае ў іх абодвух… Нават сталі яны блізкімі дружбакамі і зімнімі вечарамі вялі доўгія размовы аб тым, як бы гэта агульнымі сіламі адпомсціць «буржую» за Міколкаву карцінную галерэю. І аб тым, што яны будуць вясной рабіць, калі жаўранкі запяюць, калі зазвіняць ручаіны і ўкрыюцца лясы зелянінай.

І парашылі ў адзін голас — будуць яны ў вольныя ад работы дні заўзятымі паляўнічымі, будуць качак біць і ўсякую другую жыўнасць. Тым больш што была ў дзеда слаўная стрэльба, якая вісела без усякай карысці пакуль што на сцяне. Стрэльба, праўда, была дужа старая, старэй самога дзеда, і парадкам заржавелая, страціўшая ўсякі колер і від. Але як-ніяк яна магла страляць, а гэта ўжо вялікая штука. Прызнацца, і цяпер яна вісела набітая, бо колькі ні намагаўся дзед, каб разрадзіць яе, яму ніяк гэта не ўдавалася. І каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой шкоды, дзед абкруціў анучай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам, каб такія падшывальцы, як Міколка, не нарабілі б часам бяды са стрэльбай.

Такая слаўная стрэльба была ў дзеда. І не дзіва, што Міколка, седзячы зімой у халодным вагоне, так нецярпліва чакаў вясны. І цёпла тады. І качкі тады лятаюць. І ўсякая жыўнасць у балоце варушыцца.

Вось слаўная пара настане!

Гісторыя з дзедавай «арудзіяй»

Прыйшла ўрэшце вясна. Пачарнелі чыгуначныя пуці і курыліся парнасцю пад сонцам. А вечарамі храбусцелі льдзінкі ў лужынах і востра пахла зямлёй, мазутам і каменным вугалем. Гучна гудзелі паравозы, і ліхтары гарэлі ў іх па-новаму, па-веснавому. І самі паравозы рабіліся куды прыгажэйшымі. Не было тых іржавых лядовых сасулек, што віселі зімой пад дышламі, пад цыліндрамі, не было намёрзлага бруду, копаці. Паравозныя бакі льсніліся на сонцы і дрыжалі, гатовыя ўздыхнуць на ўсю моц сталёвых цыліндраў і панесціся ўдалячынь хутчэй ветру і птушкі.

А ў небе курлыкалі журавы і паблісквалі на сонцы, нібы нехта сарваў з тэлеграфнага слупа нізку фарфоравых ізалятараў і кінуў іх высока-высока ў блакітныя бездані неба.

Хораша вясной! І дыхаць лягчэй, і на нагах неяк цвярдзей становішся. І цяплей куды робіцца. І не трэба дзень пры дні сядзець у цесным вагоне і дыхаць цяжкім смуродам ад каменнага вугалю ў жалезнай пячурцы. І дзеду вальней. Выйдзе з вагона, усядзецца на штабель шпал, размінае пад сонцам старыя косці і турэцкую вайну ўспамінае. А калі дзед прымецца за турак, то звычайна каля яго і Міколка аціраецца.

— Ну дык што ж, дзед, час ужо нам з табою на паляванне рушыць!

— А што ты думаеш! Вось абсохне зямля, тады і пойдзем…

Прыйшоў і доўгачаканы дзень. Дзед урачыста зняў са сцяны стрэльбу, узброіўся абцугамі і доўга раскручваў дрот, не падпускаючы ні на крок Міколку.

— Яшчэ, чаго добрага, пекане, дык лепш адыдзіся!

Але стрэльба трымала сябе спакойна. Развязаўшы дрот і дастаўшы капшук з порахам і пістонамі, дзед з Міколкам рушылі ў паход. Гукнулі з сабой і невялічкага сабачку Жэўжыка. Жэўжык быў рад такому выпадку і, наставіўшы хвост пісталетам, важнецка бег перад паляўнічымі, старанна абнюхваючы кожны слупок, кожны пянчук. Дзед не хваліў такіх паводзін і штохвіліны падганяў «ганчака»:

— Пайшоў, пайшоў! Зайцаў ганяй, шкнарадзь!

Але відаць было, што асаблівага спрыту ў паляўнічых справах Жэўжык не меў і толькі кідаўся ў розныя бакі, ганяючыся за першай папаўшайся птушкай. Хутка і зусім знік, сігаючы па балоце за нейкай птахай. Доўга хадзілі нашы паляўнічыя, ногі намачылі, але ніякай здабычы не траплялася. Ні заяц не набягаў, ні дробная птушка не пралятала паблізу. Толькі і заўважылі каршука, які лятаў кругамі над ляском, апускаючыся ніжэй і ніжэй. І ён хутка сеў на высокую алешыну ў балоце.