Выбрать главу

— Якая ты сёння файная! — усміхнуўся, калі падышоў да брамкі.

Ларыса як і не пачула яго слоў, камплімента, зірнула з хмурнасцю, і на яе пераноссі сабраліся ад крыўды і незадавальнення маршчыны.

— Ну, прабач, што запазніўся,— прамовіў ён ціха, пачакаў, калі Ларыса сыдзе ўбок, каб адчыніць брамку.— Трэба было застацца і памагчы сваім васьмікласнікам.

— Ясна, мне ўсё ясна...— з папрокам сказала яна, саступіла, пацягнула сама да сябе рыпучыя з сасновых новых жэрдак вароты, нахмурылася і ўжо з крыўдаю, што ён так спакойна сказаў, замыліла танкаватымі вуснамі, што ў апошні месяц чамусьці страцілі ружовасць.— Ты, канечне, працуеш, бываеш з людзьмі. З маладымі настаўніцамі гэтаксама... А я тут, на гэтым хутары, адна. Адна цэлы дзень. Брыдкая. Во якая... Дык хіба цябе цяпер будзе цягнуць дадому?!

— Ну, як сёння? — ён моўчкі выслухаў гэтыя папрокі, ведаючы, што яна доўга крыўдзіцца не будзе. Спытаў пра тое, што яе гэтыя дні найболей трывожыла.

— Ды добра...— з памяркоўнасцю ўжо адказала Ларыса, пайшла побач з ім па сцежцы да дому, высока падымаючы галаву, але паскардзілася: — Цяжка мне. Так цяжэю, што ледзь цягаю ногі...

— Усё будзе добра,— супакоіў ён.— Хутка ж ужо ўсё... Ты ж цярплівая ў нас, мужная.

Узяў сумку пад левую паху, а вольнай правай рукою абняў Ларысу за плечы, прытуліў лёгка да сябе. Ішлі — яна па вузкай сцежцы, а ён па мураве — моўчкі, пазіралі па гаспадыніну хату: хата сёлета нібы памаладзела: летам ён садраў старую згнілую і ззелянелую салому і разам з тутэйшымі мужчынамі накрыў страху дранкай, потым памазаў белаю фарбаю вокны. Гаспадыня старалася, каб сёлета яшчэ памяняў падлогу, раскідаў старую печ і паставіў новую, «аджываў за гэта», але ён наўмысна адкладаў тое-сёе з гэтых работ на другое і трэцяе леты. Зробіш усё адразу, дык і адразу будзеш непатрэбны...

Павел памог Ларысе ўзысці на ганак. Ішла яна моўчкі, здаецца, вельмі цяжка перастаўляла папаўнелыя ногі, тупала і, відаць, больш не злавалася, можа, ужо — хуткая на злосць, але гэтакая хуткая і на прымірэнне — папікала сябе, што не саўладала з сабою, са сваёй адзінотай і сустрэла яго з нялёгкай працы з непрыхільнасцю. Ды і зразумела, што ён не мог, каб не затрымацца, бо яна і сама летась часта-часта затрымлівалася...

У калідоры-кухні Ларыса надзела на сукенку шэры, у бурачковыя дробныя кветачкі шырокі халат і пайшла да печы. Адставіла засланку, заслала прыпек газетаю, што дагэтуль ляжала складзеная ў кутку запрыпечка, і спрытна вілкамі дастала з нечы гаршчок, чарпаком наліла ў дзве талеркі расольніку. Яму, як бачыў, налівала гусцейшага і большы кавалак мяса паклала. Калі пайшла ў дэкрэт, Ларыса гатавала яму і сабе есці сама, гаспадыні плацілі толькі за кватэру ды за тое, што бралі ў яе тое-сёе з харчоў.

Васілец, пакуль Ларыса насіла ежу на стол, падаўся ў лепшую палавіну пераадзявацца.

Як ён — у трыко і ў тапачках — вярнуўся на кухню, Ларыса ўжо сядзела пры стале. На ім у талерках дымеліся параю духмяны расольнік, жоўценькія ад яек і масла, з рудаватай скарынкай наверсе рысавая запяканка, былі хлеб ды малако.

— Ну, што сёння новае там у вас? — спытала Ларыса, зусім не спяшаючыся есці, нібы хацела, каб ён пасмакаваў першы і сказаў якое слова пра яе кухарства. І ўжо, канечне, больш не гневалася.

— Нічога новага,— усміхнуўся ён, прыплюшчыў вочы: узяў у рот лыжку гарачага расольніку.— Гарачы, але смачны... Прайшоў яшчэ адзін — школьны — дзень. Вялікіх падзей ніякіх не адбылося, усе давалі ўрокі. Хоць працоўны дзень, як сама ведаеш, яшчэ не закончыўся. Бо вунь колькі,— ён кіўнуў на пакоўную сумку,— прынёс сшыткаў...

— Ну, як слухалі твае васьмікласнікі, што гэтак напісалі сачыненне, маюць яшчэ шмат троек ды двоек?

— Перажывалі... Але, мусіць, не больш за мяне...— паківаў галавою Васілец,— Але не гэта самае галоўнае. Я вось каторы ўжо год бачу, што і не навучыш усіх, многія нойдуць са школы і будуць пісаць не зусім пісьменна... А гэта ўжо наш, моваведаў, грэх...

— «Грэх»!..— не згадзілася Ларыса.— Быў бы грэх, каб не ўмеў ці ленаваўся працаваць... А то, бывае, хоць ты трэсні, а катораму ўсё роўна не паможаш... То не разумее яшчэ, то ніколі не зразумее, а то не хоча разумець, не зважае надта на гэта... Лёгка толькі аднаго настаўніка вінаваціць...

— Паспрачаўся сёння з Таццянай Сяргееўна?!. Хадзіў на яе ўрок алгебры. Урок добры, разумны. Але вось яна чамусьці зусім не зважае, як — пісьменна ці не пісьменна — дзеці пішуць... Маўляў, гэта не яе клопат, а наш, моваведаў... Дырэктара не было ў настаўніцкай, а Вяртун, як і заўсёды, прыслухоўваўся да ўсяго, але прамаўчаў. А мы не саступілі адзін аднаму, разышліся, здаецца, непрыяцелямі...