Вяртун зморшчыўся, прайшоў крок-другі, віхляючы клубамі,— дражніў не зусім далікатную гаспадыню. Ніна была такая: падабалася ёй што, дык падабалася, калі не падабалася, яна вельмі не таілася.
Сліж незалюбіў гэта. Але ўсміхнуўся Вертуну, калі той прыпыніўся, палэпаў далоняй па галаве, прыгладзіў рэдкія валасы, пасля падняў Вертунова цяжкае, што мяшок з бульбаю, паліто, абціснуў на вешалцы сваё адзенне і пачапіў паліто на самы верх. На паліто прыляпіў мокры, выпацелы ўсярэдзіне капялюш з шырокімі палямі.
Вяртун з задавальненнем адвярнуўся, падышоў да дзвярэй залы і зірнуў туды.
— Скідай, Рыгоравіч, боты,— рэзка азвалася адтуль Ніна.— Бачыш, дываны ў нас — пяску натрусіш. Бяры там, у калідоры, тапачкі. Па-інцелегенцку, словам.
— Я чалавек з народа,— адказаў Вяртун,— хаджу дзе хачу!
Сліж адчуваў, што Вяртун зойдзе зараз наўмысна ў залу і напраўду натрасе пяску, а то яшчэ і патупае нагамі па вялікім дыване, што ляжаў па ўсёй падлозе залы, дык ён, як толькі скінуў і павесіў сваё паліто, зайшоў у бліскучую ад святла залу,— а блішчалі рудога колеру кніжная шафа, падлакотнікі канапы, тэлевізар, дыван,— узяў з журнальнага століка дзве газеты і паслаў іх ля стала і ля дзвярэй. Вяртун зайшоў у залу і сеў на канапе, з захапленнем, паціраючы далонь аб далонь, усміхаючыся, зірнуў на засланы абрусам стол — на ім стаялі халодныя і гарачыя закускі, пітво, талерачкі ды чаркі, а ля іх ляжалі нажы і відэльцы.
— За машыну вашу, дык за машыну! — ужо забываючыся на ўсе крыўды, сказаў Вяртун.— Няхай бегае без супынку! Сліжуйце, словам, Сліжы і сліжаняты!
...Праз гадзіны тры Ніна падала чорную каву ў маленькіх белых кубачках, прынесла цукар-рафінад, лыжачкі і талерачкі.
— Я найн, у гэтага не п'ю,— Вяртун адсунуў ад сябе кубачак, і з яго і на талерачку і на абрус разлілася кава.— Я па-простаму. Я лепш гэта...— ён паліў у фужэр піва, выпіў, выцер рукавом вільготную бараду.— Машына ваша — гэта дрэнь, не варта, каб гаварыць пра яе ўвесь вечар. Лепш раскажу я вам яшчэ, як я быў на фронце перакладчыкам у самога камандзіра дывізіі...
Ніна закрыла твар рукамі: можна, маўляў, учадзець ад гэтых гамонак! За ўвесь вечар Вяртун не даваў нікому раскрыць рота, гаварыў і гаварыў сам.
— Другім разам, Рыгоравіч,— сказаў Сліж, бо ён ужо за гады знаёмства з Вертуном чуў ад яго гэтую гісторыю. Чуў, як Вяртун у партызанах меў заданне пайсці ў Барысаў і звесці са свету бургамістра, як яму даручалі забіць у Мінску Кубэ, але нешта яму ў апошнюю хвіліну перашкаджала зрабіць гэта. Чуў Сліж, як Вяртун быў і перакладчыкам. Не раз і на ўсякія лады.
— Пачакай, ты слухай мяне,— перапыніў усіх Вяртун.— Адкуль я так добра шпрэхен дойч? Я некалі любіў вучыць мовы, шмат моў ведаў: англійскую, польскую, французскую, нямецкую...
— Кітайскую...— паіранізавала Ніна.
— Кітайскую...— падхапіў яе словы Вяртун, пасля спахапіўся, зірнуў на Ніну з незадавальненнем.— Кітайскую — не... Балгарскую, польскую, нямецкую...
— Вы ўжо гаварылі...— усміхнуўся Сліж, але з адчаем убачыў, што Вяртун стаптаў, скруціў нагамі газету, натрос на дыван пяску.
— Я і яшчэ многа знаў ды забыўся, цяпер добра помню толькі нямецкую,— не ўгамоньваўся Вяртун,— Дык вот у Шлісербурсе, не, у Шлідэрбурсе выклікаюць мяне да камандзіра дывізіі, да генерал-маёра...— ён на міг задумаўся, а пасля раптоўна ўспомніў і прозвішча.— Да Сідарава. Дык вот Сідараў і пытаецца: «Добра ведаеш нямецкую мову, лейтэнант?» — «Добра»,— адказваю я. «Дапытаеш зараз палоннага генерала»,— кажа Пятроў.
Сліж добра ведаў, што і цяпер, праз столькі гадоў пасля вайны, Вяртун толькі сержант запаса, але прамаўчаў.
— Дык вот Пятроў націскае кнопачку: маўляў, прывядзіце палоннага генерала...
— Дык Сідараў ці Пятроў? — перапыніла, пасміхаючыся, Вертунову гамонку Ніна.
— Пятроў... Аляксей Іванавіч...— мігам адказаў Вяртун.— Генерал-лейтэнант... А палонны таксама генерал быў,— ён прыжмурыў вока,— не нейкі там капрал ці нават маёр.
Вяртун расказваў, як дапытваў генерала, што той адказваў, а пасля задумліва прамовіў:
— Я ж Кубэ, хлопцы, меў заданне знішчыць... Ды не змог прайсці ў тэатр, дзе Кубэ глядзеў спектакль. Так што я мог мець званне Героя... Вяртун меў бы,— ён усхліпнуў, прыклаў руку да грудзіны.
— Дык вы ж і бургамістра барысаўскага мелі заданне ліквідаваць — схаваўшы іронію, падказаў Сліж.
— Яго — не. Ён быў для мяне муха... На яго іншыя палявалі...
— Вы ж неяк раз расказвалі...
— Нічога я табе не расказваў...