Выбрать главу

Іван Сямёнавіч не найшоў да моваведаў, не захацеў сустракацца з Зубком, пачаў выглядаць, дзе жонка і сын. Але іх хутка не ўбачыў, згледзеў чорнавалосага Давіда Мойшавіча, які праціскаўся сюды сярод настаўнікаў, вітаўся з усімі, і з ім усе віталіся. Падышоўшы бліжэй, Давід Мойшавіч крануў яго за локаць і паздароўкаўся за руку, спытаў: «Ну, як настрой?» — «Добры»,— усміхнуўся ён, радуючыся, што ўсім загадчык ківаў галавою, а з ім паздароўкаўся за руку.

Ён паважна на ўсіх паглядзеў, і бліжэйшыя настаўнікі гэтаксама з павагаю на яго зірнулі.

— Абавязкова прыязджайце на канферэнцыю,— праходзячы ля яго, сказаў яшчэ загадчык,— вы седзіце ў прэзідыуме... На ўсякі выпадак рыхтуйцеся і выступіць.

Іван Сямёнавіч адчуў, як прыемная хваля пакацілася па целе, лёгка закружыла галаву. Як дыхнуў чыстага паветра.

«Значыць, яшчэ помняць мяне, не забыліся...»

Прайшоўся па калідоры. Усміхаўся. Вось заўважыў Маю Сцяпанаўну. Гарэзна махнуў ёй рукой. У гэтую хвіліну ён быў гатовы любому незнаёмаму чалавеку зрабіць нешта толькі добрае. Ды яшчэ Маі Сцяпанаўне, якую ён хацеў апошні час мець за нявестку! Так і цягнула прытуліць яе па-бацькоўску.

Але стрымаўся. Пайшоў далей па калідоры і ўбачыў жонку, сёння гэтаксама адзетую ў новы жаўтаваты касцюм, з ладнаю прычоскаю (дачка выкручвала яе гадзіны са дзве), зусім памаладзелую. Цяпер ён заўважыў, што з жончыных валасоў выехала некалькі шпілек. Хацеў падысці і паправіць, запіхнуць іх зноў у валасы, ступіў... і прыпыніўся, адчуўшы, як шыбнула кроў у скроні. З жонкай пад руку ішла і ўсміхалася даўняя іх знаёмая настаўніца Міхаліна Карпаўна, па-ранейшаму прыгожая і ў свае пяцьдзесят гадоў.

Ён засаромеўся гэтай сустрэчы, павярнуў управа, адчуваючы, як з трывогаю і хваляваннем б'ецца сэрца: некалі, у маладосці, ён кахаў гэтую жанчыну...

Іван Сямёнавіч, калі павярнуў назад і прайшоў крыху, то ўбачыў сваіх астатніх мужчын-настаўнікаў — Вертуна, Сліжа, Міхаіла Апанасавіча і сына, якія стаялі ў кутку калідора ля смеццевай скрынкі і курылі.

— Здароў, Міхась Рыгоравіч,— прывітаўся ён з Вертуном, якога сёння не бачыў: з астатнімі ўсімі ехаў у горад аўтобусам, а той дабіраўся, відаць, на грузавіку (сусед яго быў шафёрам).— Цікава ў вас, матэматыкаў?

— Ну...— збянтэжыўся Вяртун, тоненька пусціў уніз дым з рота, паціснуў цыгарэціну аб паперку і кінуў яе ў скрынку,— Даклады... Пераказы часопісных артыкулаў. Праўда, адзін няблага гаварыў са свайго вопыту працы...

Іван Сямёнавіч не надта слухаў Вертуна, яго непакоіла, што сын выбірае сабе іменна гэтых мужчын у сябры, падумаў, хай бы ён імкнуўся сябраваць з Васільцом.

— Што ты мне хацеў на днях сказаць вечарам? — страгавата запытаў Іван Сямёнавіч, пазіраючы Вертуну ў вочы пранізлівым позіркам.— Тады, пасля нашай гулянкі ў лесе...

Вяртун імгненна зачырванеўся, збянтэжыўся. Не вытрымаў гэтага позірку, замітусіўся.

— Ай, нічога такога...

— Можа, важнае што? — зноў строга спытаў Іван Сямёнавіч.

— Не, Іван Сямёнавіч, дробязі...— апраўдваўся расхваляваны Вяртун.

— Мо выпіць яшчэ хацеў?— нарэшце ўсміхнуўся Іван Сямёнавіч.

— Ну,— падтакнуў Вяртун і ўсміхнуўся сам з сябе.

ЧАСТКА ДРУГАЯ

ВОСЕНЬ І ЗІМА

1...

— Ну, хадзем-хадзем дадому,— падспешваў Сліж, ходзячы па настаўніцкай і курачы.— Дырэктар жа і завуч пайшлі ўжо.

— Я яшчэ крыху пабуду,— адказаў Васілец, трымаючы ў руках тоўстую кнігу «Система обучения сочинениям в 4-8 классах».— Папрасіў у Алеся Трахімавіча, хачу пачытаць.

— Ды кінь ты такія сухія талмуды чытаць,— махнуў рукою Сліж.— Не надакучыла ў студэнцтве?

— Надакучыла ці не надакучыла — гэта адно,— прамовіў Васілец.— Але вось хвалюе другое: як павучыць дзяцей правільна чытаць, глыбока мысліць, рабіць свае веды пераконаннем, умець пісаць без памылак? Напісалі вось васьмікласнікі сачыненне, а ў ім шмат памылак... А васьмікласнікаў нам жа сёлета выпускаць са школы... І вучні малодшых класаў пішуць непісьменна. Ва ўсякім разе, больш памылак робяць, чым таго хацелася б... А час ідзе... Вось паўмесяца вучобы ўжо прайшло... Вось ізлажэнне сямікласнікаў, сачыненне васьмікласнікаў, рабочыя сшыткі вучняў пятага і Шостага класа, паглядзі...