Выбрать главу

Сліж падышоў да стала — а на ім ляжалі кіпкі сшыткаў,— узяў некалькі, пагартаў.

— Многа нахадзіў чырвоны аловак,— згадзіўся. Потым зноў адышоўся, пачаў тупаць.— Канечне, цяжка вам, моваведам. Хто выкладае вусныя прадметы, таму лягчэй. Вучні ж умеюць гаварыць і неяк адкажуць. А з вас патрабуюць, каб вучні ўмелі не толькі гладка гаварыць, але каб яшчэ ўмелі і добра пісаць. І я табе скажу, што гэта не лёгка: навучыцца пісаць без памылак... Тут мы адны, і я табе прызнаюся: і я пішу з памылкамі... Праўда, я матэматык, мне не самае важнае — пісаць без памылак, але...— і, усміхнуўшыся, прызнаўся: — Ты толькі не гавары нікому, але я і да канца алфавіта не знаю. Ведаю да літары «Т», а далей блытаюся. А што за чым — «х» ці «ц», «ш» ці «ч», далібог, не ведаю... І я многіх настаўнікаў-матэматыкаў ведаю, што з памылкамі пішуць... І інжынераў, аграномаў, урачоў... Але ж ніхто нікога з работы не праганяе. Усе жывуць, працуюць, палучаюць зарплату... І нашы вучні будуць жыць, працаваць, палучаць зарплату і не думаць, што ты вось сядзеў і сушыў мазгі, гадаючы, як іх навучыць пісаць пісьменна...

— Дык, па-твойму, нічога страшнага няма, што ў некаторых спецыялістаў вельмі нізкая культура? Што мы, настаўнікі, працуем з бракам?

— Я не хачу за ўсіх думаць... Я раблю сваё... Даў урок — і ўсё... Хто будзе хацець вучыцца, той зразумее, хто не хоча вучыцца — таго не навучыш... А здароўе змоладу можна сабе падарваць... Як Алесь Трахімавіч падарваў... Ён і тое ён і гэта, гатоў за вучня і сам усё зрабіць...

— Які ты быў, такі і застаўся...

— Не, брат,— усміхнуўся Сліж.— Я мудрэю. Не такі прастак, як ты. Вот ты сёлета, як... першагодак які!.. Таццяна Сяргееўна адмовілася ад сёмага класа, бо ён цяжкі, а ты адразу згадзіўся ўзяць над ім класнае кіраўніцтва... А нашто табе гэта? Хай бы яна і дарабляла сваё, а ты ўзяў бы чацвёрты клас. З дзеткамі малымі і лягчэй, і сам вёў бы далей... А з сямікласнікамі ты яшчэ паскачаш... Там сама мала сем-восем чалавек будзе мець за чвэрці двойкі, а колькі троек... Там ты заплачаш не раз, пакуль у іх дысцыпліну навядзеш... Гэтакі клас!.. Мала да цябе ўжо настаўнікі падбягаюць: Павел Мікалаевіч, вашы сямікласнікі ўрокаў не робяць, урокі зрываюць!..

— Ды хапае мне з імі марокі... Пераломны ўзрост, станаўленне характараў...

— Там табе адзін вярзіла Адзінец печань з'есць... Летась нашы настаўніцы толькі тады маглі ў яго класе ўрок даць, калі там сядзеў дырэктар ці завуч... Я і то ледзь успакойваю...

— Вялікі клас,— прамовіў Васілец,— за сорак вучняў... Таму і дысцыпліна часамі не тая, адносіны да ўрокаў не тыя: адзін перад адным стараюцца пагарэзнічаць... Але ж трэба неяк знайсці да іх сцежачку, каб іхнюю энергію накіраваць у правільнае рэчышча... А як? Падкажы! Падкажы, якія віды работ праводзіць над памылкамі, як рыхтаваць да сачыненняў і ізлажэнняў, гэта значыць, сістэму работы, падкажы сістэму работы класнага кіраўніка... Як згуртаваць усіх, павесці за сабою?..

— Ладна табе,— махнуў рукою Сліж,— з табою нельга болей заставацца. Ты і, праўда, прымусіш думаць... Гарэць... Не спаць уночы... уюшыўся, дык уюшвайся. Будзь здароў! Я пабег шчы сёрбаць... І на канапцы паляжаць...

...— Ларыса,— гадаючы, як лепш з ёю загаварыць пра тое, што яго ўжо не адзін дзень мучыла, прамовіў Васілец (дасюль, познім вечарам, яны гаварылі пра школу, глядзелі кіно па тэлевізары, пісалі рабочыя планы).— Хачу табе нешта сказаць... Ну, каб не было ў нас нічога патаемнага... А каб усё было шчыра...

— Ты пра што гэта? — спытала яна, не падымаючы галавы, відаць, чакаючы пачуць ад яго яшчэ нешта прыемнае і пяшчотнае.

— Пра Таццяну Сяргееўну...— сказаў ён і адчуў, як уздрыгнулі Ларысіны плечы, але сама яна не сказала ні слова.

— Ну...— думаў ён пачаць гаворку пра гэта здалёку.

— Не трэба...— нечакана Ларыса перапыніла яго, мацней прыціснулася шчакою да ягонай рукі, пагладзіла яе.— Я ўсё ведаю, шкоднік мой.

— Што ты ведаеш? — з сорамам спытаў Павел.

— Усё,— яна жартаўліва зірнула на яго, прыжмурыла вока, як паказваючы злосць, але яе, гэтай злосці, зусім не было, бо каб яна мелася, то Ларыса «стрэльнула б» такім знішчальна нядобрым позіркам, ад якога перахапіла б у яго ад разгубленасці дыханне.— Усё ведаю,— спакойна паўтарыла яна.— Як толькі прыехаў у Міланькі, адразу пабег у школу, там і пазнаёміўся з ёю... Заходзіў пасля, вечарам, да яе, пазнавата сядзеў, жартаваў, потым яшчэ раз забягаў... Спадабаўся вельмі... Кампліментнічаў на педсавеце і ў лесе на гулянцы...

Павел, чуючы гэта, адчуў, што заліваецца сорамам.