Выбрать главу

— Ведала і маўчала гэтыя дні...— разгублена сказаў ён.

— А што я магла табе сказаць? — усміхнулася яна.— Чакала, што сам раскажа...

— Расказваць то і няма чаго...— паспяшаўся ён па-маладому апраўдацца.— Пагаварыў як з калегам. Але калега гэты — дзяўчына, то і можна ўсякае падумаць... Але ж ты верыш, што я ніяк не мог... ну, здрадзіць табе...

— Ну, як табе сказаць...— усміхнулася Ларыса.— Спачатку ўсякае падумала, ведаючы, што яна такая прыгожая ды ўмее так добра паводзіць сябе з хлопцамі... Яна моцная саперніца, то ёсць чаго пахвалявацца...

— Не хвалюйся, дарагая...— папрасіў ён.— Дазволь мне не апраўдвацца, але вер, што я толькі дзеля цябе жыву... І другая — якая б яна ні была прыгожая ці мілая — мне не трэба, не захіліць цябе...

— Дзякую...— прашаптала Ларыса, пацалавала яго ў шчаку.— Але болей не трэба і такіх выпадковых сустрэч, бо я не толькі вельмі перажываць буду, але і жыць тады не захачу... Любі моцненька толькі адну мяне...

— Толькі цябе...— зашаптаў Павел і асыпаў пацалункамі яе твар.

— А ты ёй спадабаўся...— ціха прамовіла Ларыса,— спачатку яна пакакетнічала, думала толькі пафліртаваць, а пасля і большае адчула... Яна вельмі ўлюбчывая, гэта я ведаю... Калі захопіцца, то не хутка астыне...

— Я толькі твой,— адказаў Павел,— і толькі ты мне трэба.

— І ты мне...— прамовіла яна, падняла галаву, села яму на калені, абняла за шыю, шчакою даткнуўшыся да яго шчакі.

У дзверы пачуўся далікатны стук. Ларыса саскочыла з яго каленяў і села паблізу на ложку.

Дзверы прачыніла гаспадыня і запрасіла ісці вячэраць.

Павел, выйшаўшы на кухню, у якой было ўжо добра цемнавата, адмаўляўся садзіцца за стол, імкнуўся ісці дахаты, але цёця Валя не пусціла, упрасіла застацца і павячэраць з імі.

...Калі яны, гутарачы, з'елі свежай гарачай бульбы з маласольнымі гуркамі, яечню, папілі сырадою, гаспадыня сабрала пасуду ў мядніцу, абліла яе варам і пачала мыць, а Ларыса выцерла стол.

Цёця Валя, памыўшы пасуду і заліўшы на двары агонь, на якім варыла бульбу, падалася ў лепшую палавіну адпачываць. Ларыса і Павел засталіся на кухні, не палілі святла, сядзелі на лаве пры стале і шапталіся, жартавалі ды цалаваліся.

2...

Як праверылі сшыткі, напісалі планы, паглядзелі канцэрт па тэлевізары, Таццяна Сяргееўна і Ірына Васільеўна выйшлі на вераснёўскі, з пахам свежай раллі і паспелых яблыкаў, двор, каб пасядзець на лаўцы, падыхаць свежым ветрам.

Увечарэлася. На захадзе яшчэ слаба святлеўся небакрай, але ўжо неба цямнела, ліло сваю цемнату і на зямлю — і ад гэтага ўсё тут злівалася ў суцэльны густы морак.

Таццяна Сяргееўна і Ірына Васільеўна селі на лаўцы пры плоце, слухалі, як укладваецца спаць вёска — адзін за адным тухнуць агні ў вокнах, перастаюць рыпець дзверы, і ўсё сцішваецца. Калі дзе хто ступіць ці скажа слова — чуваць далёка.

— Нешта цяжка мне ў школе,— прамовіла Таццяна Сяргееўна,— дзеці забыліся многа за лета, не ўмеюць рашаць нават простых задач... А ўперадзе — такі складаны матэрыял... Што я буду рабіць з імі? Не ведаю. А дырэктар кожны дзень гаворыць адно і тое: ніякіх двоек у журнал не ставіць, аб'явіць вайну тройкам...

— І моваведы не знаюць, як пазбавіцца гэтых двоек ды троек,— прамовіла Ірына Васільеўна.

— І нам, матэматыкам, не лягчэй,— сказала Таццяна Сяргееўна,— яшчэ простую матэматыку з алгебраічным ды геаметрычным матэрыялам малодшыя класы сяк-так асільваюць, а ў старэйшых — сямікласнікаў ды васьмікласнікаў — па алгебры і геаметрыі проста бяда... Ці навука гэтая сухая, ці я но ўмею цікава вучыць — ніяк не магу дзяцей зацікавіць, дабіцца, каб яны добрыя веды і адзнакі мелі... Ці, можа, трэба болей папрацаваць, навучыцца яшчэ настаўнічаць?.. Але не, не хачу я быць настаўніцай, не разумею дзяцей... Няма ў мяне з імі ладу, мне трэба толькі са сталымі, а не з малымі...

Ірына Васільеўна слухала, бо была заўсёды не вельмі ахвочая да гутарак, да разважанняў. Яна рабіла ў школе ўсё, што магла, што падказвалі настаўнікі ці дырэктар, ведала, што сціпла робіць, і пра школьную сваю працу амаль ніколі не гаварыла. Ды думала, што піянерважатай яна працуе часова. Налета Святлана Міхайлаўна пойдзе на пенсію — і яна будзе выкладаць біялогію, якую вельмі любіла, мела да яе вялікую ахвоту.

— І ўвогуле — сумна...— уздыхнула Таццяна Сяргееўна.— Цёмна, спяць усе, а ты, адна, сядзі во на лаўцы, гукай у неба... А маладосць праходзіць... Божа мой, мне ўжо дваццаць пяты год! Я ўжо старая...

Яна замаўчала, калі пачула яшчэ здалёку крокі, што прыбліжаліся сюды.