Выбрать главу

Гэта ішоў Павел Мікалаевіч. Падаваўся, канечне, да Ларысы Іванаўны.

— Прахалоджваецеся і ўдыхаеце вераснёўскі арамат? — усміхнуўся ён, заўважыўшы іх на лаўцы, але не прыпыніўся, зашамацеў балоневым расхінутым плашчом і падаўся далей, праз хвіліну якую знік з вачэй, чуліся толькі яго крокі.

— Які ён пагардлівы!..— хмыкнула Таццяна Сяргееўна.— Яшчэ з іроніяй: удыхаеце вераснёўскі арамат!..— перадражніла.— Але во я пазбавілася, то хай цяпер ён паскача са сваімі сямікласнічкамі... Яны надта не паддадуцца яму ды яго эксперыментам... Міланскі Сухамлінскі!..

— Але ж усе гавораць, што з першых дзён не пазнаць сямікласнікаў,— сказала Ірына Васільеўна.— І ўсе ў школу ходзяць, і на ўроках ціха сядзяць...

— Гэта яшчэ не ўсё! — махнула рукою Таццяна Сяргееўна.— Глядзяць не толькі на кветкі, а на плады... Паглядзім яшчэ, якія гэтыя плады будуць пад канец чвэрці... Там жа столькі патэнцыяльных двоечнікаў... І іх жа ніякімі намаганнямі не падцягнеш па ўсіх прадметах да тройкі... Па мове і матэматыцы ўдвайне. Ды я па матэматыцы нізашто ім не пастаўлю тройкі...

— Ён учэпісты, як відаць,— заступілася за Васільца Ірына Васільеўна.— Вось і да мяне падышоў у першы ж дзень працы і кажа: давайце разам падумаем, што мы можам зрабіць цяпер і ў хуткім будучым у сёмым класе па піянерскай лініі... На перапынках з сёмага класа амаль не выходзіць, правярае, ці падрыхтаваліся дома і да іншых — не толькі яго — урокаў, дамовіўся з дзецьмі, хто з іх і каму будзе дома памагаць...

— Адзінцу і яму падобным, мая мілая, надта не паможаш. Усе дапамогі — як гарох ад сцяны... Усё яшчэ з пачатковых класаў запусцілі, а цяпер но хочуць і не ўмеюць вучыцца. Летась я паспрабавала з імі пазаймацца — ды і махнула рукою пасля... Толк адзін... Толькі час свой страціш ды нервы свае сапсуеш... А пашто мне раней часу маршчынець? Вучу — дык вучыся, не хочаш — як хочаш... Не хітрую так, як Уладзімір Пятровіч, абы ўрок даць, вучу, як магу, як ведаю, але перанатужвацца не хачу... Ды і падзяка адна, грошы адны... А маладосць сваю згубіш і нікому патрэбная не будзеш... Аддаў сумленна сваё, а вы — як хочаце...

— Але дзеці і несвядомыя,— сказала Ірына Васільеўна.— Не разумеюць усяго ў пару, пасля толькі ўжо абдумваюцца. То трэба і падказаць ім, і натхніць, і, можа, прымусіць нават... Так і Алесь Трахімавіч, Ларыса, Лілія і Васілец працуюць...

— А я не буду так,— прамовіла Таццяна Сяргееўна,— хай пасля абдумваюцца і каюцца, а мне цяпер нерваў не псуюць...

— Пакаюцца, канечне. Але і настаўніка папракнуць...

— А, усё роўна!

Сказала так — порстка і адчайна — і замоўкла. Ірына Васільеўна ўжо ведала, што тая болей пра школу не скажа ні слова. І нічога болей можа не сказаць, памаўчыць, пакліча спаць. Ляжа, заплюшчыць вочы і будзе думаць. Апошнія часы яна стала меней гаварыць, а болей думаць. Ва ўсякім разе, нават летась была весялейшая, здаецца, пра ўсё мела сваю думку, лічыла, што іменна яе гэтая думка самая правільная. Сёлета і ў школе, і дома болей маўчыць...

Але Таццяна Сяргееўна не клікала яе ісці ў хату, моўчкі сядзела, прыхінуўшыся да плота і махала пад лаўкаю нагою.

«Дзіўная яна, гэтая Таня...— падумала Ірына Васільеўна.— Гаварыла вось ледзь не са злосцю: не люблю работу, не буду старацца дзеля дзяцей. Але ж гэта не так. Гэта яна сказала пад настрой. Калі нешта добра ўдаецца ў яе, у дзяцей, дык радуецца. Калі не выходзіць, дык перажывае... Не абыякавая, як нагаворвае на сябе...»

Ірына Васільеўна зірнула на сяброўку: тая маўчала. Пазірала некуды ў цёмную далеч.

«Бедная! — сціснулася сэрца ў Ірыны Васільеўны.— І як ёй памагчы з такім нялёгкім характарам? Як яе навучыць быць спакайнейшай, не такой нервовай? Здаецца ж, і прыгожая, і разумная, і хлопцаў шмат мае, а ўсё роўпа нечым незадаволеная... А што ж тады мне рабіць? Мне ж яшчэ і вучыцца шмат завочна, і маме, хворай ды адзінокай, трэба памагаць... Калі дадуць налета ўрокі, дык трэба вучыцца і самой іх даваць...»

З-пад Вішнёўкі азваўся матацыкл.

— Сюды ці не сюды едзе? — запытала Таццяна Сяргееўна.

Матацыкл, здаецца, ля школы павярнуўся і панёсся зусім у іншы бок. А тут стала яшчэ больш цямней і здаровей: поўз і поўз асенні холад.

3...

Раніцай выдаўся туман. Ён схаваў неба, лес, далягляды. Яшчэ ў вёсках — у Міланьках і ў Вішнёўцы — ён быў радзейшы, а на полі здаўся белы, такі густы, што не было нічога відаць перад сабою за крокаў дзесяць.

Але на тарфянішчы, дзе была Вішнеўская бульба, з самага рання гуў трактар, цягнучы за сабою бульбакапалку. Калі прыйшлі сюды дзеці з настаўнікамі, на полі ўжо ляжала шмат выкінутай наверх бульбы, якая за гэты час паспела ўжо аб'інець. Шмат інею і халоднай расы было на бульбянішчы, на зямлі, ад чаго абутак мігам намакаў і брудзіўся.