Выбрать главу

— Ды Іван неблагі хлопец...

— Ведаю, які ён хлопец. Валацуга і п'яніца... Цягаецца па ўсім свеце і нідзе не можа запыніцца... Бо не любіць работы...

Лілія Іосіфаўна вярнулася да стала, села. Чытала, але не запамінала слоў. Усё ў галаве як мітусілася: Мая, яе хараство, шчасце, яе насмешкі, Іван... «Брыдзенькая, нешчаслівая...»

— Паглядзі, Ліля, калі ласка, як я цяпер выглядаю...— сказала Мая Сцяпанаўна з ласкаю.

— Ды добра,— хутка азірнуўшыся, прамовіла Лілія Іосіфаўна.

І міжволі залюбавалася: Мая Сцяпанаўна стаяла ўжо ў чорным прыталеным касцюмчыку, пад пінжачком якога быў белы тонкі світэр, на нагах былі руда-бурачковыя калготы і чорныя туфлі.

— А брошка гэта падыдзе? — запытала Мая Сцяпанаўна, прыкладаючы да штрыфеля пінжачка брошку — два рудаватыя жалуды з зялёным лісточкам.

— Падыдзе. І Васілю твайму спадабаецца...— усміхнулася.— І бацькам яго...

Мая Сцяпанаўна са здзіўленнем зірнула на яе. Нібы разгубілася.

— Я так і адчувала, што вы можаце падумаць... Што я з Васілём толькі таму і хаджу, што ён дырэктараў сын...

— Ды не...— збянтэжылася Лілія Іосіфаўна.— Я так не думаю...

У сенцах начуліся тупатня ды гоман.

— Ідуць! — з хваляваннем прашаптала Мая Сцяпанаўна, адскочылася ад люстэрка, села паблізу за стол, узяла ў рукі новы часопіс.

Госці павіталіся на кухні з гаспадыняю, пастукаліся і зайшлі сюды. Васіль і вішнёвец Іван.

Абодва высокія, адных гадоў — пад дваццаць чатыры. Але і розныя. Васіль быў у адпрасаваным касцюме, у белай кашулі і пры гальштуку, у расхінутым белым плашчы. Іван — сімпатычны, з велікаватымі чорнымі вачыма, з кірпатым носам — быў у некалі чорных, а цяпер бліскучых, пакамечаных штанах, у шэрым зношаным пінжаку, на зялёнай кашулі не было некалькіх гузікаў.

— Ну, як жысць маладая, вучыцелькі? — як і заўсёды, смела запытаў Іван, падышоў і сам падаў ім, дзяўчатам, руку для прывітання.

Лілія Іосіфаўна хуценька забрала сваю, адышлася, села ў куток.

— Добрая, Ваня,— адказала і за яе, і за сябе Мая.

— Прашу частавацца,— сказаў Іван, спачатку Маі, а потым ёй падаў некалькі цукерак-дзюшэсак.

— Дзякую, Ваня,— усміхнулася Мая Сцяпанаўна, але неўпрыкметку для Івана паклала цукеркі за стосікі сшыткаў на стале.

— Дзякую,— прамовіла і Лілія Іосіфаўна.— Толькі я не ем цукерак. Зуб баліць.

— Чаго ж ён табе баліць, золатца? — падсеў да яе Іван.

Мая Сцяпанаўна падсунулася бліжэй да Васіля, падміргнула яму, а пасля, закрываючы рот рукою, і засмяялася, бачачы, як саромеецца яна, Лілія Іосіфаўна, што Іван падсядае бліжэй, так смела пазірае ёй у вочы, мяркуе пусціць у ход свае рукі.

— Баліць зубок, дык золатца такое злоснае сёння? — пацвельваўся ён.

Лілія Іосіфаўна нічога яму не адказвала, толькі сярдзіта зірнула на сяброўку — тая не магла стрымацца ад смеху.

Мая Сцяпанаўна раптоўна перастала ўсміхацца, перазірнулася з Васілём і, канечне, ужо добра ведаючы гэтыя позіркі адно аднаго, падалася з хаты. Яны часта так удваіх сыходзяць, і адзін бог ведае, дзе яны гуляюць.

— Дык які зубік баліць? — не адставаў, дапытваўся Іван.

— Не мяшайце мне, калі ласка, бо трэба на заўтрашняе праверыць дыктоўкі...— спакойна адказала яму Лілія Іосіфаўна.

— Дыктоўкі, дыктоўкі! — перакрывіў яе Іван, сеў зусім блізка.— Так і ўся жысць пройдзе ля гэтых дзіктовак... А вы ж маладыя, золатца...— і ён шчыпнуў яе за бок,— Адсуньце падалей гэтыя дыктоўкі, давайце лепш пра любоў пагаворым.

— Ой! — віснула Лілія Іосіфаўна, са страхам ускочыла з крэсла і адбеглася да акна.— Перастаньце, калі ласка! Вы п'яны...

— Я, золатца, п'яны? — як здзівіўся Іван, паволі падняўся і ступіў да яе.— Ды я па адной маснічыне прайду...

Яшчэ ступіў крок-другі, хіснуўся і абапёрся аб шафу.

— Я ж цябе люблю, золатца. Ніхто не любіць, а я люблю. Хочаш, я вазьму цябе замуж? Хочаш?

— Нашто вам рабіць такую ахвяру? — з іроніяй адказала Лілія Іосіфаўна, стараючыся вытрымаць яго бессаромны позірк.

— Мы не будзем жыць тут, у глушы, а паедзем у горад,— гаварыў ён.— Ты не бойся, што ў мяне толькі сем класаў, што я шафёр, ротам, маўляў, гляджу... Не бойся, золатца. Я маю ў тыдзень гэтулькі, колькі вы са сваёй сяброўкай удваіх і ў месяц не маеце... Я цябе адзепу і абую, як каралеву, золатам з ног да галавы абчаплю, будзем у рэстаранах толькі папіваць ды паядаць...

Лілія Іосіфаўна слухала-слухала ды ўсміхнулася, паківала галавою.