Выбрать главу

— Ты не верыш мне, думаеш, што хвалюся? — узгарачыўся Іван. — А ну, дай мне паперы і які аловак. Дай-дай! — і, не дачакаўшыся, сам узяў на стале з кіпы сшытак, вырваў з яго сярэдзіны — што яна толькі зяхнула ад абурэння — два лісты, схапіў чырвоны яе аловак, нагнуўся над сталом і пачаў нешта пісаць.

А пасля разагнуўся, падаў ліст ёй.

«Лілія яй богу не буду піць. Будзь маёй жаной»,— прачытала яна і зноў усміхнулася.

— Чаго смяешся? — абурыўся ён,— Я ж не настаўнік, можа, і з памылкамі напісаў... Я вось бяру цябе замуж, не зважаю, што ты застарая для мяне ды такая доўгая...

— Гэта не адно і тое ж...— яна пакрыўдзілася, але прамовіла вельмі спакойна.— Хоць мяне, старую такую, ніхто, як вы кажаце, не бярэ замуж, але я сама за вас, такога прыгожага, багатага, ніколі не пайду.

— Чаго ты капызішся? — ён злосна прыплюшчыў вочы,— Бяру, дык ідзі... А то адумаюся, не такую сабе знайду.

— Адумайцеся,— сказала яна.— І чым найскарэй.

— Ну ладна, я пажартаваў,— усміхнуўся ён,— Не злуйся. Мір. Давай лепш палюбімся...— і, усміхаючыся, хутка ступіў, абхапіў яе пад пахі.

— Толькі без рук! — крыкнула яна і, абараняючыся, так піхнула яго ў грудзі, што ён паваліўся на стол, пасунуў яго перад сабою ўздоўж сцяны.

— Цёця, цёця! — каб прыстрашыць, яна паклікала гаспадыню.

— Ты на каго гэта руку? — усхапіўся, зачырванеўся Іван.— я... Ды тут ніхто мяне не варты. Я ў Маладзечна, Бабруйску, Друі быў... У мяне артысткі, пявіцы ў палюбоўніцах былі. Не гавару ўжо пра студэнтак, жонак шафяроў...

— Ідзіце вон! — спакойна прамовіла яна.

— Што? — як не паверыў ён.— Ты каго праганяеш?

— Вас, вас...— паўтарыла яна.— І каб болей нага тут ваша не ступала!

— Як ты можаш так на мяне? — насупіўся ён.— А ну паўтары!

Лілія Іосіфаўна, не на жарт узлаваўшыся, з рашучасцю падышла да яго і — колькі мела сіл — крутнула яго і паштурхала ў спіну перад сабою. Выпхнула за дзверы пакоя, зашчапілася.

Ён ірваў на сябе клямку, лаяўся.

Яна, каб не чуць, села ля стала на крэсле. Не магла пакуль што правяраць дыктоўкі, залажыла вушы рукамі і сядзела ціха, моўчкі, чакаючы, калі вернецца з двара гаспадыня...

...Калі Лілія Іосіфаўна канчала правяраць дыктоўкі, пачула, што нехта шпарка ўбег у хату.

Яна хуценька падхапілася: сюды ўварвалася расчырванелая, са збітаю прычоскаю і ў змятым касцюме Мая Сцяпанаўна, не зірнула нават на яе, пабегла за перагародку да свайго ложка. У спальні скінула з ног туфлі, марсянула пакрывала ды ссунула набок падушкі і, не распранаючыся, шмыганула пад коўдру, накрылася з галавою.

— Што такое, Маечка? — устрывожылася Лілія Іосіфаўна, пакратала сяброўку за плячо, цяпер зусім забываючыся на нядаўнюю крыўду на яе.

Мая Сцяпанаўна не адказвала. Здаецца, плакала.

— Маечка, скажы хоць слова...— прасіла Лілія Іосіфаўна.

— У вас Янака майго няма? — пачула праз дзверы Лілія Іосіфаўна незнаёмы жаночы голас, што тоненька гучаў на кухні.

— Не, няма,— адказала гаспадыня,— Ды чаго ён павінен быць?

Было яшчэ сёння, у панядзелак, даволі рана. Можна было не завіхацца падымацца і паляжаць у цёплай пасцелі, настроіцца на апошні тыдзень працы: за ім пачнуцца асеннія канікулы. Прыйдзецца і парадавацца, і пазасмучацца, прыйдзецца ўбачыць сваю настаўніцкую двухмесячную працу вокам ды ў думках, вывесці дзецям ацэнкі за чвэрць... І не толькі вучням, але і сабе...

Лілія Іосіфаўна, можа, яшчэ паспала б, але як загаварылі на кухні, дык яна і прачнулася, міжволі прыслухалася...

Побач, на другім ложку, што стаяў усутыч, спала Мая Сцяпанаўна — праз білы бачылася яе галава і крыху аголеныя плечы. Ноччу, як было чутна, яна ўсё-такі паднялася, раздзелася, дастала з валасоў заколкі, зняла шыньён. Але заколкі і шыньён паленавалася несці да стала, то папусціла адсюль туды, але не трапіла ў цемнаце, кінула долу. Спала яна ноччу неспакойна — часта варочалася на пасцелі, уздыхала, штосьці бубніла сабе і, здаецца, плакала...

— Я чула, што ён тут...— зноў пачуўся з кухні незнаёмы голас.

— Быў звечара, але потым пайшоў...— адказала гаспадыня.

— Няма дома... То я і падумала...

— То заначаваў недзе...

— Можа...— згадзілася госця.— Я дык і не чула, што ён да тваёй кватаранткі ходзіць... Ціхая такая, пі з кім, як чула, не дружыць... Але во сказалі людзі, дык нават не паверыла...

— Як ён там ходзіць! — сказала гаспадыня.— Заходзіў два ці тры разы. І то не адзін, а з Рагаткавым хлопцам.

«Янак... Кватарантка...— падумала Лілія Іосіфаўна.— Дык гэта яе Іван і я... І маці яго...»

Здагадаўшыся пра гэта, яна ўспыхнула ад сораму.