Усе слухалі яго, усміхаліся. Загарэліся скласці альбом пра Міланьскую школу. Нават дадому во не спяшаліся, як раней, а і яшчэ хацелі застацца ў школе, пагаварыць.
— Ну, а цяпер ідзіце дадому,— усміхнуўся ён.— Знойдзеце яшчэ што — .прыносьце. Застаньцеся ў класе тыя, каму я гаварыў раней. Адпачнём хвілін з дзесяць і возьмемся за работу...
Вучні заляскалі вечкамі, пачалі выходзіць з класа. Засталося толькі чалавек з дзесяць, тыя, з кім ён заставаўся кожны дзень і працаваў яшчэ і пасля ўрокаў.
— Павел Мікалаевіч,— пачуўся Сліжаў голас.
Васілец азірнуўся: яго клікаў да сябе Сліж.
Узяў ужо загорнутыя ў газетку здымкі, медалі, ордэны і граматы і выйшаў. Каля Сліжа стаяў і Вяртун.
— Ты што — і сёння думаеш праводзіць дадатковыя заняткі? — запытаў Сліж і зачыніў дзверы класа.
— Ды трэба, — адказаў Васілец.
— І не надакучыла табе кожны дзень тлуміць яшчэ і пасля ўрокаў галаву? — усміхнуўся Сліж,— Ты паглядзі: на каго ты падобны стаў. Схудзеў, толькі адзін нос тырчыць, вочы запалі... З-за работы і ажаніцца часу не маеш... Кастрычніцкія святы прайшлі, а ты ўсё халасцякуеш...
Вяртун маўчаў, пасміхоўваўся.
— Адмяні ты сёння гэтыя заняткі,— сказаў Сліж,— Адзін раз прапусціць не страшна. Ды сёння ты маеш на гэта права.
— Якое ж такое права? — усміхнуўся Васілец. — Паказаць сваю непастайннасць і дзяцей прывучыць да гэтага?
— Гаспадароў сын з арміі вярнуўся — раз,— сказаў Сліж і заклаў на левай руцэ мезенец.— Гаспадары закалолі, як ты казаў, парсючка і робяць сёння гулянку — два...— Заклаў яшчэ адзін палец.— Ты іхні таксама ўжо жылец — тры... Мы твае сябры — чатыры... Дык і маем права цяпер усе разам падысці да тваіх гаспадароў і пагуляць — вось табе і ўсе пяць... Так, Міхась Рыгоравіч?
— Ды ёсць аказія...— усміхнуўся Вяртун. Яго вочы аж загарэліся ад аднаго слова «пагуляць».
— Ды не думай ты...— наступаў Сліж.— Яшчэ будзе ды будзе табе часу выцягнуць усіх двоечнікаў ды троечнікаў у выдатнікі... А вось калі ў другі раз будзе такая гулянка? Не скора... Сала свежанькае, капустка, чарачка! Пагамонім, песні паспяваем... Колькі таго жыцця!..
— Свежына, лічы, раз у год бывае...— цмокнуў, глынуў сліну Вяртун.— Гэта свята! І не трэба ўцякаць ад яго... Так холадна падыходзіць да гэтай справы...
— Прабачце, але я сёння не магу пайсці,— прамовіў Васілец,— сёння ў мяне вельмі важныя заняткі...— і рашыў не ісці ў настаўніцкую, куды меўся занесці загорнуты ў газету пакет. — Прабачце, мне пара да дзяцей...
І вярнуўся ў клас.
«А можа, я дарэмна так? — апякла думка.— Ці не падумаюць яны, што я не хачу з імі сябраваць, што ў жыцці сухі і нецікавы? Напраўду ж, як бачыў, у Міланьках даўняя ўжо завядзёнка — пасля свежыны рабіць гулянкі. Усе гуляюць. І вяскоўцы, і інтэлігенты...»
Каля стала нібы апамятаўся. Паклаў пакет, дастаў з сумкі загадзя падрыхтаваныя картачкі. Для кожнага з гэтых вучняў, якія тут засталіся. Раздаў іх.
— Уважліва прачытайце,— сказаў,— падумайце добра: дзе і якія і чаму трэба ўставіць прапушчаныя літары, знакі прыпынку. Вы якраз на гэта робіце памылкі ў дыктоўках і сачыненнях. Як і дамовіліся, я і далей буду вам падбіраць іменна вось такое, самае цяжкае для вас...
Чакаў: паклічуць яшчэ раз Сліж і Вяртун ці не. Не, не клічуць. Мусіць, пакрыўдзіліся.
«Няхай пакрыўдзяцца,— рашыў.— Надта ж ужо часта любяць такія гулянкі...»
— Ну што, цяжка? — Васілец прыпыніўся ля Адзінца — самага рослага ў сёмым класе хлопца. Той яшчэ не пісаў, пазіраў на картку, нібы нічога не разумеючы.— Звярні ўвагу: вось два сказы. У адным ёсць словы «няскошаны луг», а ў другім «не скошаны касцамі луг» — і табе трэба разабрацца: у якім выпадку часціцу «не» пісаць разам са словам «скошаны», а ў якім асобна... Падумай добра: што такое ў другім выпадку слова «касцамі» і якое тут можна прымяніць правіла? Ну?
— Слова «касцамі» паясняе...— няўпэўнена прамовіў Адзінец.
— А раз ёсць паясняльныя словы, дык...