— Дык тады часціца «не» пішацца асобна...
— Правільна! — узрадаваўся Васілец.— Выходзіць, ведаеш правілы, толькі не ўмееш імі карыстацца... Перапішы правільна сказы, а потым прыдумай падобныя... Ну, а ў цябе што? — і падышоў да другога вучня, «заядлага двоечніка» Лёні, які, лічы, у кожным слове робіць памылкі.— Не разбярэшся, дзе пішуцца прыстаўкі «з» і «с»? Успамінай, успамінай правілы... Калі не ўспомніш, дык гавары — дам прачытаць па падручніку...
— Павел Мікалаевіч, усё роўна я не навучуся пісаць на «4» ці «5»,— адазваўся Лёня. Прамовіў і не пачырванеў. Сказаў спакойна, як праўду.
— Канечне, калі не будзеш старацца, працаваць, дык не навучышся... Гэта ж само не прыходзіць...
— Ды я і настаўнікам не буду...
— Ну, давай пра гэта не будзем...— усміхнуўся Васілец,— Табе яшчэ раней гаварылі пра тое, што ў наш век любы чалавек павінен быць адукаваны, пісаць пісьменна... Настаўнік, інжынер, лётчык, рабочы, калгаснік... Будзеш жа ўсякія паперы афармляць, заявы пісаць. Дык пісаць з памылкамі? А хутка ж у армію пойдзеш, захочацца сябру, сяброўцы ліст напісаць... Сябра яшчэ змоўчыць, прачытаўшы і з памылкамі ліст, а вось сяброўка можа выправіць памылкі і спярэшчаны чырвоным алоўкам ліст адаслаць табе назад — даць табе добры ўрок... Служыў жа дык бачыў: было і такое...
Вось цяпер Лёня збянтэжыўся, угнуў галаву — пачаў чытаць тое, што было напісана на картцы, і думаць.
— Думай,— Васілец лёгка дакрануўся да яго пляча.— Не будзе што ўспамінацца — кліч...
І падышоў да дзяўчынкі, Галі.
— Ну, а ў цябе што, Галя? — запытаў і тут жа ўбачыў: падаўся дадому Вяртун.
Той быў у капелюшы, доўгім сінім плашчы. Век не насіў ніякіх сумак — кнігі, кіпы вучнёўскіх сшыткаў насіў пад пахамі, у дождж — пад плашчом.
Празвінеў званок — пачаўся першы ўрок другой змены, пара работы Міхаіла Апанасавіча і Маі Сцяпанаўны...
— Ну, як я выглядаю? — ціхенька дапытвалася Лілія Іосіфаўна, схаваўшыся ў спальні і просячы Маю Сцяпанаўну агледзець яе цяперашняе ўбранне — малінавы, сваёй вязкі, світэр і чорны сарафан.
— Ды добра,— гэтаксама шэптам адказала тая, употайкі, стараючыся ўсяк схаваць гэта, пасміхалася.
Лілія Іосіфаўна зноў паглядзелася ў маленькае люстэрачка, сама ўбачыла: далібог, пахарашэла ў новым уборы ды ад таго, што ў вачах з'явіліся хваляванне і радасць, а на шчоках успыхнуў чырванец.
Паглядзела на маленькія, амаль і незаўважныя грудзі, а пасля ўжо — не ў люстэрка, а сваімі вачыма — і на тонкія, зусім нястройныя ногі.
— А можа, мне белую блузку надзець? — спытала яна.— Белае дае большую паўнату...
— Не трэба,— прашаптала Мая Сцяпанаўна.— І так цябе сёння не пазнаць...
— Не вельмі худзенная і танклявая я ў гэтым сарафане? — спытала яна.
— Не. Але ты ідзі, а то ён каторую пару ўжо адзін сядзіць...
Лілія Іосіфаўна ўсміхнулася, усміхнулася не так дзеля сябе, а дзеля сяброўкі, і адчула такі страх, што ў яе, здаецца, млелі ногі і выскоквала з грудзей сэрца.
— Калі я што не так буду гаварыць, то ты тупні нагою...— папрасіла яна, адчуваючы ўжо вялікі сорам і перад сяброўкаю, і перад сабою, і перад ім...
— Добра,— паабяцала Мая Сцяпанаўна.— Ідзі...
Лілія Іосіфаўна жартам хуценька перажагналася, уздыхнула, наўмысна шыракавата разявіўшы рот і заплюшчыўшы вочы, а пасля, збянтэжаная, выйшла са спальні і зноў убачыла прыгожага Пецю, у новым чорным касцюме, у белай кашулі і пры чорным гальштуку, добра выгаленага і прычэсанага,— ён сядзеў на крэсле ля стала і гартаў часопісы. На драбнаватым, але прыгожым яго тварыку гэтаксама відаць была ўсхваляванасць — выступіла чырвань на худаватых, гладзенькіх, як у маладой дзяўчыны, шчоках; зірнуў на яе, пераадзетую, і засаромеўся, апусціў вочы.
«Не большы ён смяльчак за мяне...— падумала яна, і гэта крыху паддало ёй смеласці.— Але які мілы!..»
Ёй адразу спадабалася, што ён спакойны, не надта гаваркі, але ўсё, што кажа, гаворыць абдумана, далікатны і вельмі сарамлівы. Яна апошнім часам паважала такіх людзей, надта верыла ім. Можа, таму, што сама была такая, але ведала, што ў яе сарамлівай душы шмат дабрыні і пяшчоты, можа, таму, што заўважала што надта гаваркія, смелыя бываюць часта пустазвонамі...
Праўда, як ведае яна ўжо ў свае даволі сталыя гады, маўчуны і сарамліўцы не надта падабаюцца маладзенькім дзяўчаткам, яны ахвотней цягнуцца да смелых і нават нахабных, за што часта і дорага ды балюча расплачваюцца, але ёй цяпер было ўжо не васемнаццаць гадоў, яна глядзела ўжо на ўсё гэта — інтымнае, чалавечае — з горкі сваіх дваццаці сямі вёснаў... Пеця ёй спадабаўся. І гэта захвалявала яе. Як і тое, што ён — такі красун — прыйшоў да яе: не мог жа ён не ведаць, што да Маі Сцяпанаўны ходзіць Васіль Рагатка...