— Харошае кіно! — сарамліва ўсміхнулася яна, кіўнуўшы на здымкі, што разглядаў Пеця.
— Не бачыў...— сарамліва прызнаўся ён.
— Цяпер многа выпускаюць фільмаў, усіх не перагледзіш...— прамовіла яна, села гэтаксама на крэсла насупраць яго, адсунула вучнёўскія сшыткі, якія нядаўна правярала.— Штодзень два ці тры ідзе па тэлевізары. І пра сучаснасць, і пра вайну, і вельмі часта нават экранізуюцца класічныя творы... Але я больш люблю чытаць самі творы, чым глядзець фільмы па іх...
Лілія Іосіфаўна гаварыла і бачыла, што Пеця далікатна і ўважліва яе слухае, але ў гаворку не спяшаецца ўступаць. Ці не ўмее так гаварыць, маючы за плячыма ўсяго восем класаў...
— У кіно таго, што ёсць у кнізе, не бывае. Кіно бяднейшае,— дагаварыла яна.— А вы якія кнігі любіце чытаць?
Мая Сцяпанаўна хіхікнула ў спальні, і Лілія Іосіфаўна збянтэжана адчула, што не тую заводзіць гутарку — сухую і нецікавую. Цікавую, можа, толькі для сябе, а не для яго...
— Ваенныя,— адказаў Пеця.
— А я люблю класіку, надта рускую...— з узрушэннем сказала яна.— Вечнае мастацтва, бездакорнае!
Пеця неяк здзіўлена і запытальна зірнуў на адзін міг на яе, але нічога не сказаў, сарамліва адвёў вочы. А яна трывожна, як халадзеючы ў душы, падумала, што ён цяпер яшчэ раз уважліва агледзеў яе, убачыў яе зморшчакі ў куточках вачэй, убачыў, што яна не толькі немаладая, але і зусім непрыгожая, ды яшчэ ў акулярах... Яна б і рада спадабацца яму — але як гэта зрабіць? Хоць бы выйшла з-за перагародкі Мая Сцяпанаўна і памагла завесці добрую гутарку...
— Класіка ёсць класіка! — сказала яна, адчуваючы, што не ведае, пра што далей гаварыць. Вось і бяда, што яна за свой век амаль ніколі не была адна з хлопцам...
Амаль у гэтую ж хвіліну Мая Сцяпанаўна тупнула нагою. І гэта не збянтэжыла, а адразу падварушыла — і выйшла далей само па сабе, што яна, амаль не думаючы, запытала:
— У арміі, відаць, нялёгка служыць?
Мая Сцяпанаўна ў спальні ціха ляснула ў ладкі.
— Як вам сказаць...— здаецца, абрадавана, што можа нарэшце і ён уступіць у гаворку, сказаў Пеця і неяк смялей ды прыхільней зірнуў па яе.— Як каму... Хоць служба, канечне,— не маліна...
«Чаму не маліна?» — падумала яна, мала зразумеўшы, дзеля чаго тут гэтае слова, але ўхапілася за пачатую добра гутарку:
— Але, мусіць, толькі тады можна назваць чалавека мужчынам, калі ён паслужыць?
— Так,— згадзіўся Пеця.— Хутка сталееш, на ўсё іншымі вачыма глядзіш. І да парадку прывучаешся...
— Яно так,— сказала яна.— У армію ідуць дзецьмі, а вяртаюцца мужчынамі...
Мая Сцяпанаўна зноў ціха пляснула ў ладкі. І гэта ўсцешыла Лілію Іосіфаўну, і яна падумала, што дарэмна лічыла дасюль сябе нецікавай, сумнай. Яна звычайная дзяўчына, і вось каб асмелілася ды пачала гаварыць тое, што ведае, то, можа, магла б быць і цікавай, яшчэ цікавейшай, як іншыя, бойкія... Ды прыгожыя...
Ад веры ў сябе яна, здаецца, падабрэла, пачала нават падабацца сама сабе.
— Вы будзеце тут працаваць ці ў горад паедзеце? — запытала яна.
— Маці хоча, каб быў пры доме. Пайду на трактар ці на машыну — сказаў ён, як саромеючыся за сваю такую прафесію.
— Цяпер механізатары ў павазе вялікай і зарабляюць добра,— прамовіла яна, каб падтрымаць яго дух, яго прафесію.
— Ды і дырэктар саўгаса просіць хоць заўтра прыходзіць на работу, садзіцца на трактар ці на машыну. Кажа, надта патрэбны механізатары...— сказаў Пеця смялей і ахватней пра свой хуткі занятак.— Ды я і прывык жыць у вёсцы...
— Няма чаго, канечне, баяцца яе, гэтай вёскі...— усміхнулася Лілія Іосіфаўна.— Мы вось жа працуем. Многа працы, сумуем тут не раз, але ж і радасць вялікую бачым... Радасць ад работы, ад вёскі — ад яе лесу, рэчкі, свежага ветру...
— Так,— кіўнуў Пеця галавою, відаць, усё болей прывыкаючы да яе, паволі пераадольваючы сваё збянтэжанне, што яна настаўніца. Пераадольваў, можа, таму, што ўбачыў: яна простая, вельмі шчырая і таварыская, разумная дзяўчына. Ва ўсякім разе, ёй вельмі хацелася, каб ён так думаў...
— Вось не раз гавораць, што калі жывеш ў вёсцы, то адстаеш ад цывілізацыі сучаснай...— сказала Лілія Іосіфаўна,— маўляў, у тэатр не сходзіш, выстаўкі не паглядзіш, новага кіно не ўбачыш. У нашай сталіцы жыве мая сямейная сястра, гэтаксама з вышэйшай адукацыяй, эканаміст. Але яна так занята працаю ды сям'ёю, што я, жывучы тут, болей у яе ж горадзе пабыла ў тэатрах, на выстаўках, кіно, як яна... Ёй і часу надта няма, ды і ахвоты, мусіць, вялікай гэтаксама няма. Глядзіць тэлевізар — і ўсё. А я, як толькі выпадзе вольная хвілінка, дык і імчуся ў горад што-небудзь паглядзець... А тут, калі ёсць час, чытаю. Забяры ад мяне кнігу — я і не ведаю, як тады і жыць...