Мая Сцяпанаўна тупнула нагою — і яна тут жа асеклася, зноў ліхаманкава пачала думаць, пра што іншае загаварыць. І — ёй на шчасце — не галава прыдумала, а сам язык затаварыў пра гэтае іншае.
— Вы далёка служылі? — спытала яна.
— На Поўначы,— адказаў ахвотна Пеця, які нядаўна быў прыціх, слухаючы яе,— Далёка... Ва ўвальненне ў горад на ўсюдыходзе ездзілі.
— Як добра! — усклікнула Лілія,— Рамантыка!
— Не зусім...— усміхнуўся Пеця, з добраю ўсмешкаю зірнуў на яе.— У вялікія маразы і мяцеліцы не надта вялікая рамантыка.
Яна вельмі ўзрадавалася, што ён так шчыра і прыязна зірнуў на яе. Падумала, што сёння ж напіша сваёй лепшай сяброўцы ліст, раскажа той пра Пецю. Раскажа, які ён прыгожы, добры, нават крышку сарамлівы, але вельмі далікатны. Можна нават будзе напісаць, што яны ўдваіх пахадзілі вечарам па вёсцы, а заўтра напіша, што яны ўжо адзін раз пацалаваліся...
— А я люблю ўсё незвычайнае,— лёгка, з трывожным пачуццём блізкага шчасця сказала Лілія Іосіфаўна.— Люблю вялікія маразы, зацяжныя дажджы, люблю тоўстыя раманы і філасофскія кнігі. Некаторыя не надта любяць гэта, ім тады сумна і нецікава, а я...
Мая Сцяпанаўна зноў тупнула нагой:
— ...але найболей зіму люблю,— крыху збянтэжана сказала Лілія Іосіфаўна.— На дварэ халадзіна, а ты сядзіш у цяпле і пазіраеш на двор, дзе шалее мяцеліца...
— Я лета болей люблю, цяпло і сонца,— сказаў Пеця.
— Як хто... У кожнага свае густы.
— Вы не дасце мне дамоў паглядзець гэтыя часопісы? — крыху памаўчаўшы, спытаў Пеця і зірнуў на яе, але на гэты раз з сорамам.
— Калі ласка,— зарадавалася яна, што можа зрабіць яму нешта добрае.— У мяне шмат такіх часопісаў.
Яна паднялася, стала на крэсла і ўзяла з шафы кіпу часопісаў, са здымкамі кінаакцёраў. Саступіла зноў на падлогу, зірнула на яго і ўбачыла, што ён у гэтую хвіліну глядзеў на яе і, канечне, па-мужчынску акінуў яе ўсю, якая яна ёсць, позіркам. Акінуў і ўбачыў, якая яна тонкая ды высокая, худая.
І гэта, падумала яна, не вельмі спадабалася яму, бо мужчыны, відаць, ахвотней горнуцца да не надта высокіх, круглейшых дзяўчат. А можа, ён нічога не падумаў пра яе постаць, можа, толькі пра гэта ўвесь час думае яна. Думае, што ўсё тое ж самае думаюць пра яе, што яна сама пра сябе...
— Дзякую,— сарамліва сказаў Пеця, беручы часопісы, развітаўся і падаўся дахаты.
Вось цяпер з-за перагародкі выйшла з усмешкаю Мая Сцяпанаўна, зірнула на яе і спынілася ўражаная.
— Ды ты цвіцеш проста! — здзівілася яна.
— Як цвіту? — усміхнулася Лілія Іосіфаўна.
— Твар твой, здаецца, свеціцца ад шчасця...— сказала сяброўка.— Стаў такі малады, светлы...
«А каб яшчэ і прыгожы,— падумала Лілія Іосіфаўна,— то я, можа, зусім шчаслівая была б. Шчаслівейшая за ўсіх!»
— Не пазнаць цябе, далібог! — здзіўлялася Мая Сцяпанаўна, кругленькая, прыгожая, толькі з нейкім сумам у позірку, і сум гэты старыў яе, не рабіў такой вабнай, якою яна была раней.
— Можа, і не пазнаць! — усклікнула Лілія Іосіфаўна, падхапіла сяброўку пад пахі і закружыла тую вакол сябе.
— Ой! — піскнула са страху Мая Сцяпанаўна.— Ды ты зусім звар'яцела!..
— Можа, Маечка...— адпусціўшы сяброўку, Лілія Іосіфаўна стомлена гупнулася ў крэсла, паклала рукі на стол, а на іх галаву, пазірала долу, на падлогу.— Можа, і звар'яцела, як ты кажаш...
Пазірала на падлогу, але і гэтая падлога, Міланькі, школа, дзеці і настаўнікі — усё-ўсё на свеце здавалася ёй цяпер мілым і радасным, шчаслівым і вельмі прыгожым...
— Ён вельмі спадабаўся табе? — ціха спытала яе Мая Сцяпанаўна.
Лілія Іосіфаўна ўзняла галаву, зірнула на сяброўку і ўсміхнулася, але нічога ёй не сказала, чамусьці ёй гэта захацелася ведаць толькі адной і нікому пра гэта не расказваць...
— Гэта толькі цвет, а ягадкі будуць...— надта ж ужо стала ўздыхнула Мая Сцяпанаўна.— Каханне гэтае вельмі ж галаву кружыць...
— Ну, як я гаварыла з ім? — спытала Лілія Іосіфаўна, не зважаючы на сяброўчыны намёкі.
— Амаль добра,— адказала тая, усё яшчэ здзіўляючыся з яе настрою, з настрою пераменнага.— Толькі калі-нікалі загаворвалася... Трэба напачатку паменей пра класіку ды філасофію...
— А пра што найлепш з хлопцамі гаварыць? — шчыра і даверліва запытала Лілія Іосіфаўна, нібы пыталася ў сталай ужо, даўно замужняй жанчыны, а не ў дзяўчынкі, на добрых сем гадоў маладзейшай за яе.
— Пра зоркі!..— усміхнулася Мая Сцяпанаўна.
— Я сур'ёзна...