— І я сур'ёзна,— адказала тая.— Бог яго, Лілечка, ведае, пра што гаварыць, што табе параіць, бо раней не прыдумаеш гэтай гутаркі, сама яна знаходзіцца... А ён прыйдзе яшчэ сюды.
— Адкуль ты ведаеш? — усхвалявана і радасна спытала Лілія Іосіфаўна.
— А часопісы чаму браў? Каб аднесці...
«І праўда...— падумала яна.— А я, бач, якая нездагадлівая. Тады напраўду напішу заўтра сяброўцы, што мы з ім пацалаваліся не раз, а некалькі разоў...»
— Ну праўда, скажы, пра што любяць слухаць хлопцы? — хацела дапытацца яна.
Мая Сцяпанаўна жартаўліва і як намнога старэйшая зірнула на яе, усміхнулася.
— Калі ты спадабаешся яму,— сказала яна,— то ён знойдзе і сам пра што гаварыць... Ты будзеш толькі слухаць ды абараняцца ад яго рук...
— Праўда? — здзівілася Лілія Іосіфаўна. — Раскажы, Маечка, пра што-небудзь такое...
— А сшыткі калі будзеш правяраць? — гарэзна ўсміхнулася Мая Сцяпанаўна.— Гэта нам, бесклапотным, можна забыцца пра школьную работу, а табе, сур'ёзнай, няможна...
— Не трэба, Маечка,— папрасіла Лілія Іосіфаўна. — Цяпер ведаю: справядліва папікаеш, а я несправядліва парою цябе папікала... Раскажы...
— Цікавыя яны, гэтыя хлопцы...- як старэйшая прамовіла Мая Сцяпанаўна, і Лілія Іосіфаўна, затаіўшы дыханне, верачы кожнаму слову, пачала слухаць яе...
6...
Педсавет закончыўся. У настаўніцкай засталіся мужчыны.
Іван Сямёнавіч, чырвоны, узбуджаны, хадзіў па настаўніцкай, супакойваўся.
— Значыць, Павел Мікалаевіч, вы стараецеся, працуеце, а мы з Міхасём Рыгоравічам слаба кіруем, не памагаем вам? — запытаў ён у Васільца.— Маўляў, толькі што ходзім на вашы ўрокі... Ніякія мы ўжо не метадысты?..
— Па-першае, Іван Сямёнавіч, ні Ларыса Іванаўна, ні Таццяна Сяргееўна, ні я не так гаварылі,— спакойна адказаў Васілец.— А па-другое, ці варта пачынаць новы педсавет, новыя спрэчкі?
— Не,— не згадзіўся Іван Сямёнавіч.— Давай усё ж тое-сёе ўдакладнім. Прызнайся: не падабаемся мы з Вертуном вам як кіраўнікі?
«Які раўнівы і крыўдлівы гэты Іван Сямёнавіч! — падумаў Васілец.— Абы зачапіў, дык і нервуецца...»
— Вы ж самі ведаеце,— сказаў Васілец.— Мы яшчэ маладыя настаўнікі, лічы, толькі пачынаем працаваць. Шукаем, кідаемся туды-сюды, памыляемся, зноў шукаем... Дык вось нам і патрэбен мудры кіраўнік, які ведаў бы, як мы працуем, куды мы ідзём, дзе што ў нас добра выходзіць, што не ўдаецца... І не толькі ведаў бы, але і выводзіў бы нас на правільную дарогу... Вось пра што быў сэнс нашых выступленняў, а не пра асабістыя нашы пачуцці да вас...
Іван Сямёнавіч памаўчаў.
— Дзівакі людзі! — парушыў маўчанне Сліж,— У Галінавічах завучы і дырэктар прыдзіраюцца, дык там настаўнікі бядуюць. А ў нас не прыдзіраюцца — і ўсё роўна бядуюць...
Іван Сямёнавіч нахмурыўся, махнуў Сліжу рукою: маўчы лепш. Не крыўляйся.
— Канечне, калі хацець цішыні, калі баяцца паварушыцца, дык так добра. Прыйшлі раз ці два разы на тыдзень да цябе на ўрок, пасядзелі, і ўсё... На другі тыдзень зноў раз прыйшлі... Але ці так уведае завуч, дырэктар, як ты працуеш, дзе табе трэба памагчы? Вось і бывае: Алесь Трахімавіч ні завуч, ні дырэктар, а больш памагае. Бо ён разбіраецца, як ты працуеш... Нешта добра раіць, падказвае... І без папрокаў, без загадаў, з вымовамі... Вымову лёгка даць, а вось разабрацца, памагчы настаўніку ў яго рабоце... Вось і педсаветы, нарады бываюць, адкрытыя ўрокі, даклады чытаюцца... Але здаецца, што яны часта — не аналіз нашай работы, не накірунак для будучага, а толькі так, дзеля птушачкі. Бо трэба ж праводзіць...
— Ну як? — горка ўсміхнуўся Іван Сямёнавіч, кіўнуў Вертуну.— Сячэ нас з табою пад корань!
Вяртун маўчаў. Мусіць, не мог падтакнуць Івану Сямёнавічу, як не мог і «напасці» на Васільца: сёлета некалькі разоў схадзіў на яго ўрок, але ні разу добра не пагаварыў. Толькі і буркнуў: «Ды ўсё добра». Ці не разабраўся ні ў чым, ці не змог сказаць праўды.
І Сліж маўчаў. Прыслухоўваўся, як працягнецца сутычка Івана Сямёнавіча і Васільца. Ведаў добра: жартам тут не абыдзешся. Як і знаў: раніла дырэктара крытыка. Даўно ён ужо яе не чуў, дык і перажывае цяпер.
— Ну, я пайшоў...— потым замітусіўся ён.— Заданне маю, дык... усяго добрага ўсім.
— Будзь здароў,— адказаў яму Іван Сямёнавіч, падышоў да стала, дрыготкаю рукою наліў з графіна вады, выпіў.
Потым прыкрочыў да акна, адхінуў занавеску і зірнуў на двор, у цемень. Плечы яго неяк апалі, і стройная яго постаць абсела, неяк раптоўна пастарэла.
Вяртун махнуў Васільцу рукою: і ты ідзі, няхай Іван Сямёнавіч пабудзе адзін...