...— Ну, што ты скажаш пра сённяшні наш педсавет? — калі яны засталіся ўдвух, калі крыху памаўчалі, запытаў Іван Сямёнавіч.— Пра нашу сённяшнюю гамонку пра вучобу ў школе, пра ролю класнага кіраўніка?
— Задзіраюцца наглыя маладыя...— адказаў Міхась Рыгоравіч.
— Ды не мякенькія, як здаецца на першы погляд...— згадзіўся Іван Сямёнавіч.— Не абы-якія да працы..
— Васілец усіх падбівае...
— І што ты пра яго думаеш?
— Ну...— прамовіў Вяртун і запнуўся. Не ведаў, здаецца, што сказаць, бо не знаў, што цяпер думае ён, Іван Сямёнавіч.— Не просты ён...
— А хто просты? Ды няма простых. Усе са сваім характарам... Светапоглядам, лёсам... А як Васілец, дык ужо і асоба. Стараецца працаваць, працуе творча. Дома шмат чытае, на ўроках эксперыментуе, шмат пасля ўрокаў з дзецьмі займаецца, які добры альбом зрабіў. Падняў ва ўсіх аўтарытэт нашай школы... І сёння яго выступленне дзелавое было...
Вяртун сядзеў за сваім сталом, маўчаў. Цёр высокі лоб.
— Словам, браце, як не горка, але трэба нам, старым, ужо нашу моладзь не толькі на словах, але і на справе прызнаваць...— сказаў Іван Сямёнавіч, зноў пачаў хадзіць па настаўніцкай. Так яму было лягчэй гаварыць,— Мы зрабілі нямала і ў свой час на вышыні былі. А цяпер пастарэлі, дык і адсталі ад навукі. Стаміліся, ідзём з тым багажом, што і год пятнаццаць таму назад быў у нас. Шмат пусцілі на самацёк. Робім па прынцыпу: абы дзеці ў школу хадзілі, абы ўрокі былі... Мы і самі сабе не хочам прызнацца, што гэтак пачалі працаваць. Баімся навінак, бо яны нам ужо не па сіле. Стрымліваем ініцыятыву маладых, асцерагаючыся, што не разбяромся ў тым, чаго яны хочуць, ды што нам будзе шмат клопатаў... Некаторыя маўчаць, а некаторыя і не маўчаць... Вось і сёння каторыя па-добраму прымусілі нас праглынуць горкія пілюлі... Мы з табою няблага робім як настаўнікі, але вельмі кепска як завуч і дырэктар... Лічы, кожны ў нас сам па сабе працуе, без нашай лініі... У нас якая лінія? Каб менш двоек ды троек было, пропускаў, парушэнняў дысцыпліны... Але ж гэта, як сам разумееш, вынік нашай працы, а лінія павінна быць творчая, пошукавая. А на які пошук мы з табою накіроўваем нашу моладзь?
Вяртун маўчаў.
— Я, можа, не ўсачу за ўсім, бо на мне і сталоўка, і майстэрня, і інтэрнат... А ў цябе толькі дваццаць гадзін у тыдзень, гэта па два ўрокі на дзень, ды ты ж на пятнаццаць гадоў за мяне маладзейшы, то павінен намнога больш думаць, як даюцца ўрокі ў школе, якую яны маюць карысць. Ты ж мой намеснік па гэтай лініі... Вобразна кажучы, звяжы намаганні ўсіх у адзін пучок і накіруй у адну кропку...
Міхась Рыгоравіч апусціў галаву і маўчаў.
— Трэба толькі больш роздуму, ахвоты ды старання...— як вучыў Іван Сямёнавіч.— Не так, як ты падрыхтаваўся да сённяшняга педсавета: перапісаў артыкул з часопіса і зачытаў. Артыкул яны і самі прачытаюць, калі падкажаш. Паўтару: трэба назіранні, роздум, аналіз, метадычная парада. Так, патрэбен навуковы падыход...
Міхась Рыгоравіч слухаў дырэктара, які даўно ўжо тое-сёе падказвае, а сёння вось так смела і павучае, слухаў і адчуваў вялікую трывогу: ён, некалі завочна скончыўшы настаўніцкі інстытут, працаваў як умеў. Усе гаварылі, што настаўнікам быў неблагім, нават добрым. А вось завучам... Ён і сам адчуваў, што не можа ўзняцца вышэй за ўсіх, ведаць усё пра ўсіх і кожнаму паасобку падказваць нешта вельмі важнае, што было б на карысць усёй школе. Як і не мог смела сказаць калегу горкую праўду. Ну, не мог, і ўсё.
Вяртун адчуў, як у яго з-пад ног уцякае зямля: ён не зможа не тое што заўтра, а нават і праз месяц перайначыць сваю працу, тое, што склалася за гады... Толькі пакаяўся, што астатнія гады не зважаў на гэта, не падвучваўся сам, мала чытаў, думаў: неяк усё абыдзецца, нешта будзе. Парою адчуваў, што не так, як трэба, працуе, крышку з сорамам браў плату, якая ў яго як у сталага педагога з вялікім стажам, немалая — ля дзвюхсот рублёў. Цяпер ён адчуў пагрозу сваёй завучаўскай пасадзе, плаце. А ў яго пяць дзяцей... Каб столькі мець, працуючы настаўнікам, трэба даваць у тыдзень не дванаццаць гадзін, а намнога больш, слухацца нейкага Васільца — амаль сына па гадах, не толькі слухацца, але і больш рабіць, бо той — малады, разумны, апантаны да розных пошукаў — будзе спрабаваць і тое і сее, падахвочваць да працы, папракаць...
— На тое, дружа, і шчупачкі, каб карасі не драмалі...— як угадаўшы яго невясёлыя думкі, усміхнуўся Іван Сямёнавіч.— Трэба, дружа, трэба і нам з табою маладзіцца... Калі не маладзіцца хоць і душою, то ўмець зладжваць з нашымі маладымі і ісці з імі ў нагу... Вось так...— ён зноў усміхнуўся, але гэтая яго ўсмешка сёння не радавала.— Думай... Я-то пратрымаюся да пенсіі на сваёй пасадзе, а табе яшчэ шмат працаваць. Можа, і саступай ужо маладзейшаму... усё роўна ж рана ці позна прыйдзецца... Такое жыццё...