Выбрать главу

Дзверы сянец былі не зашчэплены. Гаспадары, колькі ў іх кватараваў Павел, прывыклі, што ён вечарам амаль не бывае дома, сыходзіць і вяртаецца вельмі позна, то не замыкаліся нанач.

Не паспеў адчыніць на кухню дзверы, як там успыхнула святло. Павел збянтэжыўся, што загрукаў, пабудзіў гаспадароў. Але гэта — на шчасце — быў Пеця, які ўжо не ў касцюме, а ў трыко стаяў тут і сонна жмурыўся ад яркага святла.

— Позна вы... — па-змоўніцку ўсміхнуўся Пеця, адчуваючы еднасць з ім, што яны абодва сёння былі з дзяўчатамі.— Я ўжо даўно вярнуўся, выспаўся... А цяпер ужо дваццаць на чацвёртую...

— Скора, можа, яшчэ пазней за мяне будзеш вяртацца... — пажартаваў Павел.— Ідзе да гэтага?

— Відаць, пойдзе... — шчасліва адказаў Пеця, усміхнуўся, сагнаў сон, разгладзіліся маршчынкі ля вачэй — і ён зноў стаў малады, свежы, з гладзенькімі — як у дзяўчыны — шчокамі.

— Спадабалася? — шэптам спытаў Павел.

— Канечне... — гэтаксама шэптам адказаў Пеця.— Можa, павячэраем? Я чакаў вас...

...Пеця выпіў і ахмялеў ад першай чаркі. Ад гэтага не толькі разгаварыўся, пасмялеў, але нават расхрабрыўся...

— Яна, хоць і настаўніца, але зусім простая, як і мы ўсе... — радаваўся ён, сам расказваючы Паўлу пра сябе і Ірыну Васільеўну, пра тое, што было ў іх сёння.— Як толькі выйшлі з хаты і загаварылі, яна і кажа: называй мяне Іраю... Прайшлі, пастаялі крыху і пагаварылі... І — ведаеце — я нават дзівіўся, адкуль у мяне тыя словы бяруцца... Калі быў у Ліліі Іосіфаўны, не было тых слоў, маўчаў, як праглынуў язык, а тут мяне як прарвала... Хацеў вельмі за руку яе ўзяць, але так і не асмеліўся... Думаю сабе: ну, вазьмі, не бойся, будзь смялейшы, можа, яна і не пакрыўдзіцца, але не хапіла духу...

— Добра, што гаварыць ведаў пра што, не маўчаў... — усміхаўся Павел.— Другі вечар і за руку возьмеш...

— Я ж, самі ведаеце, які да арміі быў... — зусім стаў шчыры Пеця,— Васемнаццаць годзікаў, нідзе не быў надта далёка... Як там знаўся з дзяўчатамі... Хадзіў на танцы, але не танцаваў, выціраў мел па кутках... Так нікога і дахаты не правёў, не пацалаваў... — Пеця нават як засаромеўся гэтага.— Хоць хлопцам хваліўся, што, і я... нават спаў з дзеўкамі... А цяпер на ўсё гэта гляджу я другімі вачыма...

— Гады, браце,— усміхаўся Павел,— Сталеем... Толькі мне, браце, пара спаць. Ты дык выспаўся ўжо, ды і заўтра можаш ляжаць хоць да полудня, а мне нейкія гадзіны тры засталося...

— Я не буду сёння спаць... — зноў прызнаўся шчаслівы, задаволены сённяшнім днём Пеця.— Бо не хачу спаць...

— Разумею... — усміхнуўся Павел.

— Павел Мікалаевіч,— прыбіраючы пасуду са стала, зірнуў на яго раптам запытальна і неяк вінавата, вінавата, можа, нават за сваю цяперашнюю радасць. Пеця,— скажыце, я перад Ліліяй Іосіфаўнай... ну, не нягоднік?..

— Мне здаецца, што не,— заспакоіў яго Павел.— Ты ж ёй нічога не абяцаў, зірнуў раз, пасядзеў ды і ўбачыў, што не спадабалася... А вось другая спадабалася... Лілія Іосіфаўна, хоць ёй і не лягчэй будзе ад гэтага, усё і сама добра разумее... Каханне, браце... Не толькі вочы, але і сэрца выбірае...

— А мне сорамна... — сказаў Пеця.— Сустрэліся сёння, дык я не ведаў, дзе дзецца. Хоць ты скрозь зямлю...

— Што зробіш, браце,— ужо сур'ёзна сказаў Павел,— усе мы паважаем працавітых, добрых характарам, сумленных непрыгожых дзяўчат, але ўсё ж стараемся сабе выбраць і самых прыгожых... Як тым, непрыгожым, ні крыўдна бывае за гэта, але так выходзіць... Так што і ты перш за ўсё вер свайму воку і сэрцу спачатку, а пасля ўжо розуму і роздуму... Можа, хто другі інакш табе будзе раіць, але я — толькі так...

8...

«Надакучыла ў бальніцы, дома быць у сценах... — падумаў Алесь Трахімавіч.— Выйду я на двор, на свежае паветра. Ну яго — баяцца ветру, холаду!..»

Абуўся ў цёплыя валёнкі, надзеў зімовае паліто, шапку-вушанку, рукаўкі і падаўся на двор.

Надвор'е ў гэтыя дні стаяла ўжо не дажджлівае, але яшчэ і не снежнае. З раніцы была шэрая замаразь — яна пацягнула белізною палі, платы і сцены хат, пакрыла тонкаю скібінкаю ваду, к полудню, калі вось паказалася невялікае і няяркае сонца, пацяплела, і гэтая намаразь прапала. Стала вось вільготна і мякка, пахла сырасцю і яшчэ даволі свежымі асеннімі настоямі.