Падумаў так і адчуў: зноў закалола сэрца. Аж бяжыць боль у скроні, у патыліцу.
«Хоць я і вучыў старых бацькоў, меншых братоў і сясцёр гаварыць усім, што я пайшоў у бежанцы, няма мяне тут, але ўсё роўна людзі ўведалі, што я нікуды не пайшоў, а тут, у партызанах, як і загадаў мне і іншым настаўнікам, старшыням калгаса і сельсавета райком... Нехта і шапнуў немцам... Адчуваў бяду, але не паспеў уратаваць... Вот і віна на ўвесь век... Хоць тады так заперлі нас у лесе, што з яго і мыш не магла выскачыць... Тады многія партызанскія сем'і спалілі жывымі, пабілі... Бацькоў. Івана Сямёнавіча гэтаксама... У Вертуна — брата, у Вольгі Піліпаўны — маці і сястру...»
Задумаўшыся, ён нібы зноў убачыў тую маленькую хатку з адным акенцам, з саламянаю пачарнелаю страхою.
«А як я пачаў падымацца на ногі, дык пачало мяняцца жыццё, ісці ўсё на лад. Усе тады думалі: ну, вот, можа, і зажывём нарэшце: скінулі цара, а потым і Часовы ўрад, вярнуліся з вайны дзедаў брат і бацька. Яны прывезлі не толькі ласункі, але і шмат дзіцячых кніжак з малюнкамі. Вот вечарамі іх і чытаў дзедаў брат, адзін з самых вялікіх грамацеяў у вёсцы.
«Па-нашаму напісана!..» — здзіўляўся дзед. Сам ён не ўмеў чытаць.
«Па-беларуску,— пасміхаўся дзед-бабыль,— гэтае «наша» і ёсць па-беларуску. Хутка так і ў школе будуць вучыць, як і мы тут гаворым... Вот наш Алеська пойдзе ў школу, дык ужо будзе вучыцца па-нашаму, па-беларуску... Хочаш, Алеська, павучыцца гэтак чытаць, як я чытаю? І яшчэ лепей?»
«Хачу!»
«Дык давай вучыцца... Вот гэта «а», вот гэтая чарачка «у», а гэта «мэ»... А цяпер давай складаць: ма, ам, ма-ма, а-у... Ну, давай сам. Ды добра! Як рэпу грызеш!.. Раз гэтак лоўка ў цябе выходзіць, дык трэба, Трахім, вучыць хлопца. Можа, вывучыцца, стане якім начальнікам, дык і нам будзе якая палёгка...»
І тады старыя шмат гаварылі, як і за што, дзе вучыць, па якой «камерцыі» мяне пусціць...
Школы тады ў Міланьках і ў блізкіх вёсках не было, ды, відаць, думкі не пра іх былі, калі вакол такое рабілася. Дык мая навука была такая — пасвіць каровы, жаць, сенаваць, а зімою сядзець на печы і слухаць байкі дзеда-бабыля... Калі ўдавалася ўхапіць абутак старэйшых, дык выбягаў і на снежны двор, часамі выскокваў і босы...
Толькі калі браўся дзесяты год, пайшоў у школу. Будынка асобнага, праўда, яшчэ так і не было; вучыліся мы па сялянскіх хатах: меншыя — у адным доме, старэйшыя — у другім.
Спярша, у школе першай ступені, вучыла нас, самых малых, маладая настаўніца, амаль дзяўчынка. Яна, як пасля гаварылі, прыехала ў вёску з горада, каб выратавацца ад голаду. Была высокая, у чорнай доўгай сукенцы з белым каўнерыкам і з белымі манжэтамі на рукавах, вельмі бледная на твары. Заўсёды сумнавацілася і з нейкай незразумелай бояззю, нават, можа, і з пагардай пазірала на нашы босыя, парэпаныя ногі ці бруднаватыя лапці, дзіўна глядзела, як мы, схіліўшы галовы і высалапіўшы языкі, пішам вуглём па пабеленых мелам дошках, вымазваемся. Яна часта вось так паглядзіць, паглядзіць на нас і нашу такую пісаніну, пасля адвернецца, надыдзе да акна, задуменна пазірае ў яго і шэпча: «О божа літасцівы! І гэта — будаўнікі новага жыцця!.. Будучыні!..»
З вясковымі людзьмі яна не сябравала, не зналася, хадзіла толькі ў суседнюю вёску да папа і да ляснічага. Ішла, высока падняўшы галаву, і ні з кім не віталася, ні на кога не пазірала. Віталіся толькі ўсе з ёю...
Да яе ў вяскоўцаў і ў мяне была нейкая нядобрая адчужанасць. І нават на сённяшні розум і век, калі сам столькі гадоў ужо вучу дзяцей, знаю цану настаўніцкаму хлебу, няма да той першай сваёй настаўніцы і да яе працы павагі: не любіла яна нас...
Пасля, калі праз дзве зімы гэтая маладая красуня з'ехала, нас вучыў стары глухаваты дзядок, а пазней ужо — у школе сельскай моладзі — прыехаў вучыць высокі малады хлопец з абвіслымі на лоб светлымі валасамі. Гэты настаўнік быў малады паэт, сам вясковец, дык адразу сышоўся і з намі, дзецьмі, і з вясковымі людзьмі — чытаў нам свае і чужыя вершы, вучыў «добра» гаварыць па-беларуску. Ён наладзіў у Міланьках ячэйку «Далоў непісьменнасць», а ў школе — тэатр. Развучваў з дзецьмі і з вясковымі маладымі і ставіў п'есы.
Колькі было сіл, старання, ахвоты, павагі да людзей, любові да роднай мовы і літаратуры ў таго хлопца! Як гарую, бядую, што няма родных, так баліць сэрца і па ім: малады ён паехаў у горад, малады нечакана і загінуў...
Як скончыў школу сельскай моладзі, я падаўся ў педтэхнікум, хацеў стаць настаўнікам роднай мовы і паэтам, такім, якім быў мой любімы настаўнік.
Пачаў настаўнічаць на пачатку трыццатых гадоў. Вучыў дзяцей, стараўся, каб яны набылі пачатковую адукацыю, пра якую тады гаварыла ўся краіна, гэтак жа, як нядаўна і мой любімы настаўнік, пісаў вершы і ставіў п'есы, агітаваў вяскоўцаў уступаць у калгас.