Выбрать главу

Калі аднойчы вяртаўся позна са сходу, дзе расказваў людзям пра калгасы і пра жыццё ды працу ў іх, то пяцёра сталых тутэйшых мужчын (сёння з іх жывы толькі адзін) заступілі дарогу. «Перастань клікаць людзей у калгасы! Не тумань нам галовы! Не перастанеш — дык спалім жыўцом!» А потым звалілі з ног, білі... Страціў прытомнасць, заліўся крывёю і не чуў, як і калі пакінулі біць, думаючы, што я ўжо «дайшоў».

Тады быў ужо жанаты, і мяне, не дачакаўшыся дома, знайшла там, на дарозе, і адратавала жонка.

...Галіна была маладзей на гадоў пяць. Вырасла яна ў тутэйшай беднай сям'і, пахадзіла гады чатыры ў школу і мусіла на гэтым спыніць сваё навучанне, пайсці працаваць — вывучылася за швачку і памагала шыць пажылой галоўнай міланскай швачцы, а калі тая памерла, то сама стала галоўнай абшывальніцай вёскі і нават людзей з суседніх сёл.

Была тады Галіна невысокая, тоненькая, дробная тварам, але ўдалася вельмі прывабнай і прыгожай. Да яе змалку «падскакала» многа хлопцаў, а пасля, калі пасталела, і сваталася. Падабалася яна ім не толькі маладою красою і свежасцю, але і працавітасцю. Бывала, ад відна да відна шые, згінаецца, слепіць вочы, коле пальцы, каб і чалавеку памагчы, і самой зарабіць, пракарміць вялікую — без бацькі — сям'ю. Але вечарам, калі прыйдзе ў хату-чытальню, весялейшай за яе не было: і ніхто дасціпней за яе не пажартуе, не запяе і не патанцуе, і вершык ніхто лепш не раскажа. Хлопцы ля яе, здаецца, роем віліся.

Я, хоць і сам быў добры жартун ды смяльчак, але з дзяўчатамі паводзіў сябе не надта смела. З Галінай — тым болей. Бо закахаўся ў яе і не ведаў, як сказаць пра гэта, толькі раўнаваў, калі яна пасміхалася з другімі. Але як толькі асмеліўся «пажаніхацца», яна гэтаксама ўзрадавалася, што падабаецца яму, сказала, што будзе толькі мая...

Неўзабаве пажаніліся, на наступны год нарадзіла сына, а пазней, перад самаю вайною, і дачку. Хоць цяпер, на сённяшні дзень, жывём толькі ўдваіх: дзеці разышліся па свеце...»

...Алесь Трахімавіч пастаяў, паглядзеў на старое сваё селішча і адчуў, што астудзіўся стоячы. Стала холадна ў плечы, залажыла нос — тады ён павярнуўся і, цяжка ступаючы, гэтак жа цяжка несучы свой поўны жывот, падаўся ў хату па тупкай сцежачцы, абапал якой па-летняму зелянеў падарожнік.

— Алесь Трахімавіч, Алесь Трахімавіч! — пачуў ён ззаду, са сценкі, знаёмы голас.

Азірнуўся: да яго на веласіпедзе ў гумовых ботах і зялёнай куртцы ехала паштарка, былая яго вучаніца.

Пад'ехаўшы, паштарка, сярэдніх гадоў жанчына, спрытна саскочыла з веласіпеда, расшпіліла сваю тоўстую сумку, што вісела на яе баку.

— Прагульваецеся? — запытала яна, ведаючы, што ён тыя дні не выходзіў з хаты.

— Трэба ж прывыкаць і да паветра,— усміхнуўся ён,— праз тры дні пайду ўжо ў школу.

— У вас і сёлета самая вялікая пошта,— сказала паштарка, падаючы кіпу» газет,— пасля вас Васілец па падпісцы ідзе, за ім Рагатка, Лілія Іосіфаўна і парторг...

— Як хто можа ці хоча,— сказаў ён, з радасцю бачачы, што паштарка дастала і кіпку пісем, перабірае і шукае яго. Падала тры лісты.

— Сёння вам і кнігі падпісныя прыйшлі, але надта сумка поўная была, то не было куды іх узяць,— сказала паштарка.

— Ай-яй-яй! — зацмокаў ён, хочучы вельмі хоць зірнуць вокам на тыя кнігі, ведаючы, што не здолее сёння, можа, і заснуць, будзе думаць пра іх.— Хоць ты ідзі цяпер сам па іх!

— Заўтра то ўжо прывязу,— паабяцала паштарка,— прабачце, што так выйшла...

— Буду тады жыць падзеяй да заўтрашняга,— прамовіў ён.

— Вы, Алесь Трахімавіч, мусіць, усе кнігі перачыталі ўжо? — запытала яна.

— Што вы! — махнуў ён рукою.— Усіх і не перачытаеш, ды і не варта гэтага дабівацца. Але, думаю, што самае вартае ды цудоўнае, што ёсць у літаратуры, пасмакаваў...

— Гавораць людзі, што настаўнікі сёлета многа вяселляў спраўляць будуць... — нарэшце сказала пра свае «навіны» паштарка.— Васілец будзе браць Усціновіч, Ядзін Пеця — Ірыну Васільеўну, Рагаткаў Васіль — Маю Сцяпанаўну, а наша Каця бярэ ў прымы кватаранта свайго Міхаіла Апанасавіча...

— Дай бог! — усміхнуўся ён.— Так і трэба, каб было! У маладых маладое ў галаве...

— Яно так,— згадзілася і паштарка,— Ну папраўляйцеся, Алесь Трахімавіч. Паеду далей, яшчэ вунь колькі трэба пісем ды газет развесці.

Алесь Трахімавіч паглядзеў, адкуль яму лісты (адзін быў ад дачкі, другі ад сябра-кніжніка, трэці з райвыканкома), і падаўся ўзбоч плота ў хату.