Выбрать главу

«Хата ты хата! — падумаў.— Няма калі з-за хваробы падправіць цябе... Можа, на другое лета ўдасца ўжо печ перасыпаць...»

Абапіраючыся аб сцяну, узышоў на ганак, пастаяў з хвіліну і аддыхаўся, пасля падаўся ў сенцы-веранду, дзе па-ранейшаму пахла астылай пасечанай бульбай і яблыкамі. Бульба была тут паблізу, у цэбрыку, а яблыкі ляжалі ў кладоўцы.

Не паспеў зайсці ў хату і распрануцца, як пачуліся ззаду крокі. Жончыны. Ён ведаў, што так — хуценька і амаль не шлэпаючы па зямлі — можа хадзіць толькі яго Галіна.

— Усё-такі не ўцерпеў, выходзіў на двор... — мякка папракнула яна,— у кароткіх ботах, у чырвоным кажушку з чорнай аблямоўкай, у цёплай хустцы, чырвоная і маладжавая з твару.

Ён вінавата ўсміхнуўся, адчуваючы, што вось такой чырвані і здаровасці ў яго на твары няма, недзе на ім жаўцізна, выступіў, можа, толькі на шчоках невялічкі чырванец, не суцэльны і густы, як у маладых, а паявіліся старэчыя чырвоныя плямінкі.

— Ну што мне з табою рабіць! — гэтаксама мякка-дакорліва прамовіла яна і пачала памагаць яму распранацца — здымаць цяжкое зімовае паліто. Яна, канечне, і сама столькі не ўляжала б і не змагла б сядзець у хаце, таму і гаварыла так далікатна.

Пасля хуценька распранулася сама, стала зусім тонкая, стройная, і гэта тонкасць давала ёй вялікую дужасць.

— Ліст з Ленінграда,— сказаў ён, калі падышоў і сеў на канапу.

— Чытай,— сказала яна.

Ён разарваў канверт і пачаў чытаць. Дачка коратка пісала, што «ўсё ў іх па-старому, усе жывыя і здаровыя, працуюць». Жонка ўважліва слухала, а пасля ўсхліпнула.

— Нічога не напісала, ці баляць у яе вочы... — сказала яна, калі ён скончыў чытаць, пасмуткавала, замаркоцілася, але пасля, мусіць, прымусіла сябе супакоіцца і падалася ў сенцы па мел.

Учора жонка абмазала глінаю дзіркі і трэшчыны ў грубцы і печы, то сёння яшчэ з раніцы размачыла мел — пабяліць у хаце. Прынесла вядро з мелам, даліла ў яго малака, каб пасля не браўся пабел, размяшала, стала на лаўку і пачала бяліць печ зверху. Ён жа, гледзячы на гэта, падумаў, што замазалі вось печ, пабеляць яе, але ўсё роўна праз дзень-другі яна трэсне ў новым месцы, прырудзее.

— Ларыса Іванаўна дае заўтра адкрыты ўрок па рускай мове... — сказала жонка.— Здаецца, спакойная, але хвалюецца... Можа, хто не бачыць, але я бачу. Прывыкла ўжо ўгадваць...

— Можа, трэба падысці, паслухаць, сказаць сваё слова,— адказаў ён, ведаючы, што Ларыса Іванаўна дасць добры ўрок, таму варта схадзіць і паглядзець тое-сёе і для сябе.— Працавітая дзяўчына...

— Добрая дзяўчына! — згадзілася жонка.— Як ніхто, яна мне падабаецца. Разумная, сур'ёзная, стала пагаворыць з табою...

— Слухай,— ледзь не ўсклікнуў ён, чытаючы ліст з райвыканкома,— райсабес кліча афармляць пенсію...

— Дык і ідзі,— сказала яна.— Васілец; давядзе рускую мову ў восьмым...

— Давядзе, канечне, і няблага... — згадзіўся ён.— Але як жа я цяпер на пенсію?..

— Не цяпер, дык вясною ці восенню пойдзеш,— сказала жонка.— Прыйшла пара...

— Пара гэтая праклятая то прыйшла... — сумна згадзіўся ён.— Але цяпер не магу, нават нікому не пакажу гэтага ліста, а ў райсабес адпішу, што буду афармляцца вясною... Сам давяду, закончу сваю працу. Я ж іх, гэтых васьмікласнікаў, з пятага класа вучыў... Сам хачу і выпусціць іх... Як жа прыпыняцца на паўдарозе?..

— Глядзі сам. Як чуешся... — сказала жонка, саступіла са стожка, пачала бяліць печ стоячы.— Цябе ўжо не перайначыш...

Ён усміхнуўся, радуючыся, што жонка яго разумее, паглядзеў, як яна хацела не мокрымі і белымі ад мелу пальцамі, а далонню паправіць валасы, захінуць іх пад хустку, а тады падняўся, падышоў да яе і запіхнуў валасы за вушы, пад хустку.

— Дзякую,— усміхнулася яна.

Алесь Трахімавіч усміхнуўся, бачачы ў жончыных вачах не жаль да яго, а павагу, трывогу, а гэтаксама і каханне. Яны моўчкі, пазіраючы адно аднаму ў вочы, паўсміхаліся. Каб некалі, як былі маладзейшыя, то абавязкова пацалаваліся б, але зараз пасаромеліся гэтага, толькі прыхіліліся на нейкую хвіліну галовамі...

Вечарам, як толькі на дварэ па-зімняму рана сшарэла, а пасля і ўцямнелася, зайшлі Ларыса Іванаўна і Павел Мікалаевіч.

Алесь Трахімавіч, які дасюль памагаў жонцы парадкаваць у хаце, а пасля абабраў чыгунок бульбы, абрадаваўся маладым, паважаным гасцям, затаптаўся — уключыўшы ў хаце святло і памагаючы тым распранацца і вешаць адзенне — ахватней, як сам у гэтую хвіліну памаладзеў, пазіраючы на сваіх гасцей — з квітнеючым здароўем, вясёлых і з чырвонымі ад халоднага ветру шчокамі. Ён сёння адразу ж яшчэ болей заўважыў сваім «старым» вокам, што маладыя ўжо не саромеюцца так, як некалі, адно аднаго на людзях, сваіх позіркаў, што нехта ведае пра іх тайну, пра іх каханне, а ў іх словах, паводзінах ды позірках адчуваецца ўжо сталасць і нават блізкая сваяцкасць, сваяцкасць мужа і жонкі.