Выбрать главу

Яны, Усціновіч і Васілец, адразу ж прыбеглі і пазаўчора, як толькі ён вярнуўся з бальніцы. З хваляваннем і трывогаю пыталіся ў яго пра здароўе, а ён, стараючыся супакоіць іх і не звяртаць вялікую ўвагу на сваю хваробу, пажартаваў, што рыпучае дрэва доўга жыве, адразу ж запытаў у іх пра школу — якія веды і ацэнкі за першую чвэрць у восьмым класе па рускай мове, як яны цяпер чытаюць і знаюць рускую літаратуру, як увогуле паспяховасць па школе.

— Значыць, і сёлета шмат мы нечага недарабілі... — уздыхнуў ён.— Шмат нечага новага і цікавага не адкрылі дзецям...

— Самыя высокія веды і ацэнкі па мове і літаратуры і сёлета ў восьмым класе, дзе вы вучыце, і ў тых класах, у якіх вы вучылі летась,— сказала Ларыса Іванаўна, папраўляючы на галаве шапачку, счышчаючы з сукенкі пылінкі. Сёлета яна, здаецца, стала яшчэ больш стройная і па-жаноцку больш прывабная, з мяккімі рысамі твару і са спакойнымі рухамі.

Яго ніколі не радавалі толькі свае поспехі ці нечыя няўдачы, бо хацелася, каб усе дзеці бралі для сябе ўсё, што можна ўзяць у школе, разумнелі.

— Трэба шукаць прычын, трэба думаць, дзе мы чаго недарабілі,— сказаў Алесь Трахімавіч.— Хоць я чуў, што Павел Мікалаевіч добра сёлета пачаў працаваць, нават падзяку ад Івана Сямёнавіча атрымаў... І гэта поспехі ўжо!..

Васілец сарамліва ўсміхнуўся: «Якія там поспехі!»

— Але самі ўбачылі, як усё гэта нялёгка і радасна...— сказаў Алесь Трахімавіч.— Прыходзіць чарга ўжо і вам заяўляць пра сябе... Адны адыходзяць — другія прыходзяць. Але жыццё не спыняецца, ідзе толькі паперад. Ідзе таму, што жывяць яго вось гэтыя новыя сілы... Так што ўжо вы — будучыня школы...— і ён зноў лагодна, ад душы, усміхнуўся маладым, хоць сам падумаў, што жыццё чалавечае, а можа, і сама прырода, не толькі вельмі здзіўляе (у дзяцінстве), вучыць (у юнацтве), забірае ўсе сілы, паказвае ўсе свае чары і цяжкасці (у маладосці і да старасці), але і жорсткае (калі возьме ўсё ад цябе, высушыць, то тады адкідае цябе ўбок, клапоціцца пра сваю будучыню — пра самых маленькіх, якіх даводзіць да старасці, і зноў ды зноў хоча амаладзіцца) .

Вось таму Алесь Трахімавіч, столькі пажыўшы і шмат чаго ўбачыўшы, калі пазіраў першага верасня на маленькіх першакласнікаў, і радаваўся, што яны многа чаго ўведаюць, і шкадаваў іх...

— Так што ў вас яшчэ паперадзе нялёгкае, але цудоўнае жыццё... — усміхнуўся Алесь Трахімавіч.— А на словы свайго сябрука пра вашу прыземленасць, пра што вы гаварылі на днях, не зважайце, бо гэта толькі ганарыстая выдумка-балбатня тых, хто не ведае нашага жыцця, але думае, што яно павінна быць такім, як яны думаюць...

— Ды і мы пасміхаемся з гэтага,— сказала Ларыса Іванаўна.— І думаем пра другое. Можа, вы заўтра, калі дазволіць здароўе, падышлі б у школу на мой адкрыты ўрок па мове? Ваша слова...

— Падыду,— усміхнуўся ён.— Я ўжо сябе адчуваю, як у трыццаць гадоў!

Жонка, стоячы ля гарачай печы, крышку іранічна ўсміхнулася, але нічога не сказала.

— А цяпер, можа, паглядзіце план гэтага ўрока, падкажаце яшчэ што... — сказала Ларыса Іванаўна і падала вучнёўскі сшытак, які быў амаль увесь спісаны дробным почыркам.

— Зараз павячэраем, а тады ўсе разам і паглядзім,— усміхнуўся ён, адчуваючы, што план гэты ўжо і самой настаўніцай, і яе сябрам добра прадуманы.— Хоць я адчуваю: наўрад ці што змагу яшчэ вам падказаць... Будзе заўтра толькі многае залежаць ад вашага выканання задумы і ад працы вучняў...

Павел Мікалаевіч, слухаючы іх, стаяў ля шаф і пазіраў на кнігі. Можа, і выбіраў, што яму сёння ўзяць пачытаць. Бо вунь аднёс, відаць, раней узятыя — ляжыць на стале загорнуты газетаю пакуначак.

— Дык выязджае ваша гаспадыня? — спытаў Алесь Трахімавіч у Ларысы Іванаўны.

— Прадала ўжо хату, узяла задатак... — сумнавата адказала тая, і ён ведаў, чаму той сум.

— Куплялі б вы ды жылі б,— сказаў ён.

— Няма ў нас такой сумы... — усміхнулася Ларыса Іванаўна.

— Мы пазычылі б,— сказаў ён.— Можа, вы і дарэмна ўпусцілі такі шанец. Мелі б свой куток. Працавалі б і аддавалі пакрысе...

— Вялікі доўг... — прамовіў Павел Мікалаевіч, адпіхаючы шкліну і дастаючы нагледжаную кнігу. — Страшнавата... Можа, апытаем дзе кватэру ды дачакаемся, калі будзе новая школа...

— Вы ведаеце,— сказаў Алесь Трахімавіч, разумеючы добра гэтых маладых,— што нялёгка сямейным знайсці куток. Ахватней бяруць халасцякоў ды нежанатых... Ды і хто хацеў узяць кватарантаў, ужо ўзяў... Трэба,— звярнуўся ён да жонкі,— з Анцяю пагаварыць. Адна жыве, няўжо не возьме? Праўда, нейкая нелюдзімая яна, але вы, думаю, зможаце з ёю зладзіць.