— Падыду заўтра, пагавару,— адказала жонка.— Трэба ж памагчы маладым. Хто ім, адзінокім, тут паможа? А цяпер хадзіце есці, вячэра ўжо гатовая... — і пачала даставаць з печы вілкамі гаршчок з бульбаю.
— Пайшлі,— запрасіў жаданых гасцей Алесь Трахімавіч.— Падмацуемся — тады і лягчэй пра ўсе праблемы думаць будзем... — жартаваў наўмысна, каб падбадзёрыць маладых.— Але ўсё будзе добра, дарагія мае. У каго з нас не было цяжкасцей? Жыццё не раз наўмысна падстаўляе нам іх, каб праверыць, што мы за людзі... Слабога духам ломіць, а моцнага гартуе. Вас не зломіць...
9...
Пасля першай нядзелі снежня амаль кожнага дня сіне-чорныя хмары ўхутвалі неба. На дварэ халаднела і цямнела. Сыпаўся мокры і цяжкі снег, але тут жа раставаў.
Праўда, пад вечар неба выяснівалася, вышэла і пачынала блішчаць далёкімі мігатлівымі зорачкамі, дыхала спачатку калючым холадам, а пасля пачынала ціснуць і марозікам. Вялікага марозу ноччу не было, пад раніцу толькі цвярдзела і станавілася гулкай зямля, сцягвалася пад лёдавай скарынкай вада. Раніцаю доўга на дварэ было сіне-бела ад інею і дыму, што вісеў нізка пад хатамі. Толькі ж к полудню гэтая блакітная смуга прападала, мароз знікаў і зямля зноў мякчэла, а пасля сняжыла, і дажджыла па шмат разоў. Дык ужо і хацелася сапраўднай зімы.
«Але зіма, мусіць, будзе яшчэ не скора... — думала Лілія Іосіфаўна, пазіраючы ў акно.— Дык і настрой мой яшчэ не хутка зменіцца... Эх, Пеця, Пеця! Так ты растрывожыў мяне! Расхваляваў і пайшоў да Ірыны Васільеўны... А я... І трэба было ж мне гэтак закахацца... Як дзяўчынка якая...»
...Мая Сцяпанаўна вярнулася са школы, калі ўжо ў хаце гарэла святло, калі Лілія Іосіфаўна нацякла міску дранікаў, насмаліла сала з мясам і цыбулі, заліла гэтым дранікі і паставіла іх на прыпеку — каб не астывалі.
Мая Сцяпанаўна, невысокая, прыгожая яшчэ болей у сінім паліто з сівым пышным каўняром, ружовашчокая, была апошнія часы тая і не тая. Была такая яе прыгожая, стройная, але чамусьці прапала ў яе ранейшая весялосць, а ў вачах нечакана з'явіўся глыбока схаваны смутак, нават трывога і адчай, і гэта — глыбока патаемнае, самотнае — зрабіла адбітак на яе позірку і паводзінах, зрабіла яе неяк больш сталай і раздумлівай, нават зблажэлай.
Раней — зусім яшчэ нядаўна,— бывала, як толькі прыбяжыць пад вечар са школы, перакусіць І ляжа спаць. Падрэмле, адпачне, падымецца — і такая яна тады была маладая, здаровая, вясёлая і свежая, што нельга было не парадавацца за яе. Пасля прыхарошыцца і чакае Васіля, ідзе з ім некуды гуляць ці, пакуль ён прыйдзе, прысядзе і пяе, жартуе, аж зайздрасць брала, што яна такая шчаслівая...
Цяпер жа змянілася. Калі і ўсміхнецца гарэзліва, запяе, але пасля як успомніць нешта — і замаркоціцца. Па-ранейшаму яна, вярнуўшыся са школы, перакусіць і кладзецца ў ложак, але цяпер так хутка, як раней, не засынае, а то і зусім не спіць, ляжыць і пазірае ў столь ці заплюшчыць вочы і прыкідваецца, што дрэмле. І ночы апошнія яна неспакойна спіць, таму, мусіць, і зблажэла. А ўсё гэта, здаецца, ад таго, што яна паспрачалася са сваім Васілём, які каторую пару ўжо да іх не прыходзіць...
— Ну, чым ты пачастуеш? — спытала Мая Сцяпанаўна, вярнуўшыся са спальні на кухню ў халаце, які вельмі ішоў да яе кругленькага прыгожанькага твару, добра аблягаў яе поўную постаць.
— Вось чым... — усміхнулася Лілія Іосіфаўна, ставячы на стол міску з дранікамі.
— О, як смачна пахне! — крыху ўсміхнулася і тая, села і пачала есці.
Ела яна цёплыя, мяккія ад тлушчу дранікі не вельмі ахвотна і адкідвала са свайго боку відэльцам кавалачкі свежага мяса, якое раней вельмі любіла. І як яе Лілія Іосіфаўна не ўгаворвала пакаштаваць свежаніны, тая адмаўлялася, а пасля зморшчылася, замахала рукою ля рота, сказала: «Мне нешта блага...» — і хутка выбегла ў сенцы.
— Што з табою? — затрывожылася Лілія Іосіфаўна, калі сяброўка, белая ў твары, вярнулася на кухню, больш не села есці дранікі, а наліла ў кружку чаю і дрыготкаю рукою пачала размешваць у ёй лыжачкаю цукар. Уздрыгвалі і яе раней поўненькія, а цяпер як сасмяглыя вусны, і сама яна ўся была нейкая надта аслабелая.
— Відаць, кішэчнік...— прамовіла тая, але ў твар не зірнула, сербанула, нагнуўшыся, з кубка чаю і тады ўжо зірнула жывей, і да яе шчок, вуснаў і рук пачала прыліваць чырвань.
— Я бачу, што ты вельмі зблажэла... — трывожна сказала Лілія Іосіфаўна, шчыра перажываючы за сяброўчына здароўе.— Трэба тэрмінова да ўрача...