— Паеду на днях... — ціха адказала Мая Сцяпанаўна, пасля неяк самотна і даверліва зірнула на яе.— Толькі ты пра гэта нікому не кажы...
— Што ты! — супакоіла яе Лілія Іосіфаўна.— Пра гэта не можа быць і гаворкі. Трэба падумаць, якое табе скласці меню...
— Дзякую, Лілечка,— адказала тая, не дапіла чаю і падалася ў лепшую палавіну, дзе цяпер была гаспадыня.
Лілія Іосіфаўна выпіла ажно два кубкі чаю (яна ела добра, то сама здзіўлялася, чаму такая тонкая), цяпер падумала, што, можа, і яна мае нейкую хваробу, што не можа крыху паправіцца, падумала, што, можа, гэтаксама варта пад'ехаць і расказаць усё ўрачу. Вымыла пасуду і падалася ў лепшую палавіну, дзе Мая Сцяпанаўна ляжала ў халаце на пасцелі, а ля яе стаяла гаспадыня і гаварыла:
— Жывот трэба лячыць, дзіця маё... Замучыць... Абы што якое з'еў — ён і баліць... Але я табе зараз зёлак напару... — і добрая жанчына распранулася і падалася на кухню, дзе за комінам ляжала многа насушаных ёю траў і кветак.
— Не трэба мне гэтых зёлак...— шапнула Мая Сцяпанаўна.
— Народныя лякарствы вельмі памагаюць... — запярэчыла ёй Лілія Іосіфаўна,— Так што ты не адмаўляйся...
— Мне яны не памогуць,— абыякава адказала тая.— У мяне зусім другое, толькі я не хачу гаварыць... Нашто каму ведаць ці азмрочваць каго. У цябе самой мала шчасця ды радасці...
— Я не вельмі азмрочваюся,— наўмысна бадзёра сказала Лілія Іосіфаўна.— І не надта паддамся благому настрою... З сабою спраўлюся... Але вось што ў цябе, Мая, што цябе так з першага ж разу падкасіла?
— Няма ў мяне... — памаўчаўшы, сказала тая.— Вось і ёсць усе меркаванні...
— Чаго няма і што ёсць? — зусім не зразумела Лілія Іосіфаўна, прысела ля сяброўкі, пазіраючы ёй у самотныя вочы, пад якімі паявіліся сіняватыя ўпадзінкі.
— Цяжарная я, вось што...— нечакана ціха выдыхнула Мая Сцяпанаўна, закрыла твар рукамі.
Лілія Іосіфаўна разгублена зірнула на яе, пасля ўжо апамяталася, але ўсё яшчэ спалохана запытала:
— Як так?
— Вось так...
— Можа, ты памыляешся? — шапнула яна.
— Ты што — маленькая? Я ж ведаю... Няма, і во за вячэраю...
— А ён — што? — збянтэжана спытала Лілія Іосіфаўна.
— Я яму яшчэ не гаварыла, бо паспрачаліся на днях...— тая адкрыла твар і выцерла слёзы.— Напраўду паеду на днях да ўрачоў... І ўсё...
— І страшна вельмі, Маечка, і ці трэба... — прамовіла Лілія Іосіфаўна.— І, ведаеш, пасля можа ўсякае быць... Самыя розныя беды... — і яна пачала пераказваць тое, што чула не раз ад розных людзей.
— Ну што я нарабіла?.. — усхліпвала Мая Сцяпанаўна.— Не хачу, не буду...
— Не адчайвайся і не гарачыся... — прасіла Лілія Іосіфаўна, адчуваючы, што яна ў такіх справах нічога не знае, зусім няўмелая, не ведае, як памагчы, але знала, што памагчы трэба.— А мы вось зараз пойдзем да яго і пагаворым... — Яна адчувала, што на гэта патрэбна смеласць, вялікая смеласць, якой у яе ніколі не было, але цяпер — дзеля сяброўкі — яна гатова была пайсці на самыя цяжкія выпрабаванні, абы выратаваць яе, не даць адчаяцца, зрабіць абы-што ад разгубленасці.
— Я не пайду да іх... — не згадзілася Мая Сцяпанаўна.— Дзе я вочы дзену?..
— Я выклічу яго на двор, і мы пагаворым з ім... — ёрзала Лілія Іосіфаўна і здзівілася, як усё гэта хутка і неспадзявана прыходзіць ёй у галаву.
— Лілечка мая! — усхліпнула Мая Сцяпанаўна, прыгарнулася да яе каленяў, абняла за стан.— Залатое ў цябе сэрца... Прабач, што я не раз была дурная, пасміхалася...
— Дробязі гэта... — махнула рукою Лілія Іосіфаўна.— Цяпер будзем думаць не пра гэта, а пра другое. Адзявайся — і пайшлі. Перагаворым, і ўсё будзе добра...
— Добра, каб добра... — прамовіла тая і зноў усхліпнула.
— Не трэба, Мая... — сказала Лілія Іосіфаўна, не вытрывала і гэтаксама заплакала, горнучы сяброўку да сябе, трывожачыся за яе лёс.— Але вось што выпадае нам, жанчынам... Перш за ўсё бяда нам... Але нічога, усё будзе добра. Вы ж кахаеце адно аднаго... То гэта, можа, не бяда для вас, а шчасце...
— Дзяўчаты, пайшоў снег...— зайшла сюды і сказала гаспадыня, якая была без верхняга адзення, несла ў руках кубак.— Выпі, дзіця, не пашкодзіць.
Мая Сцяпанаўна ўзяла ад яе кубак, абгарнула яго крысом халата, каб не так пёк у рукі, і, дзьмухаючы, пачала адхлёбваць маленькімі глыточкамі гарачую ваду, якая была настоена нейкімі зёлкамі.
— А плакаць не трэба,— прамовіла гаспадыня.— Вы ж яшчэ маладзенькія, вылечыцеся... Мае вы дзяўчаткі! — паківала яшчэ яна, шкадуючы іх.— Плачаце вы часта: то дзеці пакрыўдзяць, то вецер халодны, то хвароба...
Лілія Іосіфаўна, зірнуўшы на гаспадыню, засаромелася і, мусіць, густа зачырванелася, бо адчула, як запалалі шчокі, падумала, што гаспадыня, канечне, болей ведае пра іх і іх жыццё, як яны думаюць, ведае і тое, што яны, здаецца, вельмі хаваюць...