Выбрать главу

— Давай, Мая, адзенемся і зірнём на снег,— сказала Лілія Іосіфаўна, перамагаючы свой сорам і па-змоўніцку падміргваючы сяброўцы.— Вельмі люблю пазіраць, калі ідзе снег! Гадзінамі тады стаяла б на дварэ!

— Выйдзіце, пагуляйце, дзяўчаткі,— сказала гаспадыня.— Нялёгка во і да вас, маладзенькіх, шчасцейка ідзе...

— Прыйдзе, цёця,— усміхнулася Лілія Іосіфаўна, апранаючы на халат зімовае паліто, а пасля абуваючы і зімнія боты,— Раз мы чакаем яго, то прыйдзе...

— Дай вам бог гэтага... — адказала гаспадыня і палезла на печ.— І я за вас во падумаю, пажадаю вам гэтага...

Мая Сцяпанаўна гэтаксама абула зімовыя чорныя боты, сіняе паліто з сівым каўняром, доўга стаяла ля люстэрка і завязвала ды перавязвала белую хустку, фарбавала вусны і падводзіла вейкі. Лілія Іосіфаўна амаль ніколі не рабіла гэтага, то цяпер стаяла непадалёку і пазірала на сяброўку.

...Снег быў відаць толькі з акна кухні, калі гарэла там святло: ён ляцеў долу паблізу шыбін. Як выключылі святло і выйшлі на двор, снегу не стала бачна, але ён добра чуўся — варта было працягнуць уперад далонь ці падняць твар, як ён, пушысты і халодны, ліп да цела. Зямля ад снегу шарэла, выпраменьвала святло — і нават цяпер, познім вечарам, павіднела, разгарнулася цемень. Паказаліся блізкія хаты, платы, шарэючы ад белізны.

— О божа! — усклікнула Лілія Іосіфаўна.— Як я люблю снег! Як хораша і лёгка!

Мая Сцяпанаўна стаяла паблізу пры плоце і маўчала, здаецца, абыякава пазірала, як яе плечы аблеплівае снег, як кружыцца непадалёку яна, Лілія Іосіфаўна, радуецца такому просценькаму дзіву — густому і лёгкаму снегу...

— Пайшлі,— сказала Лілія Іосіфаўна, узяла сяброўку пад руку і павяла з двара.

Падаліся да Рагаткі но вуліцаю, дзе была незамёрзлая глыбокая хлёпанка, а найшлі па сцежачцы, што вілася ля самых платоў. Часта коўзаліся, маглі б паваліцца, каб не трымаліся адна за адну. Як праходзілі ля хат, з акоп якіх падала на плот, сцежку і дарогу святло, зноў добра быў відаць сухі снег, што не цяжка надаў долу, а ляцеў памалу, кружачыся.

Мая Сцяпанаўна ішла і маўчала, але адчувалася, што яна хвалюецца. Хвалявалася і Лілія Іосіфаўна, хоць яе хваляванне было зусім іншае, як у сяброўкі,— не за сябе, а за другога. Мая ж Сцяпанаўна перажывала, канечне, перш за ўсё за сваю долю.

На верандзе і на кухні Рагаткавай хаты святла не было, і Лілія Іосіфаўна падумала, што яны ўжо спяць. Але калі падышлі бліжэй, да нізенькай брамкі, то ўбачылі, ' што з акна лепшай палавіны на двор падала блакітнае святло ад тэлевізара.

— Я далей не пайду,— сказала Мая Сцяпанаўна і прыхінулася да плота.

— Чакай тут... — прамовіла Лілія Іосіфаўна і, каб супакоіць яе і сябе, паціснула сяброўку за локаць, цмокнула ў шчаку.— Усё ўладзім...

Яна адна, сама здзіўляючыся сваёй смеласці і рашучасці, падалася па двары да сянец-веранды. Хоць была тут усяго некалькі разоў, але хутка намацала клямку, адчыніла дзверы і зайшла ў веранду, вобмацкам пачала шукаць другую клямку, каб адчыніць дзверы ў калідор. Пакуль яна абмацвала яе, пачуліся крокі і нехта ўключыў святло — пстрыкнуў ля самага вушака ўключальнікам, адчыніў ёй дзверы.

Гэта быў Васіль, які стаяў у трыко і тапачках. Лілія Іосіфаўна рашыла не хітраваць, адразу сказаць, каб ён выйшаў на двор. Але не паспела: адхінуўшы занавеску, з лепшай, палавіны вызірнула Вольга Піліпаўна, якая, відаць, сядзела там і глядзела кіно. Так і зірнула сюды — не ўстаючы з крэсла.

Лілія Іосіфаўна, не адчуваючы вялікага збянтэжання, ліхаманкава думала, як і пра што загаварыць.

— Іван Сямёнавіч дома? — спытала яна.

— Не, — першы адказаў Васіль.— У Вішнёўцы на партыйным сходзе.

«Дзякуй богу!» — парадавалася яна, уздыхнула.

— Хадзеце, Лілія Іосіфаўна, паглядзім цікавае кіно,— паклікала яе Вольга Піліпаўна,— а заадно, можа, і вырашым вашы клопаты да Івана Сямёнавіча.

— Не, дзякую,— усміхнулася Лілія Іосіфаўна,— я тады заўтра падыду,— а Васілю, які ўжо вось-вось мог адысціся, шапнула: — Правядзіце мяне...

Той здзівіўся, лыпнуў на яе шыракаватымі вачыма, прыпыніўся, а пасля сказаў маці:

— Я, мама, правяду... — і падаўся адчыніць дзверы.

Лілія Іосіфаўна, бачачы, што ён у такім адзенні не зможа доўга быць на дварэ, зноў шапнула:

— Абуйцеся і адзеньцеся,— а Вользе Піліпаўне сказала: — Прабачце... Спакойнай ночы!

Не стала чакаць Васіля, які нацягваў на ногі шкарпэткі, а пасля і чаравікі, пунсавеў на твары ад натугі і нейкага хвалявання, зірнуў на яе, як яна зачыняла дзверы ўжо, і яна на адзін міг убачыла на яго круглым, з невялікім загнутым носам і вялікім ілбом, прыгожым, як у бацькі, твары ўжо не здзіўленне, а здагадку.