Выбрать главу

Калі яна выйшла з варот, убачыла, што Мая Сцяпанаўна, чакаючы і хвалюючыся, шмат натупала, а можа, ёй прыходзілася і адыходзіцца, калі нехта ішоў па сцежцы. Мая Сцяпанаўна, выйшаўшы з-за вушака варот, зірнула на яе, як застыла, сціснула вусны і зморшчылася, але пасля, як рыпнулі дзверы веранды, зірнула туды, сагнала з твару разгубленую і плаксівую міну, пастаралася, здаецца, выглядаць абыякава.

Васіль, надта высокі ў цемені, падышоў да іх, зірнуў на Маю Сцяпанаўну і не сказаў ні слова.

Усе ўтраіх пастаялі з хвіліну і памаўчалі.

— Пагаварыце... — першая азвалася Лілія Іосіфаўна, бачачы, што яны, маладыя, першыя не загавораць з-за сваіх прынцыпаў.— Вам ёсць пра што пагаварыць... Пра сваё будучае дзіця... Ну, шчасліва вам! — прамовіла, абедзвюма рукамі прыхіліла іх адно да аднаго, сутыкнуўшы тварамі, а сама павярнулася і падалася адсюль.

Вярталася дахаты і не азіралася: ведала, што ўсё ў іх будзе добра, хутка яны памірацца, паладзяць. Гэта толькі ёй ніхто надта не паможа, як не памагаў і дасюль — ні сварыў з кім, ні мірыў... Але і яна будзе жыць, усё вытрывае і не перастане верыць і ў сваё шчасце...

А зверху, з цёмна-шэрага неба, па-ранейшаму падаў на стрэхі, платы, на халодную зямлю, на яе белы снег. Ад яго ўжо добра дыхала холадам, чысцінёй, зімою, для раздолля і белай радасці якой даўнавата пастала пара...

10...

«Пачакаю, няхай дагоніць Адзінец,— падумаў Павел, прыпыняючыся.— Трэба пагаварыць. Шчыра, без папрокаў. У класе нешта не клеіцца ў нас ніколі гутарка, а тут павінна склеіцца... Лічы ж, дзеля гэтага падбіў увесь клас пакатацца сёння на лыжах уздоўж рэчкі Бярэзіны...»

Адзінец пад'ехаў.

— Усё цяжэй і цяжэй уцякаць ад цябе... — усміхнуўся Павел, пазіраючы на расчырванелага Адзінца.— Так што справядліва ты заняў нядаўна першае месца сярод вучняў васьмігадовых школ!

Адзінец сарамліва ўсміхнуўся, з зайздрасцю пазіраў на Паўлавы лыжы з прымацаванымі да іх чаравікамі, на якіх ён нядаўна выйграў на спаборніцтвах: Павел даваў яму гэтыя лыжы і чаравікі. Яны былі якраз па назе росламу вучню.

Лес быў ціхі і белы. Прыгравала сонца. У небе пачуўся гул, пасля паказалася белая вузенькая палоска. Яна імкліва цягнулася на поўдзень.

Адзінец задраў галаву, прыжмурыўся і загледзеўся.

— Знішчальнік...— сказаў ён.— Во скорасць, вышыня!

— А ты хацеў бы стаць лётчыкам? Вось так лётаць, берагчы краіну?

Адзінец апусціў галаву. Маўчаў.

— Я ў лётнае вучылішча не паступлю,— потым уздыхнуў.

— Чаму?

— Ды я... Самі ж ведаеце, якія ў мяне ацэнкі... Па мове, па матэматыцы і фізіцы...

— Ты здаровы і дужы, разумны — гэта самае галоўнае...— сказаў Васілец.— А ўсё астатняе можа і прыкласціся... Толькі трэба табе пастарацца. Можаш рамантаваць матацыклы, тэлевізары, пральныя машыны, дык чаму не можаш ведаць на «5» фізіку? Можаш. Як можаш мець «5» і па матэматыцы, лепш пісаць і дыктоўкі, ізлажэнні, сачыненні...

Адзінец маўчаў.

— А можа, усё ж паваюем за тваю мару? Як, Адзінец? — і Павел паклаў яму, росламу, руку на плячо.— Сам жа ведаеш: я гатоў табе заўсёды памагаць. А па фізіцы папросім, каб Таццяна Сяргееўна памагла... Ну, як? Маеш ты волю, волю мужных людзей, ці не маеш яе, адступіш ад свайго?

— Я хацеў бы, але...

— Ніякіх але, чуеш? — ляпнуў яго па плячы Васілец. — Значыць, пачынаем яшчэ большую даваць табе нагрузку, каб ты змог паправіць і тое, што запусціў, і заадно пайсці наперад... Твая перамога — і мая перамога... Пойдзеш у другую школу, у дзевяты клас,— і тады, калі хочаш, буду памагаць... І — абы стараўся — усяго даб'ешся...

Са смехам, з гоманам пад'язджалі астатнія сямікласнікі. Васілец крышку адвярнуўся, але паспеў прыкмеціць: Адзінец усміхаецца...

Ірына Васільеўна вярталася з сесіі, спяшалася дадому.

Аўтобус не хадзіў у Міланькі, але, на шчасце, удалося трапіць на спадарожную машыну.

...Дарога за горадам, як толькі скончыўся асфальт, пагоршала. Машыны даўно ўжо тут расцерлі не толькі снег ды лёд, але і зямлю. Перамяшалі яе, нарабілі глыбокіх каляін. І ў іх стаяла вада.

Машына ледзь паўзла, хвілінамі так ціха краталася, што, здавалася, стаяла на месцы.

Пасля, у лесе, памчаліся.

Жанчыны-спадарожніцы, нагаманіўшыся, памёрзшы, замаўчалі. Змерзла і Ірына Васільеўна. Надта ў ногі.

Мінулі поле, пад'ехалі да слупа, на якім гойдалася на адным цвіку сіняя таблічка з белымі літарамі «Міланькі». За гэтым слупам амаль адразу была сядзіба Пецевага бацькі.