Выбрать главу

Ён, адчуўшы, што яна не ўцякае, сядзіць побач, асмялеў, прыхінуўся і пацалаваў яе спачатку ў шчаку, пасля ў куточак вуснаў.

— Я буду да цябе адзін хадзіць, добра? — запытаў ён.

— А хто ж табе не дае? — усміхнулася яна, адчуваючы, як ён мацней цісне ёй рукі.

— Саромлюся Таццяны Сяргееўны...— прызнаўся ён.— Яна такая, што як зірне, дык здаецца, бачыць наскрозь...

— Яна добрая, толькі гэта мала хто ведае,— прамовіла яна.— Не бойся яе. Яна зычыць толькі дабра. А што пазірае гэтак, кпіць, пасміхаецца — такі ўжо ў яе характар... Не такі, дзякуй богу, як у нас з табою, маўчуноў...

— Я не маўчун,— пагарэзнічаў Пеця, нечакана абняў яе.

— Смелы! — усміхнулася яна, але не адсунулася, гэтаксама прытулілася.— Уга, які смелы!..

— І буду смелы! — ужо напраўду асмеліўся Пеця, пасля асыпаў яе шчокі пацалункамі.— А як замуж вазьму, дык тады зусім буду смелы.

— Які замуж? — як здзівілася Ірына Васільеўна, але адчула, як соладка тахнула яе сэрца...

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

ЗІМА І ВЯСНА

1...

Пад канец лютага пачало нарэшце па-добраму выглядаць на зіму: насыпала многа снегу, разгулялася мяцеліца. Яна, ветраная і калючая, накруціла гурбы ля платоў, прымушала тоненька і сіратліва звінець шыбы ў вокнах, сумна гудзець драты, прымушала адчайна і самотна спяваць расшчэпленыя частаколіны ў плоце і ўсё несла, гнала аднекуль белы чысты снег, прыпыняла яго ля будынін.

Калі аднаго дня мяцеліца супакоілася, збегла за лясы, на дварэ паспакайнела, выяснілася і ўзяўся люты мароз. Ужо добра ён падхапіўся к вечару, пашчыпваў, а ноччу раз'ярыўся — бязлітасна пёк, выбеліў усё інеем, ляскаў у вуглах і плоце.

Шыбы акоп за першую ж такую марозную ноч замерзлі, абраслі тоўстым, на палец, слоем снегу, ад чаго доўга і днём было цёмна ў хаце. Раніцай, пры ўсходзе сонца, пры чырвоным небакраі, мароз зусім лютаваў; днём ярка і ўжо даволі цёпла свяціла нізкае сонейка, ад святла якога балюча для вачэй іскрыўся снег, у зацішку ўгравала, і там пакрысе адтаваў снег, капаў долу нясмелымі, нягучнымі кропелькамі. К вечару, калі сонца зніжалася, холадна чырванелася, гэтыя кропелькі прымярзалі і звісалі маленькімі і тоненькімі лядзяшкамі.

Адным з такіх апошніх дзён лютага, дзён светлых і цёплых, калі вельмі хацелася выйсці з будынка на двор і пастаяць там, у Міланьскай школе быў прафсаюзны сход настаўнікаў. На сход гэты прыйшлі і госці — загадчык райана Давід Мойшавіч і Вертунова жонка.

Калі Павел адпусціў дзяцей дахаты і зайшоў у настаўніцкую, там ужо сядзелі амаль усе настаўнікі, Вертунова жонка — даволі яшчэ маладая, намнога, здаецца, маладзейшая за мужа, але бледная на дробненькім сімпатычным твары, у чорнай сукенцы і ў цёплых валёнках — і Давід Мойшавіч, ужо з рэдкаю сівізною на чорнавалосай галаве, з папаўнелым тварам.

Васілец убачыў: Вертунова жонка, самкнуўшы тонкія, амаль бяскроўныя вусны, сядзіць моўчкі, а Давід Мойшавіч усміхаўся, гаворачы з настаўнікамі.

«Арыгінальны чалавек,— падумаў Васілец пра Давіда Мойшавіча.— Нібы з жартам праверыў нашы планы, класныя журналы, дырэктаравы дакументы, нібы з жартам за нешта пахваліў, за нешта папікнуў... Але ўсё тое не на жарт запомнілася... А вось цяпер зноў жартуе, гаворачы пра жыццё-быццё...»

Іван Сямёнавіч гэтаксама ўсміхаўся, але сам маўчаў, уважліва слухаў ды пазіраў на сваіх настаўнікаў, як гаварыў гэтым позіркам: ну, пакажыце, мілыя калегі, што і мы тут нечага вартыя, вышэй трымайце галовы!

«Няма, на вялікі жаль, Алеся Трахімавіча,— прысеўшы на канапе, зноў падумаў сам сабе Васілец;.— Зноў, бедны, трапіў у бальніцу. З інфарктам. Стаяў пазаўчора ў восьмым класе ля дошкі, гаварыў з вучнем, памагаючы таму разабрацца, дзе і якія знакі прыпынку ставіць, пасля раптоўна паваліўся... Яшчэ і сёння, як казала раніцай цёця Галя — а яна ўсю ноч сядзела пры ім,— у беспрытомнасці... Можа, і таму — што для школы такое гора — удвайне непрыемна, што зараз будзе такая размова на прафкоме: будзе разбірацца заява Вертуновай жонкі... Таму вось усе нібы і адказваюць на жарты Давіда Мойшавіча, але іхнія жарты нейкія невясёлыя...»

Вінаваты — Вяртун — сядзеў на сваім звычайным месцы, ля самага дырэктарскага стала. На дырэктарскім крэсле цяпер сядзеў Давід Мойшавіч (Іван Сямёнавіч сядзеў збоку, пад раскладам, дзе любіў сядзець ён, Васілец). Вяртун маўчаў, чырванеў і назіраў лявей раскладу ў белую сцяну. Хваляваўся: вось усё ярчэй пачалі выступаць на шчоках чырвоныя пляміны, лоб пацеў, цяжкім, вінаватым і сарамлівым быў яго позірк. Неяк злямчана выглядалі яго кароценькія, амаль толькі ля вушэй, рыжаватыя валасы, вышэй, чым звычайна, глыбеліся залысіны.