Гаварыла Таццяна Сяргееўна. Васілец прыслухаўся.
— Я лічу, што даўно пара ўжо (зводзіць не толькі пачатковыя, але і васьмігадовыя школы,— казала яна.— Усё ж найбольшая будучыня ў дзесяцігодак: у іх і лепшая база, і больш настаўнікаў. Ды важнае і тое, што там вучань відзён з першага класа да апошняга... Таму і кожны настаўнік можа больш шырэй убачыць плён сваёй працы, больш падумаць...
— Будзе некалі так, як вы гаворыце,— адказаў ёй Давід Мойшавіч.— Ну, што ж, бачу, настрой у вас рабочы, здаровы. Гэта добра. Калі ўсе сабраліся, то давайце пачнём гаворку і пра тое, пра што не хацелася б гаварыць...— і дапытліва зірнуў на Вертуна.
Той апусціў галаву, удыхнуў шмат паветра, увабраўшы шчокі, пасля ціхенька выдыхнуў і закрыў вочы кулакамі. На руках, здаецца, уздрыгвалі сінія жылкі. А можа, гэтыя жылкі і не ўздрыгвалі, толькі больш пасінелі. Тут жа Вертуновы залысіны і кончыкі вушэй пачалі налівацца чырванню.
Падняўся Сліж — старшыня мясцкома школы.
— Вось сабраліся ўсе нашы настаўнікі...— пачаў ён, надта ненатуральна мякка вымаўляючы зычныя.— Хто за тое, каб адкрыць наш сход? Усе. Тады пяройдзем да дзела. На парадку дня ў нас адно пытанне: разгляд заявы жонкі настаўніка Вертуна Міхася Рыгоравіча. У ёй скарга, што Міхась Рыгоравіч шмат п'е, ганьбіць гонар настаўніка, сям'і... Але я лешн во прачытаю заяву...
Прачытаў. Усе настаўнікі, апусціўшы галовы, слухалі. Міхась Рыгоравіч яшчэ ніжэй угнуў галаву.
— Вось...— потым Сліж, гэтаксама чырванеючы, зірнуў на ўсіх. — Давайце выказваць усе свае думкі. Хто першы? Можа, яшчэ паслухаем Вяртун Марыю Паўлаўну? — і зірнуў на Давіда Мойшавіча — ці так ён наводзіцца? Але той нават не міргнуў, пазіраў на Вертунову жонку.
— Што я яшчэ скажу? — тоненька, як дзяціным голасам, падняўшыся, прамовіла тая. Яшчэ больш пабялела.— Я ўсё напісала. Напісала не ад дабра... Раней быў як чалавек — дзяцей адвучыць, дадому ідзе. Калі пойдзе і на якую гулянку, дык і там быў як чалавек... А вот гэтыя дзесяць гадоў змяніўся... улёг да гарэлкі... Потым па хатах ходзіць, нейкія свае крыўды спраўджвае, нейкую праўду шукае...
«Праўду шукае...— надумаў Васілец.— Вось тут, мусіць, і адгадка Вертуновых такіх паводзін? Гэта, як я разумею, добра., што праўду чалавек шукае, але вось гора — што праз гарэлку...»
— І працавіты, і школу любіць, і сям'ю глядзіць, калі цвярозы, але во гарэлка губіць... Адна я не перамяню яго...— і яна ўсхліпнула, зусім растрывожыўшы гэтым настаўнікаў.
Села на крэсла і выцерла шчокі хусткаю, паміргала вачыма і зірнула на ўсіх, але неяк невідушча, з клопатам, які цяпер зусім не сароміў яе.
— Вы працуеце дзе? — спытаў загадчык.
— Не,— адказала яна.— Дзіця малое...
— Міхась Рыгоравіч аддае вам палучку?— зноў спытаў загадчык.
— Не ўсю...
Міхась Рыгоравіч незадаволена зірнуў на жонку, але нічога не сказаў, толькі іранічна ўсміхнуўся і паківаў галавою, прыплюшчыў і так вузенькія вочы і зноў зірнуў на плакат.
— Гаварыце, таварышы, вы ж болей ведаеце,— сказаў Давід Мойшавіч.— Бо мы ўжо — райана — будзем не толькі гаварыць, але і прымаць меры... Для настаўніка такія факты недапушчальныя... Канечне, і настаўнік чалавек, на зямлі жыве, сярод людзей, але ён — настаўнік... Выхавацель...
«Відаць, трэба і мне выступіць...— падумаў Васілец.— Але што сказаць свайму завучу, калегу, старэйшаму чалавеку? Горкую праўду? Але ці маю я на гэта права? Ды я і не ведаю яе, тую праўду. Бо не ведаю, як жыў Вяртун у вайну, пасля вайны, як ступіў на гэту сцежку любіцеля чаркі і чаму ступіў... А толькі асуджаць яго — відаць, гэта не зусім справядліва? Тут трэба разабрацца. Усе маўчаць. Але ж некаму трэба і пачынаць. Усім, відаць, цяжка...»
— Тады я першы пачну...— пачуўся строгі голас Івана Сямёнавіча, у якім ён пачуў папрок ім, настаўнікам, і папрок асабіста яму, Паўлу.— Факт гэты, канечне, непрыемны, для настаўніка зусім нягожы. Але ён, на жаль, ёсць... Я даўно, з дзяцінства, ведаю Міхася Рыгоравіча, ваяваў разам з ім, многа ўжо разам настаўнічаю... Настаўнік ён сумленны, вучыць, як ведае. Як завуч... Але сёння не пра гэта гаворка, цяпер размова пра яго рысы характару і паводзіны... Вось адна з гэтых рыс — слабая воля, бескантрольнасць — і шкодзіць яму... Міхась Рыгоравіч павінен перш за ўсё сам узяць сябе ў рукі, кантраляваць свае ўчынкі, стрымліваць сябе... А каб ён думаў пра гэта, я прапаную аб'явіць яму строгую вымову. Калі ж гэта будзе паўтарацца, перададзім яго справу ў райана...
— Будзе...— сказала Вертунова жонка,— Ён мне ўжо тысячы разоў абяцаў, што не будзе піць... А як узяў адну чарку — то і забывае пра абяцанні...