— А што вы скажаце, Міхась Рыгоравіч? — спытаў Давід Мойшавіч, пагладзіў пальцам свой востры нос, паглядзеў на гадзіннік, а пасля і ў акно — там, за плотам, стаяла яго «Волга».
— Працую ў школе, як умею...— саромеючыся, яшчэ гусцей заліваючыся чырванню, прамовіў той.— Ну, бывае, калі вып'ю, а яна крыку наробіць...
— Бывае...— перакрывіла яго жонка.— Ты ўжо не можаш без яе...
— Як табе не брыдка! — з гневам пазіраючы на яе, вымавіў Міхась Рыгоравіч.— І сябе і мяне на ўвесь раён славіш... Чарку возьмеш калі, як і трэба,— а ты ў крык...
— Давайце па-дзелавому, таварышы,— папрасіў Давід Мойшавіч,— без... Як вы, Міхась Рыгоравіч, самі далей гледзіце на гэта, на сваю слабую волю да... да гарэлкі?
— Можа, не кіну, але пастараюся трымаць сябе ў руках...— буркнуў той, зноў апускаючы галаву.
Яго жонка на гэта іранічна ўсміхнулася, гучна цмокнула, недаверліва пакруціла галавою.
— Хто яшчэ выступіць? — спытаў Давід Мойшавіч, пазіраючы на маладых настаўнікаў.— Так, крытыка ў вас тут не на ўзроўні!.. Па сваім вопыце ведаю: дзе няма крытыкі і самакрытыкі, там будуць згодніцтва і абыякавасць, кулуарныя размовы...
Міхасю Рыгоравічу аб'явілі строгую вымову, за што ўсе галасавалі аднагалосна.
— Не паможа гэта яму,— паднялася і сказала Вертунова жонка,— няма ў яго характару адмовіцца ад гэтай халеры... Бесхарактарны ён,— надзела паліто, развіталася і падалася з настаўніцкай.
— Будзем верыць, Міхась Рыгоравіч, у вашую волю,— прамовіў Давід Мойшавіч і папрасіў дазволу ў жанчын закурыць; як прыпаліў цыгарэту, глыбока зацягнуўся і набраў шмат дыму, пасля тоненька выпусціў яго ўверх, каб ён сцягнуўся ў адчынены люфцік.— Многа, Іван Сямёнавіч, у вас дзяўчат, і ўсе такія прыгожыя...
— Выдаём замуж пакрысе іх,— усміхнуўся і Рагатка.— Мая Сцяпанаўна першая асмелілася тут застацца, выйсці ва тутэйшага, за ёю Міхаіл Апанасавіч узяў тутэйшую, і вось нядаўна выйшла замуж Ірына Васільеўна. У перспектыве яшчэ вяселлі будуць, а за імі і хрэсьбіны...
— Гэта добра,— усміхнуўся Давід Мойшавіч, прыязна пазіраючы на Таццяну Сяргееўну,— Трэба, Іван Сямёнавіч, усіх тут маладых ажаніць ці замуж выдаць, каб затрымаць, мець свае вопытныя і добра падрыхтаваныя кадры...
— Многа нас, усім жаніхоў не хапае...— усміхнулася Таццяна Сяргееўна, какетліва пазіраючы на павесялелага загадчыка, які, відаць, вельмі любіў пажартаваць з жанчынамі.
Міхась Рыгоравіч маўчаў, як вады ў рот набраў. І гэта было непрывычна, бо ён ніколі не быў такім маўклівым і сумным, а заўсёды падтрымліваў любы жарт.
— Праз год-два ў вас будзе добры калектыў,— сказаў Давід Мойшавіч,— тады мы за вас возьмемся па-сапраўднаму. Прымусім вас скрануцца з сярэдзіна і пайсці ўверх... І вайну тройкам аб'явіць... Сілы ў вас ёсць, усе працуюць з ахвотаю і з уменнем — то зможаце дабіцца і лепшых вынікаў...
Іван Сямёнавіч, які іменна павінен быў нешта адказаць на гэта, пасміхаўся, пазіраючы на загадчыка, і маўчаў.
...Першыя падняліся і пачалі апранацца маладыя настаўніцы, па чарзе падыходзячы да невялікага люстэрка і гледзячыся ў яго, за імі, калі яны апрануліся і падаліся дахаты, пачалі апранацца Сліж і Павел. Моўчкі падышоў да вешалкі і Міхась Рыгоравіч, нейкі, як здавалася, вельмі невысокі, папаўнелы і пастарэлы ў гэтую хвіліну: цяжкаватай здавалася і пастава, і стомлена, з густымі маршчынамі, надта ў куточках вачэй, выглядаў і твар. Ён неяк зморана зняў з вешалкі сваё цяяекое доўгае паліто, усцягнуў яго, абы-як начапіў на шыю шалік, а на галаву стараватую вушанку і, не гледзячыся ў люстэрка, развітаўся.
— Пасядзі, Рыгоравіч,— сказаў Іван Сямёнавіч,— пагаворым яшчэ.
— Што гаварыць! — сумна і нехаця адказаў Вяртун, сказаў непрывычна ціха.
— Пераплывайце...— сказаў яму Давід Мойшавіч.— Гэта першая зарука, што ў вас усё пойдзе на лад... І кантралюйце сябе. Хто з нас, калі сказаць шчыра, зусім не ўжывае? Няма такіх, мусіць. Усе мы, калі трэба, чарку бяром, але... стараемся глядзець за сабою, лішне не даём галаве п'янець ды языку мянташыць...
— Прывязу я вам на днях заяву,— сказаў Вяртун, прыпыніўшыся ў дзвярах,— Не магу я пасля гэтага быць завучам...
— Не выдумляйце і не расслабляйцеся! — параіў Давід Мойшавіч.— Ва ўсякім разе, да канца навучальнага года выконвайце свае абавязкі. Гэта, калі хочаце, вам выпрабавальны тэрмін...
Міхась Рыгоравіч яшчэ раз развітаўся і самотна падаўся на калідор, услед за ім сабраліся выйсці, развітаўшыся, Сліж і ён, Васілец.
— Павел Мікалаевіч, застаньцеся,— папрасіў загадчык.