Выбрать главу

Павел вярнуўся, зняў шапку і сеў на канапе ля Івана Сямёнавіча.

— Я задаволены вашаю працаю, Павел Мікалаевіч,— сказаў Давід Мойшавіч, пазіраючы яму ў вочы,— Мне многа і Іван Сямёнавіч расказваў пра вас, і інспектары, якія былі тут перад Новым годам, і сам я многае тут убачыў. У рабоце са сваім класам вы праявілі сябе добрым арганізатарам.

Павел не чакаў такой гутаркі, збянтэжыўся, мусіць, пачырванеў, саромеўся зірнуць загадчыку ў вочы.

— Калі і паправіцца, дай бог, ваш цудоўны мовавед Алесь Трахімавіч, мы яго ўсё роўна прымусім пайсці адразу Я! на пенсію і шанаваць сваё здароўе,— гаварыў загадчык,— то вы ўжо становіцеся галоўным моваведам школы... Гэта ўжо рэальнасць. А як вы гледзіце на перспектыву, каб вас у новым навучальным годзе прыблізіць і да кіраўніцтва школай?

Павел яшчэ больш збянтэжыўся, апусціў долу галаву, пачаў разглядаць шапку.

— Не сакрэт, што Іван Сямёнавіч болей ужо, мусіць, думае пра пенсію,— як жартуючы, прамовіў Давід Мойшавіч,— ды і стаміўся накіроўваць навучальна-выхаваўчы працэс па-творчаму, за што вы, дарэчы, правільна крытыкавалі дырэкцыю школы на адным з педсаветаў, як я прачытаў у пратаколе... Іван Сямёнавіч — заслужаны чалавек, шмат зрабіў чаго ў вайну, да яе і пасля яе для школы... Але мець яму маладога, энергічнага, адукаванага завуча не шкодзіла б, як пасля лягчэй было б гэтаму завучу і быць дырэктарам... Вы разумееце мяне, Павел Мікалаевіч?

— Чаму ён не разумее? — не пакрыўджана, а спакойна адказаў за яго Іван Сямёнавіч.— Уся гэтая размова толькі на карысць. Стаміўся я, напрыклад, ці не стаміўся — гэта іншая справа, але і ў мяне хапае і другіх — у тым ліку і грамадскіх — абавязкаў, таму мне і нялёгка выбраць шмат часу для навучальна-выхаваўчай работы. Міхась Рыгоравіч не можа заглыбіцца, адчуць узровень кожнага настаўніка, паставіць перад ім праблему, бо ў яго і адукацыі для гэтага малавата, і прынцыповасці не хапае... А веды і старанне Паўла Мікалаевіча цяпер вельмі патрэбны ўсёй школе, і іменна на пасадзе завуча. Ён, можа, па маладосці ды па сціпласці гэтага не адчувае, а то і пабойваецца кіруючай пасады, але я, стары школьны воўк, бачу, што ён тут болей патрэбен. На першым часе памагаць буду...

— Ну, што вы скажаце, Павел Мікалаевіч? — запытаў загадчык, выслухаўшы дырэктара.— Згодны вы памагчы сваёй школе дамагчыся большых вынікаў?

— А хіба я цяпер не стараюся дзеля гэтага? — як пажартаваў Павел, вельмі шкадуючы, што завязалася такая размова: яму яшчэ не хацелася ніякіх пасад, хацелася навучыцца добра настаўнічаць, дабіцца, каб дзеці выдатна ведалі мову і літаратуру, любілі гэта, як любіць ён. Ды яшчэ ён ведаў, што тады, калі стане завучам, будзе нялёгка з Міхасём Рыгоравічам...— Я хацеў бы яшчэ папрацаваць настаўнікам.

— Скромнічае! — усміхнуўся Іван Сямёнавіч, з усмешкаю пазіраючы на жонку, якая моўчкі сядзела на крэсле ля вешалак.— Але будзе, дзе дзенецца! Мы вылучым, а райана зацвердзіць... На карысць жа школе.

— Будзем тады мець гэта на ўвазе,— сказаў Давід Мойшавіч, падняўся, падаў Паўлу невялікую, з тонкімі пальцамі, на адным з якіх зіхацеў шырокі пярсцёнак, руку, паціснуў, усміхнуўся, хітравата пазіраючы.— А вы гэта ўспрымайце як свой натуральны рост.

...Васілец, разгублены, нават крыху сумны ад нядаўняй гутаркі, выйшаў на сонечны двор, па якім моцны ветравей гнаў замець — расцярушаны, сыпучы белы снег, што шпарка бег, затрымліваўся ля кустоў, распаўзаўся. Замець гэта бегла хвалямі — адна за адной.

Павел, настаўляючы каўнер паліто і абцягваючы ўніз вушы пыжыкавай вушанкі, зморшчыўся ад холаду, што і пры сонцы пёк у шчокі, хацеў за школьнаю брамкаю павярнуць направа і пайсці на сваю кватэру, дзе ўжо жыла і Ірына Васільеўна, дзе ўжо яму трэ было, на добры толк, і не быць, як на міг зірнуў улева і — не быў рады, што зірнуў. Там, ля павароткі на вішнёўскую дарогу, ля школьнага плота, стаялі Вяртун і Сліж і размаўлялі. Ён хацеў паказаць ім, што не ўбачыў іх, пайсці сваёю дарогаю, але яго тут жа аклікнуў Міхась Рыгоравіч. Нічога не заставалася іншага, як павярнуцца і падысці да іх.

— Не ўцякайце, хлопцы, ад мяне,— прамовіў чырвоны ад холаду Вяртун.— Усё ж мы някепска дасюль жылі.

— Думаў ісці хутчэй ды сачыненні к заўтрашняму праверыць...— не зусім шчыра сказаў Павел, дакараючы сябе за гэта.

— Праверыш і да Ларысы яшчэ сходзіш,— сказаў Вяртун.— А цяпер давайце ўтрох пойдзем да мяне...

— Я не магу,— прамовіў Сліж і, крышку адвярнуўшыся, міргаў Паўлу, каб і не думаў ісці да Вертуна, каб не «звязваўся» з тым, бо пасля скажуць, што разам быў.— У мяне дзіця не зусім здаровае, ды Ніна... Самі ведаеце маю Ніну, гэтаксама назаўтра заяву прынясе...