— Баіцеся ўжо са мною і знацца,— пакрыўдзіўся Вяртун,— Як трапіў чалавек у бяду, дык і ўцякаеце прэч...
— Ну не...— апраўдваўся Уладзімір Пятровіч, крыху прысаромлены гэтымі словамі,— Я толькі, Міхась Рыгоравіч, хацеў сказаць, што вы павінны мяне разумець за сённяшняе. Вы ж разумееце, што не я назначыў гэты сход, вымову вам даў... Мяне выбралі, вось я і вёў... Каб крыху пазней заява паступіла, то я дацягнуў бы да лета, не разглядаў бы, як і раней... Мы ж, праўда, няблага дасюль жылі...— ён глядзеў то на Паўла, то на Вертуна, стараючыся ўбачыць, як яны слухаюць, што ён гаворыць.
— Не трэба, не змешвай адно з адным,— зморшчыўся, незадаволена сказаў Вяртун.— Ідзі, калі трэба, бо твае гэтыя суцяшэнні мяне яшчэ больш засмучаюць...
Сліж не пайшоў, як разгубіўся, што яму рабіць, але Міхась Рыгоравіч хутка падаў яму руку, сказаў:
— Мудрыш ты ўсё...— і ўзяў Васільца за локаць, прамовіўшы: — Хадзем, Павел Мікалаевіч, у цябе ж яшчэ няма ні жонкі, ні дзяцей, ні гаспадаркі...
Павел нехаця падаўся з ім, пакідаючы Сліжа ў нерашучасці.
— Знаеш, як мне цяпер дома...— сказаў Вяртун і, можа, першы раз у жыцці пры чалавеку сказаў пра яго праўду (Сліж быў блізка, за крокі два, і ўсё чуў) .— А Уладзімір Пятровіч во які... Хіба такое цяпер трэба яму гаварыць? Нашто апраўдвацца, старацца добранькім быць? Гэта ўжо не толькі хітрасць, а нешта і большае...
Гэтыя Вертуновы словы, мусіць, затрымалі Сліжа, і ён пайшоў у сваю Вішнёўку, можа, дакараючы сябе за тое, што, бадай, першы раз сказаў тое-сёе, добра не падумаўшы, а ці трэ было пра гэта гаварыць...
Вяртун і Павел падаліся міланьскаю вуліцаю да Сулы — недалёкай вёсачкі, у якой жыў Міхась Рыгоравіч.
— Цябе папрасілі застацца, каб угаварыць стаць на маё месца? — спытаў нечакана Вяртун, цяжка ідучы ў доўгім паліто, несучы пад пахаю тоўстую сумку, якая не зашпілялася.
Васілец аж разгубіўся: не ведаў, ці сказаць усю праўду і гэтым самым зусім адабраць у Міхася Рыгоравіча дух, надзею і веру, ці лепш змоўчаць, сказаць што-небудзь іншае — далёкае ад праўды,— што падвесяліла б яго.
— Ды не...— прамовіў ён няўпэўнена, каўзануўся на скізкай, выкатанай машынамі дарозе, і Міхась Рыгоравіч, каб не даць яму паваліцца, падхапіў пад руку,— Пытаў загадчык пра работу...
Ведаў, што, гаворачы так, можа, і суцяшае Вертуна, але самому было непрыемна, і перш за ўсё непрыемна, што не зусім смелы, можа, надта чуллівы, баіцца пакрыўдзіць сталага чалавека.
— Я напраўду падам сам заяву...— сказаў Міхась Рыгоравіч, пазіраючы ўперад, на дарогу, што выйшла з Міланек і вяла да нізкіх і густых альховых кустоў, за якімі бачыўся сасновы лес.— Думаеш, завучу лёгка? Не, не лёгка. Трэба адказваць за сябе, за працу настаўнікаў, за веды дзяцей... Трэба ўмець кіраваць — шмат чаго ведаць, адчуваць, што робіцца ў школе і на якім узроўні навучанне, папраўляць і падказваць, дзе трэба, і загадваць... А я ўжо, можа, і не спраўляюся з гэтым...
Васільцу зноў было няёмка: восенню яны з Ларысай крытыкавалі за гэта дырэкцыю, а цяпер Вяртун сам прызнаваў такія памылкі, але прызнаваў так, каб ён, Павел, цяпер яго суцешыў і неяк апраўдаў.
— Канечне, нялёгка працаваць завучам...— прамовіў Павел.— Як і дырэктарам. Дырэктарам нават і цяжэй, бо там яшчэ і матэрыяльная адказнасць.
Вяртун прамаўчаў, можа, перажываючы, што не пачуў падтрымкі, а можа, прыціх таму, што ўваходзілі ў яго Сулу — невялікую вёсачку, хаты якой стаялі абапал кароткай, з паўвярсты, вуліцы-дарогі. Хаты ўсе амаль былі новыя, са смолкага дрэва, з шырокімі вокнамі, выфарбаваныя, з дагледжанымі дварамі і новымі платамі. Амаль усё ў іх — вокны, шчыты, веранды, платы — было падобнае. Відаць, вяскоўцы прыглядаліся адзін да аднаго.
Вертунова хата рознілася ад суседскіх: была добра ўстоеная ўжо, з яшчэ ранейшай сціпласцю — з некалькімі вузкімі і невысокімі вокнамі, з простым, без ніякіх хітрыкаў, шчытом, нізкая, праўда, крышку падмалоджвалася ад таго, што была накрыта нядаўна шыферам. За ёю паблізу, пад адною страхою, з пачарнелаю і пазелянелаю дранкаю, стаяў хлеў, а пры ім гуменца і дрывотня.
— Пара новую ставіць,— сказаў Васілец,— адстаяце ад вёскі.
— Можа, некалі і пастаўлю, калі дзятва крыху паднімецца на ногі,— адказаў Міхась Рыгоравіч, адчыніў невысокую акуратную брамку, прапусціў яго ўперад на асфальтаваную сцежку, снег з якой быў скінуты і ляжаў за плотам, у гародчыку.
Ля невысокіх сянец стаялі санкі, і на іх — невялікая бочка. І санкі, і бочка былі абледзянелыя ад вады, якую, відаць, прывозілі з далёкага калодзежа Вертуновы вельмі працавітыя дзеці.
У сенцах лішняга нічога не было — цабэрчык пад бульбу, вядро, пустыя чыгуны, венік, рукамыйнік, за парогам ляжаў вузкі ходнічак, абапал якога жаўцела ад чысціні новая падлога. Васілец некалькі разоў ужо быў у Вертуна і заўсёды бачыў парадак і вялікую акуратнасць: вельмі глядзіць за гэтым гаспадыня, якая славіцца гаспадарлівасцю і чысцінёй на ўсю вёску.