У першай палавіне хаты, якая была і за залу, і за кухню, адразу справа стаяла пафарбаваная ў зялёны колер печ, злева, насупраць яе,— засланы новаю цыратаю стол, крыху правей ад яго, ля сцяны,— шафка на пасуду. Насупраць парога на століку, над якім на палічках ляжалі падручнікі, стаяў невялікі тэлевізар, яшчэ правей, ля самых дзвярэй у другую палавіну хаты,— канапа. У цеснай хатцы было вельмі чыста, акуратна і ўтульна. І, здаецца, пахла бярозавым лісцем.
На канапе сядзелі старэйшыя дзве дзяўчынкі і хлопчык — вучні, яшчэ адзін вучань — першакласнік — сядзеў на печы, звесіўшы ногі ў простых рудаватых панчохах, гэтаксама сядзела ўсё такая бледная, як была і ў школе, гаспадыня і карміла грудзямі маленькае, спавітае ў беленькія полкі, дзіця.
«Пятае»,— падумаў Павел, успамінаючы, як летам ён, толькі прыехаўшы ў Міланькі, сустрэўся з Вертуном ля школы, і той сказаў, што жонка яшчэ хутка родзіць і ён стане бацькам-героем.
Цяпер гэты бацька-герой адчуваў сябе вельмі няёмка перад жонкаю і дзецьмі, якія заціхлі, калі яны ўвайшлі, толькі ўсе хорам адказалі на Васільцова прывітанне.
Вяртун моўчкі распрануўся, кіўнуў, каб скідаў паліто і Павел, павесіў сваё, а тады і яго паліто на вешалку, што была ля дзвярэй у лепшую палавіну, прысеў ля дзяцей на канапе, уздыхнуў, надзімаючы поўныя шчокі, зноў моўчкі, толькі кіўком паказаў Паўлу садзіцца паблізу на крэсле.
Павел адчуў няёмкасць, што прыйшоў сюды, бачачы, што гаспадар і гаспадыня не гавораць, прыціхлі ад гэтага і дзеці.
Вяртун, стараючыся не пазіраць на жонку, загаварыў да дзяцей, якія сядзелі на канапе, папрасіў паказаць яму тыя дзіцячыя кнігі, што яны чыталі.
Гаспадыня паклікала большую дачку-шасцікласніцу на печ, перадала той дзіця, а сама спаўзла з ляжанкі, абула паношаныя, але акуратныя валёнкі і падалася да нечы. Па яе твары нават цяжка было здагадацца: была яна супраць таго, што прыйшоў ён, ці паглядзела на гэта зусім абыякава.
Яна заслала на прыпеку старую газету, дастала вілкамі з печы і паставіла на яе чыгунок, зняла з яго накрыўку. У хаце адразу запахла кіславатаю капустаю, распаранаю костачкаю з мясам; пах гэты яшчэ пабольшаў, калі гаспадыня наліла чарпаком капусту ў міскі, паставіла іх на стол і з місак нясмела пачала падымацца пара. Пасля гаспадыня дастала з печы патэльню смажанага сала з мясам і катлетамі, схадзіла ў сенцы, у кладоўку, і прынесла місачку цвёрдых зялёных гуркоў, тады адчыніла шафку і ўзяла пляшку, заткнутую папяровым коркам.
— Дзеці папалуднавалі ўжо, то сядайце, Павел Мікалаевіч, перакусіце,— нарэшце гаспадыня ўсміхнулася, і ад гэтага неяк знікла яе бледнасць, твар яе папрыгажэў.
— Не, дзякую,— адказаў ён.— Я палуднаваў у сталоўцы.
Можа, з'есці гарачага ды свежага ён не адмовіўся б, але калі ўбачыў пляшку, то вырашыў адмовіцца: добра была яшчэ на памяці сённяшняя гаворка пра шкоду гарэлкі, былі на памяці і Сліжавы намёкі, каб не піць разам з Вертуном...
— Сядайце, калі ласка,— яшчэ раз ветліва запрасіла яго гаспадыня, завёўшы дзяцей у другую палавіну.— Вы не думайце, што я вельмі ўжо сварлівая, ніколі не дам яму нават выпіць. Калі якія госці ці іншая ёсць патрэба дома або і на старане ўзяць чарку, то чаму няможна павесяліцца крыху? Можна. Ці не раз гавару, прынясі пляшку і дома выпі...
Міхась Рыгоравіч моўчкі падышоў да стала і сеў у парозе на столачак, нічога супраць жонкі не гаварыў, паспрабаваў толькі лыжкаю капусту, а пасля яшчэ падсаліў яе.
— А ён... Ды вы самі ведаеце, колькі і дзе ён бярэ...— гаварыла гаспадыня, адкаркавала пляшку, паліла ў чарку Паўлу, крыху сабе, а мужу не паліла, паставіла ля яго пляшку.— Вось праз гэта ў нас і сварка...
— Ды перастань! — незадаволена сказаў Вяртун.— Ты ўжо пра гэта і напісала, і сказала!
— Мае ўгаворы ды сваркі не памаглі, дык няхай людзі ведаюць, ратуюць дзецям бацьку...— бадай, першы раз сёння зірнула на яго жонка.— А для школы — настаўніка...
Ён не вытрымаў яе позірку, апусціў галаву і пачаў наліваць з пляшкі ў сваю чарку.
— За ваша здароўе і за ваша вяселле, каб не цягнулі яго больш! — усміхнулася гаспадыня, стукнулася толькі з Паўлаваю чаркаю, выпіла сваю кроплю, зморшчылася, прыкусіла скрылікам хлеба і катлетаю.
— Дзякую! — усміхнуўся і Павел.— І за лад у вашай хаце!