— Закусвай,— буркнуў Вяртун, беручы відэльцам кавалачак мяса, а другою рукою — агурок.— Усё гэта, браце, жыццё...
— Па-ўсякаму і жыць жа можна...— сказала яго жонка.— Ды і самому думаць, як жыць, як сям'ю, работу і сябе глядзець... А глядзець трэба на Алеся Трахімавіча, дай бог яму здароўечка...— сказала, папрасіла прабачыць і падалася да дзяцей.
— Давай яшчэ па адной! — як толькі жонка выйшла, махнуў рукою, загарэўся Міхась Рыгоравіч.— Не магу: на душы пагана...
— Не, я больш не буду,— сказаў Павел і паставіў сваю чарку на надаконнік.
— Малайчына, што можаш так стрымацца! — як пазайздросціў яму Міхась Рыгоравіч, добра пазіраючы на яго.— А я не раз не магу... Ты ведаеш, я і сам сябе не люблю за свой характар,— прызнаваўся ён, падышоўшы і сеўшы блізка ля Паўла, часта плюскаючы вузкімі вачыма і неяк задзіраючы вышэй кірпаты нос.— Бо благі ў мяне характар... Сам ведаеш... І я сам бачу, што вы, маладыя, не любіце, што я не магу сказаць чалавеку горкую праўду... Ну, не магу! — ён ляпнуў сябе па грудзіне.— Усё баюся пакрыўдзіць, быць благім... Вып'ю — тады я смелы, тады я ўсё скажу... Хоць і за выпіўку сябе не люблю. Вот баба мая гаварыла: выпівай дома. Ну якая, скажы ты мне, дома гулянка, які інтарэс піць аднаму? Ніякай ахвоты. А вось у кампаніі... А ў кампаніі я не магу стрымаць сябе. Ад таго і сям'і блага, і мне, і людзей сорамна... Не люблю сябе... А некалі,— ён яшчэ прыблізіўся да Паўла,— я ж і ў рот не браў. У партызанах і на вайне, пасля вайны доўга... А пасля працавалі тут усякія, уцягнуўся з імі — не п'ю, дык не п'ю, як выпіў, хачу піць...
— Вось у нас і ўся бяда, сварка праз гэта,— прачыніла дзверы і сказала гаспадыня.— Я ж не кажу, што ён сям'і, гаспадаркі не глядзіць, гультай які, а кажу пра гарэлку, якая нялад прыносіць...
— Яна і праўду кажа, дармо, што злосная, кіпятлівая вельмі...— ціха прамовіў Вяртун.— Хоць усяго і не разумее, крычыць многа. Абы-што — у крык... А і ў мяне ж ёсць душа, і мяне зразумець трэба...— ён плюснуў вачыма, зморшчыўся, і Павел адчуў, каб той выпіў яшчэ болей, то зараз мог бы і заплакаць.— Ты працавіты і сумленны, і я цябе паважаю, бо сам такі, бо не хітрую, як наш адзін малады калега, а раблю, як умею...— ён паклаў Паўлу руку на плячо.— Раней, праўда, я думаў: вось пойдзе Рагатка на пенсію, і я стану дырэктарам... А цяпер бачу, што ты станеш хутка завучам, а пасля і дырэктарам, бо ў мяне і адукацыі, ведаў мала, аўтарытэту няма... Павер, бывае, што за год ніводнай новай кніжкі не прачытаю. То часу няма, то, павер, і ахвоты. Газеты, тэлевізар, чарка... А ты стараешся, шукаеш і знаходзіш. Хоць нялёгка і табе будзе кіраваць: вельмі яе сумленны ты ды сарамлівы... А на пасадзе дырэктара ці завуча, сам адчуваеш, трэба быць строгім, паважным. А я, напрыклад... Я прывык змоладу, што нехта больш за мяне ведае, больш смелы, загадвае, а я мушу толькі выконваць, слухаць усіх. Так што старайся змоладу пераламаць сваю нерашучасць, калі хочаш быць кіраўніком.
— Ды што вы ўсё пра гэта кіраванне,— сказаў Павел,— зусім яшчэ не трэба яно мне!
— У перспектыве ўсё будзе,— паківаў галавою Міхась Рыгоравіч.— Толькі я, амаль пяцідзесяцігадовы ўжо дзяцюк, ненавідзячы сябе, падкажу: будзь смелы, пераламі сябе і будзь праўдзівы, такі, якім ты хочаш быць. Не адступайся. Адступіш раз — адступіш і другі. Людзі паважаць не будуць, самому будзе непрыемна... Будзь прынцыповы і праўдзівы...
— Вы ўсё роўна як спісваеце сябе...— сказаў Павел.
— Мне ўжо цяжка перамагчы сябе...— прызнаўся той.— Бо я ўжо шмат чаго ведаю і прывык... І да мяне прывыклі такога...— ён прыплюшчыў вочы і зірнуў у акно.— Хоць мне заўсёды хочацца быць толькі шчырым і сумленным, рашучым, жыць і працаваць высакародна, каб і пра мяне сказалі, як пра Алеся Трахімавіча. Але ж ведаю і сам: так не скажуць, бо я не такі... Вось і апускаюцца рукі, ападае душа... А вып'ю — зноў пад'ем...
«Усё ж як кепска ведаў я дагэтуль Вертуна,— слухаючы гаспадара, думаў Васілец.— Цікавы і супярэчлівы ён чалавек... І нам яшчэ шмат з ім разам працаваць, дык, відаць, наперадзе шмат яшчэ чаго будзе і новага, нечаканага...»
2...
З цяжкім чамаданам Васілец ішоў позна ўвечары па Міланьках. Ішоў да Ларысы.
«Аж непрывычна неяк,— думаў, усміхаўся сам сабе.— Іду не як калега, сябра, а як муж. З учарашняга вечара мы з Ларысаю ўжо муж і жонка... Учора было наша вяселле. Праўда, гэта было не гэтакае вялікае і пышнае гульбішча, як у Маі Сцяпанаўны ды Ірыны Васільеўны, а сціплы вечар... Сабраліся настаўнікі, блізкія родныя, нагулялі ў школьнай сталовай учора ноч, сёння крыху, і вось гулянка скончылася. Іду да Ларысы. Пачынаць новае, сямейнае, жыццё...»