Павел, падышоўшы да Ларысінай кватэры, абмацаў у сенцах знаёмую клямку, адчыніў дзверы і зайшоў у светлую вялікую кухню.
Ля стала, каля акна, сядзелі старыя гаспадары, сын з жонкаю, а на іх каленях — двое маленькіх дзяцей. Тут жа сядзела і Ларыса — ужо ў паліто, у ботах і ў шапачцы. Ля яе на падлозе ляжаў вялікі клунак — увесь Ларысін скарб.
Гаспадары, старыя і маладыя, зірнулі на Васільца з усмешкаю, а Ларыса — з нейкім збянтэжаннем і сарамлівасцю.
— Ну, Дзякую вам за ўсё,— Ларыса паднялася і падала руку гаспадыні.
— Пачакай, маладзічка, так нягожа! — усміхнулася старая кабета.— Каб вам добра жылося і вялося, то трэба па кілішачку...
Падбегла да паліцы, пачала даставаць пітво і закусь. Паднялася і нявестка — прынесла на стол пасуду, кілішкі.
Гаспадар напоўніў чаркі.
— Ну, жывеце багата і дзяцей багата майце! — усміхнуўся гаспадар і падняў чарку.
— Дзякуем,— усміхнуўшыся, лічы, у адзін голас адказалі Павел і Ларыса.
Усе выпілі. Пачалі закусваць.
— Канечне, цяжка вам будзе,— сказала нявестка.— Вот Мая Сцяпанаўна і Ірына Васільеўна ў добрыя дамы нявесткамі пайшлі, на ўсё гатовае, а вы...
— Абы здароўе было ды любасць адно да аднаго мелі,— сказала на гэта гаспадыня,— а астатняе ўсё нажывецца.
— Ну, яшчэ раз за ўсё дзякую,— пасля сказала Ларыса.— Будзьце ўсе здаровыя.
Усе пачалі цалавацца. Жанчыны ўсхліпнулі.
Павел узяў клунак, ускінуў яго на плячо, падхапіў свой чамадан, Ларыса гэтаксама ўзяла ў адну руку чамадан, у другую напакаваную сумку, і яны падаліся на двор. Гаспадары — за імі. На дварэ яшчэ раз — толькі ўжо без абдымкаў — развіталіся, пажадалі адны адным дабра і разышліся.
Павел гэтаксама расчуліўся: толькі што вось так з ім развітвалася сям'я цёці Ядзі, вось так усміхаліся мужчыны і плакалі жанчыны.
На заснежаным ціхім дварэ пад яркім, але халодным месячным святлом сінеўся снег, пабліскваў маленькімі іскрамі, адбіваў цені ад хат і хлявоў. Вуліца была цвёрдая і гладкая, выезджаная машынамі, таму цяпер блішчала, як лязо нажа. Хрумстка рыпеў пад нагамі снег.
Павел ішоў па дарозе і бачыў, што Ларыса ўсё яшчэ плача, а каб ёй не бачыў гэтага, не ставіць сумкі долу і не выцірае слёз, а прыхінае твар да пышнага чорна-бурага каўняра — то ў адзін бок, то ў другі. Але ўсё роўна не магла ўсяго схаваць: былі відаць крышку прыпухлыя вочы і вільготныя шчокі.
— Ну, не трэба, дарагая,— сказаў расчулена Павел.— Мы ідзём на сваю кватэру і нарэшце будзем разам! Хіба мы мала марылі пра гэта? Не чакалі гэтага дня?
Ларыса маўчала, але, здаецца, пакрыху спакайнела, пазірала наперад, дзе выехала ля школы, з вішнёўскай дарогі, і павярнула сюды машына, засвяціла фарамі і яшчэ здалёку асляпіла вочы.
Паўлу не хацелася сустракацца з машынаю: яны наўмысна ішлі на кватэру позна, каб ніхто з людзей не бачыў іх. Уся вёска, канечне, ведала, што яны адгулялі вяселле, але ўсё ж чамусьці не было ахвоты цягнуцца з клункамі днём, быць ва ўсіх на воку.
Яны сышлі з дарогі, ступілі на абочыну ў нечыя глыбокія сляды; шафёр праехаў ля іх і не адазваўся — ні словам, ні сігналам,— пабраўся на горку, ад чаго матор загурчаў мацней ды гусцей пацягнуўся следам дым. І гэта Паўла неяк крышку пакрыўдзіла: яму здавалася, што і ўсе павінны адчуваць, які ў іх з Ларысаю сёння дзень. Толькі гэта мусіць быць ва ўсіх у галаве!..
«Вось мы даўно ўжо імкнуліся да гэтай хвіліны...— думаў Васілец.— Але куды іменна мы цяпер ідзём? Што нас чакае наперадзе? У чужой хаце...»
Раней неяк пра гэта думалася мала: хацелася быць разам. А вось цяпер прыйшла і насцярога.
Ён заплюшчыў вочы. І ўбачыў тое, што сёння стаяла ў вачах увесь дзень — Ларысу ў белай сукенцы і ў вэлюме, сябе ў чорным касцюме. Здаецца, зноў пачуў смех, песні, звон кілішкаў, зноў пачуў крыкі: «Гор-ка! Гор-ка!»
«Але і здзівіла ўчора Таццяна Сяргееўна!.. Як ужо заканчвалася гулянка, дык нам з Ларысаю пачалі даваць падарункі. Калі падышла Таццяна Сяргееўна і зірнула неяк прыжмурыўшыся, я так і адчуў: нешта зараз будзе не так... Яна ж сказала: «Ну што ж, жывіце, калі вас звёў лёс!» Паклала падарунак, пацалавала Ларысу ў шчокі, а пасля абхапіла мяне за шыю, моцна сціснула і пачала цалаваць. Я збянтэжыўся: занадта доўга Таццяна Сяргееўна цалавала мяне. Адчуваў: гэта бачаць і настаўнікі, і Ларыса, і нашы сваякі. І ўсё выратавала Ларыса: яна прыхілілася да нас, абняла і мяне, і Таццяну Сяргееўну. І ўсе, відаць, палічылі гэта за праяву вялікага сяброўства, шчырасці, запляскалі ў далоні, а музыканты яшчэ раз зайгралі... Потым, калі Таццяна Сяргееўна адышлася, села на сваё месца, я адзін раз кінуў на яе позірк і ўбачыў: у яе вачах былі слёзы...»