Ларыса, якая гэтаксама зняла толькі паліто, засталася ў ботах і шапачцы ды шарсцяной чырвонай сукенцы, адчыніла сумку, дастала з яе пляшку віна і загорнутую ў газету ежу — яшчэ вясельныя хлеб, каўбасу, катлеты, гуркі.
— Замочым наша кватаранцтва! — усміхнулася яна, разлажыла ўсё гэта на газеце на стале.
Гаспадыня, усё яшчэ хмурная, з насунутымі на вочы лахматымі бровамі, з вялікім носам і вузкім падбародкам, моўчкі распранулася, ускінула сваю тоўстую ватоўку на печ, засталася ў валёнках, ватных штанах, спадніцы і цёплым світэры ды хустцы, падышла да паліцы і дастала адтуль шклянкі, з прыпечка — старыя, пачарнелыя відэльцы, зубкі ў якіх былі не ўсе.
— Ну, за ўсё добрае! — наліўшы ў шклянкі віна, сказаў Павел, хочучы неяк падвесяліць хмурную гаспадыню.
Тая моўчкі выпіла, узяла рукою кавалак хлеба, катлеціну і пачала закусваць. Павел і Ларыса зусім не хацелі есці, то не дакрануліся нават да ежы.
Ларыса паднялася са столака, адчыніла чамадан, узяла невялічкі пакуначак, што ляжаў зверху, і падала яго гаспадыні.
— Гэта вам, цёця,— мякка сказала яна.— Шыйце Што і насіце на здароўе!
Тая выцерла аб ватовікі рукі, узяла падарунак, разгарнула белую паперу і, усё яшчэ едучы, паглядзела на адрэз шарсцянога матэрыялу, разгледзела яго на два бакі, памацала пальцамі і зірнула нават праз яго на святло. Не ўсміхнулася, нічога не сказала, але відаць было, як падняліся крышачку ўверх яе бровы — і з твару прапала ранейшая насупленасць, у вачах гэтаксама з'явілася нейкае цяпло.
— Тут болей, як на сукенку,— нарэшце лагодна сказала Анця,— яшчэ і застанецца...— і ў гэтых словах, мусіць, была і яе падзяка.
— Дык нам можна раскладацца? — спытала ў яе крыху павесялелая Ларыса.
— Дык ідзіце,— сказала гаспадыня, кіўнуўшы на лепшую палавіну хаты.
Ларыса падняла клунак, пхнула ім у другую палавіну хаты дзверы. Следам за ёю, несучы два чамаданы, падаўся Павел, падаўся першы раз у гэты пакой. Адразу адчуў, што ў ім вельмі холадна, хоць справа, ля печы, і бачылася высакаватая белая грубка.
За імі зайшла гаспадыня, запаліла святло — гэтакую ж, як і на кухні, маленькую матавую лямпачку.
Пакойчык быў невялікі і вельмі сціплы. Стол у кутку, насупраць, правей ад яго, драўляны ложак, чыста засланы, за ім, у другім кутку,— куфэрчык, на якім вісеў вялікі замок, і справа, за грубкаю, бачыўся вузенькі тапчанчык, засланы саматканаю дзяружкаю.
Анця моўчкі падышла да драўлянага ложка, згарнула з яго тры высокія падушкі ў белых наўлечках, жаўтаватае пакрывала і белае прасцірадла, даючы ўжо ім гэты ложак у карыстанне.
— Дзякую,— сказала Ларыса і пачала выкладаць на матрац свой скарб — сваё адзенне і яшчэ раней, у дзяўчатах, прыдбаную пасцель.
— І з гэтага вы жыць пачынаць будзеце? — нечакана запытала гаспадыня, якая стаяла побач.— З чамаданчыкамі ў руках?
— З гэтага, цёця,— усміхнулася Ларыса.— Астатняе нажывём, абы здароўе было.
— Можа, і нажывяце,— прамовіла Анця.— Але вялікую смеласць маеце сыходзіцца: ні двара ні кала няма... Бусенькі ўсё ды бусенькі, а ў руках нічагусенькі...
Павел здзіўлена зірнуў на яе, адчуўшы, што гаспадыня не такая ўжо простая, маўклівая ды неразборлівая ад адзіноты, як ён дасюль думаў: выходзіць, яна і разважлівая.
— Можа, і халаднавата...— сказала гаспадыня, перавёўшы гутарку, бачачы, што яны нічога ёй не адказалі на яе прымаўку.— Я тут мала бываю, больш на печы сяджу. Адна жыву, то многа дроў не маю. Няма каму памагчы... Захочаце, каб цёпла было, то самі выпісвайце дровы: сельсавет усім настаўнікам дровы дае і за свет плаціць...
— Выпішам,— сказаў Павел.
— Ну, глядзеце хаты,— прамовіла гаспадыня і падалася на кухню.
Ларыса прыпынілася, зірнула на яго, уздыхнула і паківала галавою: маўляў, куды мы толькі трапілі! Канечне, і ёй, і яму, калі жылі дасюль у такой лагодзе, было непрывычна, што трапілі ў такую хацінку да такой гаспадыні...
Павел гэтаксама зірнуў на яе, усміхаўся, хацеў позіркам суцешыць: нічога, будзем жыць! Наблізіўся, і яна ўгадала яго гэтае імкненне, гэтаксама наблізілася, падставіла вусны, пацалавала, а пасля зноў клапатліва пачала тупаць ля ложка — чапляла на вешалкі свае спадніцы і сукенкі, паліто, вешала іх на білы з бакоў ложка. Білы былі нізка, і адзенне абвісала на старую, падгнілаватую падлогу.
Павел падумаў, што трэ будзе заўтра ж зрабіць вешалкі, прыбіць іх тут на сцяне: шафы няма, то прыйдзецца на іх вешаць адзенне.
Чамадан, у якім засталося яе дробнае адзенне, Ларыса засунула пад ложак. Паслала на матрац чысценькае белае прасцірадла, якое было складзенае дасюль, то на ім цяпер было відаць многа прамакутнікаў. Ларыса разгладжвала іх, выцягваючы рукі, нагіналася, крышку агаляючы стройныя высакаватыя ногі, пасля надзела на чырвоную коўдру белую, з белаю вышыўкаю пасярэдзіне нагортку, папрасіла Паўла ўзяць за рагі нагорткі і коўдры і памагчы распраміць. Як ён памог, падбіла падушкі, найперш надзеўшы на іх белыя наўлечкі, зірнула на яго, усміхнулася: